КАНСЭ́НСУС (ад лац. consensus згода, аднадушша, саўдзел),
1) адзінства поглядаў, меркаванняў, узаемная згода людзей. Неабходнасць дасягнення К. адзначалі заснавальнікі і прыхільнікі ідэі грамадзянскай супольнасці і грамадскага дагавору Т.Гобс, Д.Дзідро, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё, Ж.Ж.Русо і інш. Паводле Г.Гегеля, забеспячэнне ўзаемнага «прызнання» людзьмі адзін аднаго (аж да прымусовага К.) з’яўляецца найбольш агульнай умовай рэалізацыі магчымасцей грамадства. У процілегласць такому падыходу прадстаўнікі франц.
Асветніцтва, а потым Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі лічылі К. рацыянальна ўсвядомленай салідарнасцю, арган. уласцівасцю «нармальнага» сац.жыцця людзей. М.Вебер разглядаў К. не толькі як атрыбут «нармальнага» (ідэальнага) стану грамадства, але і як неад’емную характарыстыку любога грамадства, калі яно валодае элементарным парадкам, згодай — гармоніяй яго элементаў. Г.Тард, наадварот, выводзіў К. з псіхал. «законаў пераймання», а Г.Лебон — з пастуліраванага ім закону «духоўнага адзінства», што дзейнічае ў любым чалавечым калектыве. Паводле тэорыі традыцыяналізму (Ч.Морыс, А.Конт, Ф.Ніцшэ, М.Хайдэгер), К. звязаны з ажыццяўленнем прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», як спалучэння ў адзіным арганізме вялікай федэрацыі разнастайных аўтаномных супольнасцей (сямейных, прафес., этн., рэліг., рэгіянальных), кожная з якіх з’яўляецца прамежкавым звяном паміж індывідамі і дзяржавай. Аб радыкальным парушэнні грамадзянскага К. сведчаць грамадзянскія войны, рэвалюцыі, сац., рэліг. і міжнац. канфлікты.
2) Прыняцце рашэнняў або дагавораў на аснове агульнай згоды ўдзельнікаў. Метад К. прыняты ў шэрагу органаў ААН і інш.міжнар. арг-цый. Напр., прынцып К. выкарыстаны пры прыняцці кардынальных рашэнняў па міжнар. палітыцы на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975.
3) Дамоўленасць, згода наконт умоў ажыццяўлення якой.-н. аперацыі або дзейнасці, у якіх зацікаўлены некалькі бакоў (напр., дагавор куплі-продажу, дагавор падраду, дагавор камісіі і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар.жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ (Carracci),
сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел.літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ.жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел.сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС»,
бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.Лысятаў, Р.Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.У.Цяслюк) і інш.Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.Міхлееў, аператар У.Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.Браслаўскага, рэж. В.Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.Алай, В.Аслюк, С.Галавецкі, М.Заслонава, І.Калоўскі, А.Канеўскі, А.Карпаў, І.Пікман, М.Скітовіч, Б.Стральцоў, Ю.Цвяткоў, П.Шамшур, У.Шаталаў; аператары В.Арлоў, Ю.Плюшчаў, С.Пятроўскі, І.Рамішэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр.Грыфіт
(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),
«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л. — аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.Якімовіч, А.Мардвілка, Н.Саламевіч, А.Саламевіч, У.Чаркас.
Тв.:
Бел.пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;
Бук — паштовы сабака Мн., 1930;
Забаставаў. Мн., 1931;
Кулі. Мн., 1931;
Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;
Смок Белью.
Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.
Літ.:
Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ.М., 1981;
Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.Лондона: Пер. с англ.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́ЛЬ (Пятрусь) (Пётр Міхайлавіч; 25.8.1932, в. Крушыняны Беластоцкага ваяв., Польшча — 31.8.1996),
бел.паэт. Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1953), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). Працаваў у газ. «Гродзенская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», час. «Маладосць» (1957—60, 1980—83). З 1966 заг.літ. часткі Бел.рэсп. тэатра юнага гледача, з 1975 літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Імкненне раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка — асноўнае ў паэзіі М. Ёй уласцівы метафарычна асацыятыўная вобразнасць, алегарычнасць, выкарыстанне сродкаў іроніі і сатыры: зб-кі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964), «Акно» (1967), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1980), «Смак яблыка» (1981; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1984), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Аўтар п’ес «За лясамі дрымучымі» (з А.Вольскім, 1958), «Адчыніце, казляняткі!» (1970), «Дай вады, калодзеж!» (1971), «На ўсіх адна бяда» (1974; усе паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача), «Марынка-крапіўніца» (з А.Вольскім, 1962, паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі). Выдаў кніжкі для дзяцей «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (1983), «Чарадзейная скарбонка» (1987), «Я гатую абед» (1989). На бел. мову пераклаў анталогію сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зб-к вершаў М.Валека «Крылы», А.Шасцінскага «Помню і люблю» (абедзве 1978) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1982;
Выбранае. Мн., 1994;
Заручыны. Мн., 1979.
Літ.:
Грачанікаў А Адлегласць ад сяўбы да жніва... // Полымя. 1976. № 4;
Баравікова Р. Адчуванне часу і дарогі // Маладосць. 1980. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЕ МО́РА,
бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган.жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАМАРКСІ́ЗМ,
сукупнасць філас., сацыялаг. і паліт. ідэй, канцэпцый, тэорый, аўтары і прадстаўнікі якіх звярталіся да вучэння К.Маркса з мэтай абнаўлення яго поглядаў ва ўмовах грамадскай і паліт. рэчаіснасці 1930—80-х г. Прадстаўнікі Н. спалучалі асобныя элементы сац.-філас. поглядаў К.Маркса і У.І.Леніна з палажэннямі неагегельянства, ніцшэанства, філасофіі жыцця, экзістэнцыялізму, неафрэйдызму, розных адценняў анархізму і інш.філас. плыняў. У Н. адрозніваюць 2 процілеглыя кірункі: дыялектычна-гуманістычны і сцыентыстычны. Першы з іх грунтуецца на трактоўцы асобы як суб’екта гіст. дзеяння і ўключае шэраг філас., філас.-этычных, філас.-эстэтычных, філас.-псіхал. плыняў: франкфурцкую школу (Т.Адорна, Ю.Габермас, М.Хоркхаймер), фенаменалагічны марксізм (Э.Пачы, П.Піконе), экзістэнцыялістычны марксізм Ж.П.Сартр, М.Мерло-Панці); фрэйдамарксізм (Г.Маркузе, Э.Фром); групу югасл. філосафаў «Праксіс» (С.Маркавіч, Г.Петравіч) і інш. Сцыентыстычны кірунак Н. прадстаўляюць філас. плыні, у межах якіх разглядаецца праблематыка тэорыі пазнання і навукі (Л.Альцюсер, Г. дэла Вольпе). Да Н. далучыліся некат. тэарэтыкі антыкаланіяльнага нац.-вызв. руху (С.Амін), крытычныя сацыёлагі (Ч.Р.Мілс, Н.Бірнбаўм), некат. ідэолагі фемінісцкіх рухаў. У неамарксісцкай інтэрпрэтацыі малады К.Маркс у якасці «філас. антраполага» проціпастаўлены сталаму — аўтару «Капітала», дзе чалавечая асоба ўжо выпадае з яго поля зроку. Марксава бачанне гуманізму ў іх канцэпцыях звузілася да індывіда; марксісцкая дыялектыка распаўсюджвалася толькі на сац. працэсы; катэгорыі прадукцыйных сіл і вытв. адносін саступалі месца паняццям працы і інтэракцыі (узаемадзеяння); вучэнню Маркса пра сусветна-гістарычную місію пралетарыяту проціпастаўлялася канцэпцыя пра інтэграцыю рабочага класа ў капіталіст. сістэму. Радыкальныя ідэі Н. ў 2-й пал. 1960-х г. былі ўспрыняты ўдзельнікамі «руху новых левых» («крытычная інтэлігенцыя», моладзь, студэнцтва, навучэнцы), у канцы 20 ст. водгукі Н. адчуваюцца ў ідэалогіі руху «зялёных» у канцэпцыі экалагічнага сацыялізму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,
1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.П.Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.
2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.А.Краеўскага, з 1868 М.Някрасава, з 1877 М.Салтыкова-Шчадрына, Р.Елісеева, М.Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.Герцэн, М.Агароў, М.Лермантаў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.Гогаля, Лермантава, А.Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.Чарнышэўскага на нарысы П.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.А.Калістава (псеўд. К.Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;