ПАЛУБО́ТАК (Павел Лявонцьевіч) (каля 1660—29.12.1723),
украінскі дзярж. дзеяч. Чарнігаўскі палкоўнік у 1706—22. У Паўночную вайну 1700—21 П. і 3 інш. палкоўнікі адмовіліся перайсці разам з гетманам І.Мазепам на бок шведаў (1708) і захавалі вернасць Расіі. У 1722—23 наказны (часовы) гетман Левабярэжнай Украіны, дзе быў буйнейшым землеўласнікам. Узначаліў групоўку ўкр. старшыны, якая выступала за аднаўленне гетманства і ліквідацыю Маларасійскай калегіі. За гэта быў выкліканы ў Пецярбург, арыштаваны і пасля допытаў у Тайнай канцылярыі памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,
умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35°паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60°паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55°паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Мікалай Восіпавіч) (27.1. 1903, г. Гродна — 21.10.1960),
генерал-палкоўнік (1954). Скончыў акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Закаўказскім, 1-м, 2-м Укр., Забайкальскім франтах: нач. штаба ўмацаванага раёна, брыгады марской пяхоты, арміі, нач. аператыўнага аддзела, упраўлення штаба франтоў. Удзельнік абароны Кубані, бітвы за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Венскай, Пражскай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШКАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партызан 6-й Магілёўскай брыгады з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Пашкава Магілёўскага р-на 11.2.1943 у Вял.Айч. вайну. У вёсцы размяшчаўся ням. гарнізон з 53-м паліцэйскім батальёнам. Пасля папярэдняй падрыхтоўкі партызаны на чале з нач. штаба брыгады С.Г.Сідарэнкам-Салдаценкам праніклі ў размяшчэнне гарнізона, блакіравалі ўсе выхады з казармы, афіцэрскія будынкі, раззброілі салдат, знішчылі старшых афіцэраў, захапілі каравульнае памяшканне, шмат зброі, патронаў, медыкаментаў і інш. маёмасці. 180 салдат батальёна перайшлі да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),
старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст.н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПРАДКІ, вячоркі,
даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.М.Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯПІ́ЗМ (грэч. priapismos ад імя старажытнагрэч. бога ўрадлівасці Прыяпа),
стойкая эрэкцыя палавога члена, не звязаная з палавым узбуджэннем. Развіваецца пры захворваннях і траўмах палавога члена, нерв. сістэмы, некат. інфекцыях і інтаксікацыях. Суправаджаецца болем у пенісе, прамежнасці і вобласці крыжа. Часцей бывае пры лейкозах. Развіццё П. звязана з парушэннем адтоку крыві з кавернозных цел палавога члена ў выніку венознага трамбозу. Часта ўзнікае ў час палавога акта, пасля мочаспускання або дэфекацыі. Можа прывесці да імпатэнцыі. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУМІПО́Н АДУЛЬЯДЭ́Т, Рама IX (н. 5.12.1927, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША),
кароль Тайланда. Сын аднаго з прынцаў з каралеўскай дынастыі Чакры. Да 1945 жыў з бацькамі ў ЗША і Швецыі. У 1946 заняў прастол Тайланда пасля смерці свайго старэйшага брата. У 1950 каранаваўся каралём пад імем Рама IX. Прымае актыўны ўдзел у паліт. жыцці краіны, прыхільнік мадэрнізацыі на зах. ўзор, шмат зрабіў для ажыццяўлення рэформ, якія спрыялі хуткаму эканам. росту Тайланда і ўсталяванню ліберальнага парламенцкага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.