залатыя, сярэбраныя і інш. каштоўныя рэчы, знойдзеныя ў 1912 каля с. Малая Перашчэпіна (Палтаўская вобл., Украіна). Уключае: залаты і сярэбраны посуд сасанідскай і візантыйскай вытв-сці, конскі рыштунак, жал. шаблю з залатымі ножнамі, залатыя грыўню, бранзалеты, спражкі, пярсцёнкі, паясны набор, шкляны посуд і візант. манеты ад часоў імператараў Маўрыкія (582—602) да Канстанта II (641—668). Агульная вага залатых рэчаў каля 25 кг, сярэбраных — каля 50 кг. Адны даследчыкі лічаць П.с. інвентаром багатага пахавання качэўнікаў канца 7 — пач. 8 ст., другія — ваен. здабычай слав. правадыра, атрыманай у час паходу на Візантыю і ўхаванай у канцы 7 ст. Скарб захоўваецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКТАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, піктаграфія (ад лац. pictus намаляваны + ...графія),
найбольш старажытны тып пісьма з дапамогай малюнкаў. Малюнкі, або піктаграмы, прызначаныя для перадачы інтэлектуальнага зместу, аднолькава разумеліся разнамоўнымі супольнасцямі, якія карысталіся агульнай ці блізкай сукупнасцю паняццяў. Адрозніваюць піктаграмы-сігналы (зразумелыя толькі ў пэўнай сітуацыі) і піктаграмы-знакі (нясуць сэнсавую інфармацыю самі па сабе). Істотная рыса П.п. — пэўная адвольнасць інтэрпрэтацыі, прачытання малюнкаў. П.п. было пашырана з часоў палеаліту сярод карэнных жыхароў Амерыкі, Трапічнай Афрыкі, Аўстраліі, Сібіры і інш. рэгіёнаў свету да 20 ст. З П.п. ўзнікла ідэаграфічнае пісьмо. У наш час прынцып піктаграфіі знаходзіць адлюстраванне ў дапаможных сродках камунікацыі (дарожныя знакі, сімвалічныя выявы відаў спорту, малюнкі ў коміксах, рэклама, татуіроўка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.П.Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас.дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.А.Вахевічам, перавыдадзены М.М.Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».
аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. З 1907 дэп. рэйхсрата Аўстра-Венгрыі. У кастр. 1918 — чэрв. 1920 дзярж. канцлер і адначасова ў ліп. 1919 — кастр. 1920 дзярж. сакратар замежных спраў Аўстр. Рэспублікі. Падпісаў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919. У 1920—34 чл.Нац. савета, у 1931—33 яго першы прэзідэнт. У 1938 выступаў за аншлюс. З крас. 1945 дзярж. канцлер часовага ўрада Аўстрыі, са снеж. 1945 федэральны прэзідэнт адноўленай Аўстр. Рэспублікі. Адзін з ідэолагаў аўстрамарксізму, аўтар прац «Абнаўленне Аўстрыі» (т. 1—3, 1916), «Марксізм, вайна і Інтэрнацыянал» (1917), «Дзяржаўная гаспадарка, сусветная эканоміка і сацыялізм» (1929), «На рубяжы двух часоў» (1946, аўтабіяграфія), «Чалавек і грамадства» (апубл. ў 1952).
Літ.:
Кретинин С.В. Карл Реннер: жизнь и деятельность (1870—1950) // Новая и новейшая история. 1999. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́СЛІНГ (ад англ. wrestling барацьба),
спартыўныя адзінаборствы, у якіх адзін з сапернікаў імкнецца вымусіць другога дакрануцца плячыма да дывана на падлозе («пакласці на лапаткі»). Налічваецца больш за 50 разнавіднасцей Р. (вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, сумо і інш.). Барцы карыстаюцца прыёмамі ў межах правілаў для кожнага віду барацьбы. Адзін з асн. прыёмаў — захват, які дазваляе ўтрымліваць саперніка і кантраляваць яго рухі.
Вядомы са стараж.часоў. Паядынкі паміж барцамі ўваходзілі ў праграму Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі з 708 да н.э. З 1921 аматарскі Р. аб’ядноўвае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (FILA). У праграму сучасных Алімп. гульняў уваходзяць грэка-рымская і вольная барацьба. Па асобных відах Р. штогод праводзяцца чэмпіянаты свету. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца з 1988. Паядынкі паміж прафесіяналамі адбываюцца звычайна на рынгу накшталт баксёрскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́НКА (Раіса Іванаўна) (н. 10.7.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы па тэарэт. праблемах музыкі 20 ст., у т. л. «Выканальніцкая інтэрпрэтацыя музычнага твора» (1992), «Гукавышынная аснова музычнай кампазіцыі XX ст.» (1998) і інш.
Тв.:
Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў беларускай музыцы 60-х гг. // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. 1993. № 12;
Беларускі музычны авангард на рубяжы апошніх дзесяцігоддзяў XX ст.: гукавышынная арганізацыя і сучасныя віды кампазіцыйнай тэхнікі // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Т.Г.Мдзівані);
Тембр музыкального звука: новые измерения // Музыкальное искусство на рубеже столетий. Мн., 2000;
Высота и звуковой мир современной музыки // Теоретические проблемы музыки XX в. Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБ’ЯДНА́НЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1946 у г. Барысаў, адкрыты ў 1950, да 1988 краязнаўчы музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 170 м²), больш як 31 тыс. экспанатаў (1995). Матэрыялы знаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця Барысава (археал. знаходкі, дакументы часоўВКЛ, зброя перыяду вайны 1812, этнагр. экспанаты, нумізматычная калекцыя і інш.), падзеямі рэв. руху, грамадз. вайны, рэпрэсіямі ў 1930-я г., партыз. рухам і дзейнасцю Барысаўскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну, аднаўленнем і развіццём гаспадаркі горада і раёна. Экспануюцца матэрыялы пра знакамітых землякоў: удзельнікаў рэв. руху, дзярж. дзеячаў, Герояў Сав. Саюза, вучоных, дзеячаў мастацтва і л-ры (А.Трусава, Я.А.Адамовіча, М.І.Марозава, Г.П.Гурыновіча, У.В.Кавалёнка, А.А.Анікейчыка, М.Клімковіча, І.Харыка і інш.), творы скульптараў і мастакоў. Мае навукова-даведачную б-ку; філіялы: Іканскі музей народнай славы, Дом-музей А.Ф.Купрыянавай у Жодзіне.
Будынак Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (н. 27.5.1937, в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1985). Скончыў БДУ (1958). З 1961 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (з 1989 нам. дырэктара). Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы рабочага, с.-д., народніцкага і нац. руху, фарміравання паліт. партый, грамадска-паліт. барацьбы, перыяд. друку. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984), калект. манаграфій «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г.» (1985), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987). Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў для сярэдняй школы.
Тв.:
Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,
верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),
1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж.часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.
2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.