«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫ́Л-ІРМА́К (тур. Kizilirmak чырвоная рака; ант. назва — Галіс),

рака на Пн Турцыі. Даўж. 1151 км, пл. басейна 77,1 тыс. км². Вытокі ў гарах Кызылдаг. Перасякае Анаталійскае пласкагор’е і Пантыйскія горы, упадае ў Чорнае м. Веснавое разводдзе, летняя межань, асеннія паводкі ад дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У сярэднім цячэнні — гідравузел Хырфанлар (ГЭС, вадасховішча даўж. 75 км). У даліне К. гарады Сівас, Бафра.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКХНА́Ў,

горад на Пн Індыі, на р. Гоматы, левым прытоку Ганга. Адм. ц. штата Утар-Прадэш. 1,6 млн. ж. (1991).

Трансп. вузел і гандл.-прамысл. цэнтр даліны ў сярэднім цячэнні Ганга. Прам-сць: тэкст. (пераважна баваўняная), папяровая, металаапр., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., у т. л. алейная. З-д дакладных інструментаў. Традыц. маст. рамёствы: разьба па метале, дрэве, косці, ткацтва, вышыўка. Ун-т (з 1921). Бат. сад. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬЧЖО́Ў, Гаалань,

горад на Пн Кітая, у сярэднім цячэнні р. Хуанхэ. Адм. ц. прав. Ганьсу. Каля 1,5 млн. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог, адзін з галоўных прамысл. цэнтраў Кітая. Прам-сць: атамная (вытв-сць узбагачанага урану), нафтахім., хім. (вытв-сць угнаенняў і сінт. каўчуку), маш.-буд. (нафтавае і хім. абсталяванне), тэкст. (шарсцяныя тканіны), эл.-тэхн., тытунёвая, запалкавая, мукамольная, цэм., шкляная. Ун-т. Паўн.-Зах. філіял АН Кітая.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧА,

рака ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл. і Аршанскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 191 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад в. Акунёўка Шклоўскага р-на. Цячэ на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні скрынкападобная, шыр. да 1 км. Схілы парэзаны ярамі. Рэчышча каналізаванае на працягу 20 км ад вытоку.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭШ, Мараш (рум. Mureş, венг. Maros),

рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса (бас. р. Дунай). Даўж. 883 км, пл. бас. каля 30 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Усх. Карпат, перасякае Трансільванскае плато і Зах. Румынскія горы, ніжняе цячэнне па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады 175 м³/с. Веснавое разводдзе. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На М. — гарады Тыргу-Мурэш, Алба-Юлія, Арад (Румынія), Сегед (Венгрыя).

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́СА-ЛУЖЫ́ЦКА, Нейсе (польск. Nysa Lużycka, ням. Neiße),

рака ў Еўропе, левы прыток р. Одра. На значным участку служыць мяжой паміж Польшчай і Германіяй, вытокі ў Чэхіі. Даўж. 252 км, пл. басейна 4,3 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Йізерскіх гор, цячэ па зах. ускраіне Судэтаў, ніжэй г. Гёрліц — па раўніне. Сярэдні расход вады 32 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Н.-Л. — гарады Ліберац (Чэхія), Гёрліц (Германія), Губін (Польшча).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЛТ (Olt),

рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЕ́Я, Рудзейка,

рака ў Магілёўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Раста (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 318 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Макаўня Магілёўскага р-на, вусце ў межах в. Цемналессе Чавускага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 0,2—0,5 км, у асобных месцах да 1 км. Рэчышча на працягу 7,9 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй па цячэнні звілістае.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЦЬ,

рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.

Рака Друць каля г.п. Бялынічы.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)