РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),
рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧ у філасофіі,
частка матэрыяльнага свету, адносна ўстойлівая і адасобленая ад інш. частак, якая характарызуецца пэўнымі якасцямі, унутр. і знешнімі адносінамі. Да Р. адносіцца шматлікая колькасць разнастайных прадметаў, з’яў прыроды і грамадства. Кожная Р. узаемадзейнічае з інш. Р., якасна і колькасна змяняецца, уключаецца ў пэўныя працэсы развіцця матэрыяльных сістэм. У якасці сіноніма Р. часта выкарыстоўваюць паняцце «прадмет», аднак ім вызначаецца і фрагмент матэрыяльнай рэчаіснасці, і аб’ект пазнання, у якасці якога можа выступаць абстрактнае паняцце. І.Кант увёў паняцце незалежнай ад свядомасці «Р. ў сабе», якая ўздзейнічае на органы пачуццяў, але не атрымлівае адэкватнага адлюстравання і таму недаступная пазнанню. Навука даказвае пазнавальнасць Р. Паняцце «Р.» цесна звязана з паняццем «ідэя». Р. аб’ектыўная і існуе незалежна ад ідэі. Ідэя з’яўляецца адлюстраваннем Р., правільным ці скажоным. Існуе і адваротная залежнасць. Адрозніваюць натуральныя і штучныя Р. (створаныя чалавекам шляхам змянення прыроднага матэрыялу). Штучная Р. з’яўляецца вынікам пераўтварэння ідэальнага ў матэрыяльнае, рэчаіснае. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў сац.-эканам. тэорыях для вызначэння «арэчаўлення» адносін паміж людзьмі ва ўмовах развіцця таварнай вытв-сці і рынку.
В.Дз.Марозаў.
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНА-АХО́ЎНАЯ ЗО́НА, санітарны разрыў,
участак тэрыторыі паміж прамысл. прадпрыемствам і жыллёвымі масівамі для аховы жылых зон ад уздзеяння шкодных вытв. фактараў (шум, пыл, газападобныя выкіды, вібрацыя і інш.).
На Беларусі шырыня С.-а.з. ўстанаўліваецца з разлікам, каб выкіды прадпрыемства, якія дасягаюць раёнаў жыллёвай забудовы, не перавышалі гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) забруджвальных рэчываў у атм. паветры населеных тэрыторый і 0,8 ГДК у месцах масавага адпачынку (курортныя зоны, санаторыі, пляжы, паркі і інш.). Зыходзячы са шкоднасці выкідаў, дасканаласці тэхнал. працэсаў, наяўнасці ачышчальных збудаванняў усе прадпрыемствы падзяляюць на класы: з шыр. С.-аз. 1000 м — 1-ы кл., 500 м — 2-і кл., 250 м — 3-і кл., 100 м — 4-ы кл., 50 м — 5-ы кл. Гэтыя памеры адпавядаюць макс. выкідам, меншым за ГДК. Шыр. С.-а.з. можа быць павялічана пры тэхн.-эканам. і гігіенічным абгрунтаванні, але не больш, чым у 3 разы. Для прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюць радыеактыўныя рэчывы і крыніцы іанізавальнага выпрамянення, С.-а.з. ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з сан. правіламі працы з гэтымі рэчывамі. С.-а.з. азеляняюць газаўстойлівымі раслінамі.
П.І.Лабанок.
т. 14, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),
амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМА́ТЫ (лац. Sarmatac),
аб’яднанне качавых жывёлагадоўчых іранамоўных плямён (аланы, раксаланы, саўраматы, языгі і інш.). У 6—4 ст. да н.э. жылі ў стэпах і лесастэпах паміж рэкамі Табол (у Сібіры) і Волга. У 3 ст. да н.э. рассяліліся ў раёнах на Пн ад Каўказскіх гор і ў Паўн. Прычарнамор’і, дзе моцна пацяснілі скіфаў. Ў 2 ст. да н.э. разам са скіфамі ваявалі супраць Пантыйскага царства, але ў 1 ст. да н.э. падтрымалі пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара ў яго барацьбе з Рымам. У 1 ст. н.э. сярод С. асабліва ўзмацніліся аланы. У 3 ст. ўлада С. у Паўн. Прычарнамор’і падарвана готамі, у 4 ст. яны разгромлены гунамі. С. прынялі ўдзел у Вялікім перасяленні народаў (4—7 ст. н.э.), асобныя групы аланаў дасягнулі Іспаніі і Паўн. Афрыкі. У наступныя стагоддзі С. асіміляваліся з інш. народамі, у т. л. з цюркамоўнымі і славянскімі. У складзе асецінаў С. (аланы) захавалі аснову сваёй мовы. С. дасягнулі высокага майстэрства ў рамёствах, асабліва ў маст. апрацоўцы металаў і ювелірнай справе, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі ў курганах.
т. 14, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТЫ́НА, сестына (позналац. sextina, італьян. sestina ад лац. sex шэсць),
верш ці страфа з 6 радкоў, аб’яднаных дзвюма рыфмамі:
Не золатаздабытчык і не бос —
Дваццатым векам вызвалены атам,
Жылплошчу пазычаю я ў нябёс,
Каб быць для іх таварышам і братам.
Але і гэта не апошні лёс,
Які мне векам суджаны дваццатым.
(А.Куляшоў. «Мне кожны год, нібы жыццём другім...)
Сустракаюцца С. з інш. рыфмоўкай: аааабб, аабааб, аббааа. У сучасным літ.-знаўстве змест паняцця «С.» пашыраны — так называюць 6-радкоўі, якія складаюцца з 4-радкоўя з перакрыжаванай рыфмоўкай і 2-радкоўя з сумежнай рыфмай («Белыя яблыні» П.Панчанкі). Часам С. лічаць 6-радкоўе ўвогуле. С. пішацца звычайна 5- або 6-стопным ямбам. Аднак могуць выкарыстоўвацца і інш. памеры, напр., харэй («Партызанская песня» Я.Коласа). У еўрап. і рус. л-рах вядома складаная С. (уключае 6 шасцірадкоўяў, радкі у якіх рыфмуюцца ў дакладна вытрыманай паслядоўнасці). У рус. л-ры складаныя С. пісалі Л.Мей, В.Брусаў. Вядома і ў бел. паэзіі («На сконе дзён» Р.Суніцы).
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,
нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.
Літ.:
Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА ВІ́ЛЕНСКІХ ПАКУ́ТНІКАЎ ІАА́НА, АНТО́НІЯ, ЯЎСТА́ФІЯ», «Жыціе віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ. кн. Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).
Літ.:
Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.
В.А.Чамярыцкі.
т. 14, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гу́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Зрэбная посцілка, пакрывала. Паўліку не страшна было легчы нават на водшыбе, але ён разаслаў гуньку побач з дзедам, накрыўся кажушком і нават прыкрыў свой твар. Сташэўскі. Маці накрыла гунькаю каня, бо было горача, а мух і аваднёў ён баяўся.. — іншы раз аж лажыўся ў аглоблях. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дады́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці да якога‑н. месца; дацягнуцца, давалачыся. Памалу, мерна, крок за крокам У сваім раздум’і адзінокім Дадыбаў бацька скора к дому. Колас. Лес, здаецца, зусім побач. Вось ён, чорны, як сцяна, але дадыбай да яго, калі цяжка ісці па калена ў снезе, калі займае дух. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)