раздзел матэматыкі, які вывучае прасторавыя дачыненні і формы цел, а таксама інш. дачыненні і формы, падобныя да прасторавых паводле сваёй структуры. Узнікла з практычных патрэб чалавека для вызначэння адлегласці, вуглоў, плошчаў, аб’ёмаў і інш. Без геаметрыі немагчыма развіццё астраноміі, геадэзіі, картаграфіі, крышталяграфіі, адноснасці тэорыі і ўсіх графічных метадаў. Геам. тэорыі выкарыстоўваюцца ў механіцы і фізіцы: магчымыя канфігурацыі (узаемнае размяшчэнне элементаў) мех. сістэмы ўтвараюць «канфігурацыйную прастору» (рух сістэмы адлюстроўваецца рухам пункта ў гэтай прасторы); сукупнасць станаў фіз. сістэмы разглядаецца як «фазавая прастора» сістэмы і інш.
Асн. паняцці геаметрыі (лінія, паверхня, пункт, цела геаметрычнае) узніклі ў выніку абстрагавання ад інш. уласцівасцей цел (напр., масы, колеру). Параўнанне цел абумовіла ўзнікненне паняццяў даўжыні, плошчы, аб’ёму, меры вугла. Самыя простыя геам. звесткі і паняцці былі вядомы ў стараж. Егіпце, Вавілоне, Кітаі, Індыі; геам. палажэнні фармуляваліся ў выглядзе правіл з элементарнымі доказамі або без доказаў. Самастойнай навукай геаметрыя стала ў Стараж. Грэцыі (5 ст. да н.э.); геаметрыя ў аб’ёме, які прыкладна адпавядае сучаснаму курсу элементарнай геаметрыі, выкладзена ў «Пачатках» Эўкліда (3 ст. да н.э.). Развіццё астраноміі і геадэзіі прывяло да стварэння плоскай (гл.Трыганаметрыя) і сферычнай трыганаметрыі (1—2 ст. да н.э.). Інтэнсіўнае развіццё геаметрыі пачынаецца з 17 ст.: Р.Дэкарт прапанаваў метад каардынат; І.Ньютан і Г.Лейбніц стварылі дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнне, што дало магчымасць вывучаць геам. аб’екты метадамі алгебры і аналізу бясконца малых (гл.Алгебраічная геаметрыя, Аналітычная геаметрыя, Дыферэнцыяльная геаметрыя); Ж.Дэзарг і Б.Паскаль заклалі асновы праектыўнай геаметрыі. У працах Г.Монжа (18 ст.) сучасны выгляд набыла нарысоўная геаметрыя. У 1826 М.А.Лабачэўскі пабудаваў геаметрыю на аснове сістэмы аксіём, якія адрозніваюцца ад эўклідавай толькі аксіёмай аб паралельных прамых (гл.Лабачэўскага геаметрыя). Стала магчымым будаванне разнастайных прастораў з рознымі геаметрыямі (гл., напр., Неэўклідавы геаметрыі), сістэматызацыя якіх магчыма з дапамогай груп тэорыі. Пасля гэтага павялічылася роля і пашырылася выкарыстанне аксіяматычнага метаду. У 1872 Ф.Клейн сфармуляваў новае тлумачэнне геаметрыі як навукі аб уласцівасцях, інварыянтных адносна зададзенай групы пераўтварэнняў. Паралельна развіваўся логікавы аналіз асноў геаметрыі, высвятляліся пытанні несупярэчлівасці, мінімальнасці і паўнаты сістэмы аксіём. Вынікі гэтых работ падвёў Д.Гільберт у кн. «Асновы геаметрыі» (1899). У працах сав. матэматыкаў П.С.Аляксандрава, Л.С.Пантрагіна, П.С.Урысона развіваліся асн. кірункі тапалогіі. Кірунак «Геаметрыя ў цэлым» заснавалі сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, М.У.Яфімаў, А.Б.Пагарэлаў.
На Беларусі станаўленне геаметрыі пачалося ў 1930-я г. Атрыманы важныя вынікі ў праблеме ўкладання рыманавых прастораў у эўтслідавы і рыманавы прасторы (Ц.Л.Бурстын); метадамі вонкавых форм даследаваны лініі і паверхні Картана ў неэўклідавых прасторах (Л.К.Тутаеў); адкрыты клас аднародных прастораў і распрацавана іх тэорыя (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядзенка, Б.П.Камракоў).
Літ.:
Александров А.Д., Нецветаев Н.Ю. Геометрия. М., 1990;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),
галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. magnētis магніт),
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівай формай узаемадзеяння паміж эл. токамі, токамі і магнітамі (целамі з магнітным момантам) і паміж магнітамі; раздзел фізікі, які вывучае гэтае ўзаемадзеянне і ўласцівасці рэчываў (магнетыкаў), у якіх яно праяўляецца.
Магн. ўзаемадзеянне цел перадаецца праз магнітнае поле, якое з’яўляецца адной з форм існавання электрамагнітнага поля. Нягледзячы на непарыўную сувязь паміж эл. і магн. з’явамі, магн. з’явы прынцыпова адрозніваюцца ад электрычных з-за адсутнасці ў прыродзе адасобленых магн. полюсаў (магн. зарадаў; гл.Манаполь магнітны). Крыніца эл. поля — эл. зарад, магн. поля — рухомы эл. зарад (электрычны ток), пераменнае (віхравое) эл. поле або элементарныя часціцы з адметным ад нуля ўласным магн. момантам. М. атамаў, малекул і макраскапічных цел вызначаецца ў канчатковым выніку М. элементарных часціц (у асн.магн. момантам электронаў). У залежнасці ад характару ўзаемадзеяння часціц-носьбітаў магн. моманту адрозніваюць М. рэчываў з атамным магн. парадкам (ферамагнетызм, ферымагнетызм, антыферамагнетызм) і М. слабаўзаемадзейных часціц (парамагнетызм, дыямагнетызм). Магн. ўласцівасці рэчываў, макраскапічныя праяўленні іх М. тлумачацца на аснове законаў квантавай механікі, разглядаюцца ў рамках тэорыі эл.-магн. поля, тэрмадынамікі і статыстычнай фізікі. М. праяўляецца ва ўсіх фізіка-хім. працэсах, што адбываюцца ў рэчыве. Магн. палі ёсць у зорак, Сонца, некат. планет Сонечнай сістэмы, у касм. прасторы. Яны ўплываюць на рух зараджаных часціц, вызначаюць многія астрафіз. і геамагн. з’явы (сонечныя ўспышкі, зямныя магн. буры і г.д.). Магн. ўласцівасці рэчываў шырока выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, вылічальнай тэхніцы і тэлемеханіцы, аўтаматыцы, прыладабудаванні, марской і касм. навігацыі і інш.
З’ява М. вядома са старажытнасці. З 12 ст. ў Еўропе пачаў шырока выкарыстоўвацца магн. компас. Вучэнне пра М. развівалі У.Гільберт, Р.Дэкарт, Ф.Эпінуе, Ш.Кулон. У 1820 Х.К.Эрстэд адкрыў магн. поле эл. току, А.М.Ампер устанавіў законы магн. ўзаемадзеяння токаў. У 1830-я г. К.Гаўс і В.Вебер развілі матэм. тэорыю геамагнетызму (гл.Зямны магнетызм). Грунтоўную трактоўку з’яў М. на аснове ўяўленняў аб рэальнасці эл.-магн. поля даў М.Фарадэй, які ў 1831 адкрыў электрамагнітную індукцыю. У 1872 Дж.Максвел стварыў агульную тэорыю эл.-магн. з’яў (гл.Максвела ўраўненні). Уласцівасці фера- і парамагнетыкаў вывучалі А.Р.Сталетаў (1872) і П.Кюры (1895). У 1905 П.Ланжэвэн пабудаваў тэорыю дыямагнетызму, у 1925 С.Гаўдсміт і Дж.Уленбек адкрылі спін і М. электрона. У 1930-я г. пабудавана квантавамех. тэорыя магн. уласцівасцей свабодных электронаў (В.Паўлі, Л.Д.Ландау). Развіццё фізікі магн. з’яў прывяло да сінтэзавання новых магнітных матэрыялаў (ферытаў для ВЧ- і ЗВЧ-прыстасаванняў, высокакаэрцытыўных злучэнняў, празрыстых ферамагнетыкаў і інш.).
На Беларусі даследаванні па фізіцы магн. з’яў праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Маттис Д. Теория магнетизма: Введение в изучение кооперативных явлений: Пер. с англ.М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
го́лы, ‑ая, ‑ае; гол, ‑а.
1. Не прыкрыты адзеннем, не апрануты. Голыя рукі. □ У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі.Асіпенка.Адрозніць начальнікаў ад падначаленых у рухлівым натоўпе да пояса голай, загарэлай і запыленай моладзі — амаль немагчыма.Брыль.//Разм. Бедны. Гулялі, пакуль голыя сталі.Прыказка.
2. Пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (пра дрэвы, часткі цела і пад.). Дрэвы стаялі голыя — і тыя, што былі апалены, і тыя, што заставаліся цэлымі.Якімовіч.Круглым голым тварам [мандарын] нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку.Маўр.// Пазбаўлены расліннасці, пустынны (пра мясцовасць). Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі.Краўчанка.
3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты. Голыя сцены. □ [Нявада] зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок.Чорны.Уцякала Бандароўна Ды паміж платамі, А за ёю тры гайдукі З голымі шаблямі.Купала.
4.Разм. Без ніякіх дадаткаў, прымесей; чысты. Голы пясок.
5.перан.Разм. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў і пад. Голыя лічбы. □ Засяроджанне ўвагі толькі на ідэйным баку твора без уліку яго мастацкай формы мімаволі вядзе да голых сацыялагічных разважанняў.Шкраба.
•••
Браць (узяць) голымі рукамігл. браць.
Гол як сакол — дужа бедны, нічога не мае.
Голаму разбой не страшангл. разбой.
Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.
Голы як бубен — пра голае, без расліннасці, выбітае месца.
Голы як стары венік — тое, што і голы як бізун.
З голымі рукамігл. рука.
На голым месцыгл. месца.
Свяціць голым целамгл. свяціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў.Мележ.// Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё.Дуброўскі.
2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. жаданні, пачуцці і пад. [Алешын:] Не маю сіл адолець я сумненні.Бачыла.[Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак.Мележ.Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты.Мікуліч.// Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога.Быкаў.Клопаты зноў адолелі Андрэя.Шахавец.
3. Справіцца з чым‑н., асіліць якую‑н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу.Пальчэўскі.// Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь. □ Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае.Навуменка.[Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею.Губарэвіч.// Рухаючыся, прайсці, пераадолець які‑н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець!Смагаровіч.//Разм. З цяжкасцю з’есці, выпіць што‑н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.
4.Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі?Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́са1, ‑ы, ж.
1. Група людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца некаторымі спадчыннымі асаблівасцямі: будовай цела, формай валасоў, пігментацыяй скуры, валасоў, вачэй і пад.
2. У заалогіі і батаніцы — сукупнасць індывідуумаў ўнутры арэала, віда або падвіда, якія вылучаюцца агульнымі біялагічнымі асаблівасцямі і звязаны агульным паходжаннем і раёнам распаўсюджання.
•••
Белая раса — устарэлая назва еўрапеоіднай расы.
Еўрапеоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца светлай скурай, роўнымі або злёгку хвалістымі валасамі, вузкім, з высокім пераноссем носам, параўнальна тонкімі губамі.
Жоўтая раса — устарэлая назва мангалоіднай расы.
Мангалоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца жаўтаватай скурай, прамымі чорнымі валасамі, плоскім скуластым тварам.
Негроідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі і інш.
Чорная раса — устарэлая назва негроіднай расы.
[Фр. race.]
ра́са2, ‑ы, ж.
Верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства, сшытае ў талію, з шырокімі рукавамі. — А вы не з духоўных асоб? — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану.Хомчанка.
раса́, ‑ы́; мн. ро́сы, рос; ж.
Вадзяныя кроплі, якія збіраюцца на паверхні раслін і розных наземных прадметаў вечарам, ноччу і раніцай пры паніжэнні тэмпературы ў цёплую пару года. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы.Колас.Павялічацца ночы, пачнуць выпадаць росы і, нарэшце, пойдуць жа калі-небудзь дажджы.Дуброўскі.
•••
Мучністая раса — хвароба раслін, пры якой на раслінах утвараецца налёт, падобны на муку.
Абагнаць (раннюю) расугл. абагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Трэсціся, дрыжаць ад страху, хвалявання, баяцца. Чаго палохацца? Перад кім трусіць?Гартны./убезас.ужыв.На гэты раз да .. [Валенты] прыйшла добрая карта .. і яго пачынала трусіць усяго.Гарэцкі.
2.каго-што. Трэсці ў час язды па дрогкай дарозе. Да Лісаветы сляпіцаю лез сон .. Каб хоць хутчэй паехаць, воз кідала б на калдобінах і трусіла, дык мо было б не да сну.Сабаленка.
3.каго-што. Трэсці дрэвы, прымушаючы падаць плады. Нехта паспеў узлезці на стары галіністы дуб і трусіў апошнія жалуды.Гамолка.// Трэсці, шукаючы чаго‑н. Немцы трусілі рэчы ў кожным доме, дзе жыў чыгуначны люд.Навуменка.
4.што. Растрасаць што‑н., церушыць. Валасы мае чэша вятрыска і трусіць, А ў халодных травах туды і сюды Валуны на пашы, як белыя гусі, Што гані не гані, а не йдуць да вады.Караткевіч.
5.што. Сыпаць у невялікай колькасці што‑н. сыпкае. Шчыпне [Аўгіня] некалькі драбінак солі і трусіць у страву.Бядуля.
6.(1і2ас.неўжыв.) Падаць дробнымі кроплямі (пра дождж). Трусіць дробны-дробны дождж, Шушукае па зямлі, прабірае праз світку да зморанага цела.Каваль.І раз-пораз, як праз сіта, трусяць кроплі дажджу.Кандрусевіч.
7. Бегчы трушком. Крокаў праз колькі [Анісім] пачуў, як наперадзе, у лагчыне, забрахаў Гуляй — ён заўсёды трусіў трошкі наперадзе свайго гаспадара.Сачанка.Пасля поўначы, будучы на варце, Гапанюк заўважыў, як хтось у цемры подбегам трусіў да свінарніка.Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату.Дзятлаў.// Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну.Арабей.
2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне.Якімовіч.// Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.
3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў.В. Вольскі.Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар.Дамашэвіч.
4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе.Чорны.[Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой.Гамолка.Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы.Быкаў.//безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.
5.перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся.Сабаленка.На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну.Няхай.[Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы.Чорны.// Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю.Пестрак.Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы.Тарас.// Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя.Карпаў.
2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца.Колас.Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька].Якімовіч.// Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены.Юрэвіч.
3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай.Панчанка.Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі.Сабаленка.
4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка.Хведаровіч.Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз.Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;