ДЭ́АК ((Deák) Ферэнц) (17.10.1803, с. Шэйцёр, медзье Зала, Венгрыя — 29.1.1876),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1833—47 адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі, якая падтрымлівала Л.Хошута. У 1848 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.​Бацяні. Пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі выступаў за пасіўнае супраціўленне Габсбургам. У 1861 лідэр парламенцкай т.зв. партыі петыцыі, якая выступала за аднаўленне рэв. законаў 1848 шляхам падачы прашэнняў Габсбургам. У 1865 заснаваў і ўзначаліў паліт. партыю (партыя Д.), якая адыграла вядучую ролю ў падрыхтоўцы і заключэнні аўстра-венг. пагаднення 1867.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА (Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),

зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.​А.​Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,

інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),

скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.​Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ», «Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»),

ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц. бел. гутарак.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),

удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.

У.​П.​Крук.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЦІС (Уладзімір Міхайлавіч) (6.7.1881, С.-Пецярбург — 22.8.1938),

савецкі военачальнік, камкор (1935). У арміі з 1899. Скончыў юнкерскае пях. вучылішча (1902). Удзельнік 1-й сусв. вайны, палкоўнік. З 1918 у Чырв. Арміі. Камандаваў 6-й, 8-й арміямі, Паўд. фронтам. У ліп. 1919 — крас. 1920 камандуючы Зах. фронтам. Увосень 1919 кіраваў контрнаступленнем па разгроме арміі Юдзеніча. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга (1919). У 1920—21 камандуючы Каўказскім фронтам. Пасля грамадз. вайны на адказных пасадах у Чырв. Арміі, у Наркамаце абароны СССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАГО́ЛЕЎ (Васіль Васілевіч) (4.3.1898, г. Калуга, Расія — 21.9.1947),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). У арміі з 1916. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на фронце, камандзір дывізіі, корпуса, камандуючы арміямі. Камандаваў 31-й арміяй, якая ў час Беларускай аперацыі 1944 прарвала абарону ворага пад Дуброўнам, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Гродна. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

В.В.Глаголеў.

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ,

часовы орган улады ў Гомелі ў снеж. 1918 — студз. 1919. Утворана 17.12.1918 на пасяджэнні гар. думы на ўзор Укр. дырэкторыі. Бальшавіцкая арг-цыя адмовілася падтрымаць Гомельскую дырэкторыю і стварыла Ваенна-рэв. к-т (ВРК). У склад Гомельскай дырэкторыі ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, Гомельскага с.-д. к-та Бунда, сацыялістаў-сіяністаў, гар. думы, Цэнтр. бюро прафсаюзаў і інш. Яе падтрымлівалі герм. акупац. ўлады. Пасля перагавораў сав. боку з герм. камандаваннем улада ў Гомелі 6.1.1919 перададзена ВРК. Гомельская дырэкторыя самаліквідавалася.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)