Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сеніца1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščerica ’яшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тва ’лёгка, без цяжкасцей’, ’зручна’ (Нас., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Сл. паўн.-зах.), ’добра’ (Сл. паўн.-зах.), ла́твы ’лёгкі, зроблены без перашкод, без цяжкасцей’ (Нас.), латве́й, лацве́й, лацьве́й ’лягчэй, лепш, выгадней, прыемней, ямчэй’ (Нас., Грыг., Шат., Мядзв., Гарэц., Касп., Янк. БП, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; шчуч., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал., Мат. Гом., Яруш., ТС, Сл. паўн.-зах.). З формы лацьвей развіліся: міёр. лацьвя (Нар. сл.), лацві ’лёгка, добра’ (Бяльк., Юрч. Фраз. 2), лацьвікі ’добра’ (Яўс.), пін. лацва ’парадак’ (КЭС). Ст.-бел. латвый (1588 г.) запазычана са ст.-польск. łatwy (Булыка, Запазыч., 185; Жураўскі, SlOr, 10 (1), 1961, 40; Карскі, Труды, 205; Кюнэ (Poln., 73). Слаўскі (5, 47) мяркуе, аднак, што ў адрозненне ад укр. латвий, літ. lãtvas ’лёгкі, выгодны’, бел. латвы з’яўляецца самастойным бел. утварэннем, роднасным да латацца ’лёгка атрымліваць, карыстацца чужым’. Паводле Слаўскага (4, 413), лексема latwy (< latvъ) найбліжэй стаіць да паўд.-слав.: славен. látiti se ’ўзяцца’, серб.-харв. ла̏тити ’схапіць, узяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лянок ’павіліца звычайная, Galium verum L.’ (гродз., Кіс.), лельч. лёно́к ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’, ц.-палес. лёно́к, лінок ’зоркаўка ланцэтападобная, Stellaria holostea L.’ (Бейл.) названы паводле падабенства сцябла з лісцем да льну, хаця матывацыя назваў застаецца не зусім яснай; лянок божы ’крапінец, Polygala L.’ (віл., Сл. ПЗБ) — паводле сіняватага колеру кветак і формы плоду — каробачкі, а прыметнік божы, магчыма, семантычная трансфармацыя польск. назвы крапіцца krzyżownica (krzyżownik, krzyzownia); ластоўчын лёнок ’казялец едкі, Ranunculus acer L.’ (пін., Бейл.) — назва, відаць, перайшла з казяльца пякучага (R. flammula), які пры дотыку да скуры выклікае яе пачырваненне накшталт вяснушак (параўн., драг. ластовэ́ньне ’вяснушкі’); польны лянок ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (гродз., Кіс.) — паводле падабенства лістоў да лісця льну. З гэтым жа коранем і славац. ľanovec ’тс’. Азначэнне польны з польск. polny ’палявы, дзікі, vulgaris’; лянок ’званочак раскідзісты, Campanula patula L.’ (гродз., Кіс.) — паводле каробачкі (плоду), якая нагадвае званочак. Да лён (гл.). Аналагічна ўкр. льонок ’зарніца звычайная’, ’лён слабіцельны’, рус. ленок ’зарніца’, ’грудніца звычайная, Linosyris vulgaris’, ’асака’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліцо ’твар, аблічча’ (Бяльк., Ян.; брасл., ушац., лепел., арш., крыч., капыл., пух., маз., хойн., КЭС; брасл., Сл. ПЗБ), лічка, лічэнька, лічанька ’тварык’ (Нас., Растарг.), ’правы бок тканіны’ (Уладз.), укр. лице, рус. лицо, ст.-рус. лице; польск. lice, н.-, в.-луж. lico, чэш. líce, líčko, ст.-чэш. яшчэ і líc, ходск. líce, lícata, славац. líce, líco, славен. líce, серб.-харв. ли́це, чак. лице̏, макед. лице, лици (мн. лік лицинта), лико, балг. лице, лико, ст.-слав. лице, личеса. Прасл. lice Якабсон (Этимология–84, 248–249) рэканструюе як *lin̥kam, а формы з заднянёбным (лико, ликъ) узыходзяць да праформы *leik‑ (без насавога інфікса). Мартынаў (Прасл. яз., X Міжнар. з’езд слав., Мн., 1988, 30–31) прасл. lice разглядае як слав.-прус. інавацыю (параўн., ст.-прус. laygnan < *leiknan), якая арыентавана на італійска-кельцкі арэал (параўн., ст.-ірл. lecco, ірл. leaca ’шчака’ < *lēk‑ < leik‑). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 495–496; Слаўскі, 4, 222–225; Махэк₂, 331; Бязлай, 2, 139; Мартынаў, Лекс. взаим., 213–217. Больш падрабязна гл. Трубачоў, Эт. сл., 15, 75–78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́цікі (нецеки) ’нечаканасць’: «Въ нецекахъ спужався. Ты усе нецёками подходзишъь (Нас.), нёцёкомъ ’нечакана, неспадзявана’ (там жа). Меркаванне пра зыходнае *нецівак < *ne‑сеи‑ък ’беспамяцтва’ (ад *čbvati, tujo, паводле Мяркулавай, Этимология–1977, 91), гл. знецікі, здаецца недастаткова пераканальным, параўн. думку Карскага (2–3, 69–70) пра адсутнасць формы на ‑къ, якая дала б магчымасць вытлумачыць віц. з(с) нетцийку ’ненарокам’. Можна параўнаць з польск. wnet, wnetki, у XVI ст. hnet, hnetki ’хутка, раптоўна’, якое Брукнер (627) выводзіць праз чэш. hnet з *inbgbdъ, гл. таксама Махэк₂, 213. Не выключана таксама мясцовае ўтварэнне ад цік ’памяць’ (параўн. слонім. na cik ’на памяць’: tabie na cik nie prychodzić Арх. Федар.), што добра ўзгадняецца з іншымі падобнымі ўтварэннямі са значэннем ’бяспамяцтва’ тыпу нячывіль (гл.), рус. нецевенье і інш. (параўн. Мяркулава, Этимология–1977, 90); тады зыходная форма была б + нецік або4*неціка. Відаць, не маюць да разгледжаных слоў непасрэдных адносін балг. нетеки/нетики ’ніж, чым’, пра якія пісала Ажахоўска (Prace Lingwistyczne, 32, 247–253: < тикъ/тикʼе ’толькі’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́стаўка ’птушка юрок, Fringilla montifringilla’ (рэч., Мат. Гом.). У іншых гаворках адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам не адзначана. Дакладны адпаведнік у рус. алан. калистовка ’птушка юрок’. Далей сюды ж алан. калистик ’тс’, пск., калист ’птушка бусел, Ciconia’, пецярб. ’ < ісопіа alba’. Статус бел. слова няясны; рус. лексема падтрымліваецца шэрагам паралелей і нельга выключыць магчымасці, што бел. слова трапіла з рус. гаворак. Адносна рус. можна выказаць меркаванне, што пск. лексема, магчыма, утворана з формы аист. Пры гэтым ‑л‑ перад ‑w‑ разумеецца як эпснтычны, ‑к‑ як нерэгулярная пратэза. Гэта меркаванне вельмі няпэўнае. Апрача таго, няясна, паводле якой матывацыі аб’яднаны назвай бусел і юрок. Не выключана, што тут іншамоўнае слова, і падобныя назвы гэтых птушак генетычна суадносяцца толькі на ўзроўні запазычання. Адносна бел. фіксацыі можна выказаць яшчэ і наступнае меркаванне. Калістаўка ’юрок’ падаецца як патэнцыяльна бел. слова ў інстр., П, пыт. 105: юрок. юр. вьюрок, калістаўка… Як відаць, форма вьюрок ужо не з’яўляецца ўласна беларускай; не выключана, што і калістаўка адлюстроўвае адпаведнае калистовка з вядомай працы Мензбіра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *k​uās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)