Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Артыле́рыя. У XIX ст. (Гіст. лекс., 245) ці пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 148) з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 82; Курс. суч., 166), дзе з 1695 (Шанскі, 1, А, 149–150; Фасмер, 1, 89). Яшчэ Тацішчаў лічыў, што гэта слова з польскай ці лацінскай (Вінаградаў, Очерки, 58). Магчыма, што слова было вядома ў беларускай і раней XIX ст.; у польскай мове яно з’явілася не раней XVII ст., як і ў нямецкай. Крыніцай польскага слова магло быць франц. artillerie (SWO). На іншыя магчымыя крыніцы рускага і польскага слоў указвае Біржакава, 102, у сувязі з рознымі фанетычнымі варыянтамі рускага слова ў канцы XVII — пачатку XVIII ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Асце́рбаць, остэ́рбаты ’выжыць, акрыяць’ (Клім.). Укр. остербати, остербнути ’тс’, рус. стербнуть (стар.) ’цвярдзець, чарсцвець, церпнуць’, устрабляти, устрабити (царк.) ’лячыць’, польск. postrobić ’узмацніць’, дыял. ostróbka ’ліхаманка’, чэш. ustrabiť se ’асвяжыцца’, ст.-чэш. ostrabiti ’ўзмацніць’, славац. strabiť sa ’лячыць’ і інш. Ст.-рус. усторобитися ’выздаравець’, устрабити(ся) ’вылечыцца’, устрабие, устраба ’вылячэнне’, устробитися ’выздаравець’; ст.-слав. устрабити ’вылечыць’. Ці не ў выніку кантамінацыі з гэтым словам в.-луж. strowy ’здаровы’? Слова лічаць праславянскім (*storb‑/*stьrъ‑), роднасным з і.-е. *ster‑; параўн. грэч. στέρφος ’цвёрдая скура’, літ. tar̃pti ’ўзмацняцца, выздараўліваць’ (думка Махэка, Recherches, 39, параўн. Фрэнкель, 1063), магчыма, ням. sterben (Траўтман, 284) і інш. Гл. Фасмер, 3, 756.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рва 1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.

Ба́рва 2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бляды́ ’бледны’ (БРС, Шат.), бляды ’тс’ (Яўс.; без націску). Укр. бліди́й, рус. дыял. бледо́й (звычайна бле́дный), польск. blady, чэш. bledý, ст.-слав. блѣдъ, балг. бле́ден, серб.-харв. бле̑д і г. д. Прасл. blědъ і, магчыма, blědьnъ. І.‑е. форма, мабыць, *bhlǝid‑os. Параўн. ст.-англ. blât ’бледны’, ням. blaß ’тс’, ст.-в.-ням. bleiʒa ’бледнасць’ і г. д. Гл. Бернекер, 60; Траўтман, 34; Праабражэнскі, 1, 31; Фасмер, 1, 173; Слаўскі, 1, 34; Брукнер, 28; Шанскі, 1, Б, 136–137; Рудніцкі, 147; БЕР, 1, 54–55. Гл. яшчэ бледны. Параўн. яшчэ ст.-бел. блядый (< польск. blady, гл. Булыка, Запазыч.). Можна думаць, што бля́ды ’бледны’ (Нас.) таксама паланізм (націск!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́хат ’самае глыбокае месца ў ручаі або ў невялікай рэчцы’ (Яшкін). Параўн. рус. бухото́к ’шум ад падводнай крыніцы ў завадзі’. Утварэнне (мадэль *boch‑ъtъ, ‑ъtь‑ — суфікс аддзеяслоўных імён) ад бох‑, бух‑ (параўн. бо́хаць, бу́хаць і да т. п.). Да назваў глыбокіх месц у вадзе гл. Безлай, SR, 5–7, 125 і наст.; Балецкі, SSlav, 5, 183–184 (аб гукапераймальных словах). Магчыма, сюды ж і рус. дыял. бо́хоть ’вада на паверхні лёду’ (аб рус. слове Куркіна, Этимология 1966, 106: сувязь з славен. bohôt дастатак, лішак’ і далей (з іншым вакалізмам) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’), падрабязней гл. пад бу́хта 2 і Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярло 1, мірло (груб.) ’бярлога, пасцель’, мярлог, мярлох, мярлога ’бярлога мядзведзя, ваўка, ліса’, ’месца, дзе ляжыць жывёла’, ’лагво, лежа, пасцель звера’, паст. ’подсціл’ (Нас., Грыг., Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Касп., Бяльк., Растарг.; слаўг., Яшк.; полац., Хрэст. дыял.), арш. ’месца на раллі, на пяску, дзе ляжаў звер або качаўся конь’ (Яшк.), ’гняздо’ (дрыс., КЭС). Да бярлога (гл.). Паводле Карскага (1, 328), у дадзеным выпадку мае месца народнае пераасэнсаванне.

Мярло 2 (груб.) ’ненасытнае стварэнне’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ненасытны, прагны чалавек’ (гор., Мат. Маг.), ’абжора’ (Юрч. Фраз. 3). Няясна. Магчыма, звязана паходжаннем з рус. тул. мурле́ ’шчокі’, ст.-рус. мурлетка ’тоўсты, тлусты твар’, сіб. мурло ’пыса жывёлы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)