гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пн ад Калінкавіч, 22 км ад чыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс.ж. (1995).
У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял.Айч. вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.
Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГАРДЫ́ЗМ,
умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус.футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц.культуры.
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел.пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч.г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗНО́Ў (Васіль Васілевіч) (? — 12.3.1909),
бел. краязнавец, мастак і літограф. Скончыў Строганаўскае вучылішча (1862). З 1864 жыў у Вільні, выкладаў маляванне ў гімназіях. Даследаваў стараж.-рус. і бел. архітэктуру, матэрыяльную культуру і мастацтва. Сабраў унікальную калекцыю прадметаў бел.культуры і побыту. Навукова апісаў і замаляваў Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, замак у Лідзе, цэрквы-крэпасці ў Сынковічах Зэльвенскага і Мураванцы (Маламажэйкаве) Шчучынскага р-наў і інш. Многія малюнкі сталі ілюстрацыямі да кніг П.М.Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І.В.Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя св. князёў Барыса і Глеба ў г. Гродне», 1908), 3-га т. «Маляўнічай Расіі» (1892) і інш. У Эрмітажы (С.-Пецярбург) захоўваюцца яго літаграфіі (лісты з альбома) «Унутраны від... Прачысценскага сабора ў г. Вільна», «Унутраны від Нікольскай царквы ў г. Вільна», «Выява Лідскага замка 14 ст. і царквы часоў Альгерда ў Вільні» і інш.
Тв.:
О древних церквах Северо-Западного края // Известия о занятиях седьмого археологического съезда в Ярославле 6—20 авг. 1887 г. Ярославль, 1887. № 10;
Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродно. Вильна, 1893.
В.Гразноў. Сынковіцкая царква-крэпасць 2-я пал. 19 ст.
узнагароды Вярхоўнага Савета Беларусі. Упершыню ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 20.11.1938. Палажэнне аб Ганаровай грамаце і Грамаце Вярх. Савета БССР зацверджана 30.10.1969. Паводле яго Прэзідыум Вярх. Савета БССР узнагароджваў Ганаровымі граматамі і Граматамі рабочых, калгаснікаў, служачых, інж.-тэхн. работнікаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва, ваеннаслужачых, а таксама прадпрыемствы, калгасы, установы і арг-цыі, прац. калектывы, вайсковыя часці і злучэнні, раёны, сельсаветы, гарады і інш. за поспехі ў развіцці нар. гаспадаркі, навукі і культуры, у вытв., навук. і грамадскай дзейнасці, высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы і інш. заслугі.
Прэзідыум Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь прыняў 2.8.1994 Пастанову і Палажэнне пра заснаванне Ганаровай Граматы Прэзідыума Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь і спыненне ў далейшым узнагароджання раней устаноўленымі граматамі Вярх. Савета. У адпаведнасці з Палажэннем Ганаровая грамата Прэзідыума з’яўлялася заахвочваннем за заслугі ў дзярж., гасп., сац.-культ. будаўніцтве і ўмацаванні абараназдольнасці Беларусі. Ганаровай граматай узнагароджваліся грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія не з’яўляліся яе грамадзянамі. Узнагароджанне праводзілася Прэзідыумам Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Са спыненнем дзейнасці Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь 27.11.1996 як форма ўзнагароды перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл.Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл.Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́НА (сцэн.псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар.арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел.тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял.сцэн.культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел.т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.
Літ.:
Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;
Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я МА́РКЕС ((García Márquez) Габрыэль) (н. 6.3.1928, г. Аракатака, Калумбія),
калумбійскі пісьменнік. Сваё жыццё звязаў з журналістыкай, што прадвызначыла вастрыню і кантрастнасць яго светаўспрымання, характар творчага почырку. З 1955 жыве па-за межамі Калумбіі (Еўропа, Венесуэла, Мексіка, Куба). Друкуецца з 1947 (аповесць «Трэцяя адмова», апавяданні). Вядомасць прынеслі раманы «Нядобры час» (1962), «Сто гадоў адзіноты» (1967), «Восень патрыярха» (1975), «Хроніка аб’яўленай смерці» (1981), «Каханне пад час чумы» (1985), «Генерал у сваім лабірынце» (1989). Аўтар аповесцей «Апалае лісце» (1955), «Палкоўніку ніхто не піша» (1958), зб. апавяданняў «Пахаванне Вялікай Мамы» (1962), кн. для дзяцей. Яго творы вызначаюцца адмысловым спалучэннем знешняй прастаты, жыццёвай насычанасці з ускладненымі асацыяцыямі, міфалагічнымі адсылкамі да глыбінных пластоў нац. і сусв.культуры. Выкарыстоўваючы нар. паэтыку, Гарсія Маркес у кожным творы вяртаецца да асэнсавання неацэннай каштоўнасці жыцця, самае вял. шчасце якога — у каханні, а трагедыя — у адзіноце. Нобелеўская прэмія 1982. На бел. мову творы Гарсія Маркеса перакладаў К.Шэрман.
Тв.:
Рус.пер. — Палая листва. М., 1972;
Осень патриарха. М., 1978;
Сто лет одиночества;
Полковнику никто не пишет. М., 1986;
Избр. произв.М., 1989.
Літ.:
Земсков В. Габриэль Гарсия Маркес: Очерк творчества. М., 1986.