Вы́пса ’пагардлівая назва састарэлага’ (Нас., Гарэц.); ’сабачая морда’ (Бяльк.). Рус. смал. вы́пса ’лаянка’. Традыцыйна лічыцца літуанізмам; яшчэ Карскі (Белорусы, 128) параўноўваў з літ. vypsau, vypsóti ’стаяць або сядзець з насмешлівым выразам твару’. Урбуціс (Baltistica, 5 (1), 53) указвае і на зафіксаванае ў картатэцы (адзін раз) LKŽ vypsá ’мянушка чалавека’. У семантычных адносінах вельмі прывабліва звязаць гэта слова з выпсець (гл.); параўн., напр., думку аб сувязі рус. хрыч са ст.-рус. гричь ’сабака’ (Трубачоў, Происх., 27), але словаўтварэнне тлумачыць у гэтым выпадку цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раскабызі́ць ’пацягнуць на капрызы’, раскабызі́цца ’пачаць капрызнічаць’ (Юрч. Вытв.). Безумоўна, да *кабы́зі́ць, кабы́зі́цца, параўн. ко́бза 2 (гл.) і тэрытарыяльна блізкія рус. смал. кобыза́ ’капрызны чалавек’, кобызи́ться ’паводзіць сябе фанабэрыста, ганарыста; упарціцца; ламацца’, што, магчыма, у выніку інтэрвакальнага азванчэння ‑п‑, гл. капы́за, капызіцца, капыжыцца. Адносна іншых этымалагічных магчымасцей гл. Брукнер, 240–241, Банькоўскі, 1, 737 (у сувязі з польск. skobuzieć ’насупіцца’), ЭССЯ, 10, 92 (пра суфіксы *‑uzъ/*‑ъzъ). Пры дапушчэнні прыстаўкі *ko‑ ўзнікае магчымасць гукапераймальнага паходжання, параўн. бы́зкаць (< быз‑з‑з), параўн. бзы́каць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачы́так ’расходнік, Sedum’ (мін., Кіс.), очыток (Бесар.), укр. очиток, рус. очиток. Згодна з Мяркулавай, Очерки, 109, укр. і рус. формы з очисток (у сувязі з яго лекавымі, ачышчальнымі якасцямі), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць выпадзенне ‑с‑; параўн. іншыя назвы расліны адцытнік, сытнік (захад Беларусі, гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 28), да семантыкі гл. польск. дыял. odczynić ’вылечыць’, odczyna ’нейкая расліна’ (Карловіч); геаграфія слова не дазваляе звязаць яго з чыты ’цвярозы’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДЫСПЕ́ТЧАР (ад аўта... + англ. dispatcher адпраўшчык),

комплексная сістэма (клас сістэм «Чалавек—машына»), якая аўтаматычна (поўнасцю або часткова) выконвае функцыі дыспетчара. У склад аўтадыспетчара ўваходзяць кіравальная выліч. машына і сродкі сувязі дыспетчара з машынай і кіроўным аб’ектам. Задача аўтадыспетчара: збор і апрацоўка інфармацыі пра ход тэхнал. працэсу; выбар аптымальнага рэжыму працэсу з магчымых варыянтаў; выдача камандаў, каб рэалізаваць аптымальны рэжым. Найпрасцейшы аўтадыспетчар збірае і рэгіструе інфармацыю, неабходную ў аператыўнай рабоце дыспетчара. Выкарыстоўваюць у энергетыцы, сістэмах сувязі, на транспарце, металургічных і хім. прадпрыемствах і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кабалда́й ’вялікаўзроставы’ (Касп.). Відаць, што значэнне, выведзенае з прыкладу («Як табе ня сорамна — ты ж ужо кабалдай!»), з’яўляецца толькі варыянтам магчымай дэфініцыі. З этымалагічна дапушчальных супастаўленняў ні рус. хабалда ’бойкая, крыклівая кабета’, бахалда ’балаболка, разявака, гультай і г. д.’, ні літ. kabálda ’кульгаючая, нязграбная асоба’ не падтрымліваюць тлумачэння Каспяровіча. Яны, аднак, і не пярэчаць яму — агульнавядомымі з’яўляюцца ваганні семантыкі ў экспрэсіўных словах. Такім чынам, паводле семантычнага крытэрыю, нельга выбраць у якасці крыніцы запазычання ні рускую, ні літоўскую мову. Дапамагае крытэрый фанетычны. На той жа тэрыторыі зафіксаваны хабал(ь), хабёл ’бабнік, гуляшчы мужчына’ (Касп.). Гэтыя словы, відавочна, суадносяцца з прыведзенай вышэй рускай лексікай, але цяжка дапусціць, што ў слове кабалдай ​к паходзіць з х, тым больш што тыповымі з’яўляюцца адваротныя сувязі, г. зн. х < к. У сувязі з гэтым аддаецца перавага літ. kabálda. Такім чынам, можна сцвярджаць, што віц. кабалдай запазычана з літ. крыніцы, блізка да якой стаіць kabálda, адзначанае ў слоўніках. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 200.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сло́ва, -а, мн. -ы, слоў, н.

1. Асноўная сэнсавая адзінка мовы, якая свабодна ўзнаўляецца ў мове і служыць для пабудовы выказвання.

Іншамоўныя словы.

Падзяліць с. на склады.

2. адз. Мова і маўленчыя здольнасці.

Культура с.

Валодаць словам.

3. звычайна мн. Фраза, выказванне; гаворка, размова.

Бацькавы словы.

Сказаць некалькі слоў на развітанне.

4. адз. Вуснае публічнае выступленне, прамова дзе-н., а таксама права, дазвол гаварыць публічна.

Заключнае с. на выбарным сходзе.

Атрымаць с. для выступлення.

5. адз., з азначэннем. Думка, вывад; дасягненне ў якой-н. галіне.

У гэтай справе трэба с. вучоных.

Новае с. ў навуцы.

6. мн. Тэкст да вакальнага твора.

Песня на словы Адама Русака.

7. адз. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання (уст.). «С. аб палку Ігаравым».

◊

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — ад пачатку да канца.

Апошняе слова —

1) навейшае дасягненне (кніжн.);

2) заключнае слова падсуднага.

Браць слова назад (разм.) — адмаўляцца ад сказанага.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва.

Да слова сказаць — у сувязі са сказаным.

Закінуць слова за каго (разм.) — падтрымаць пры неабходнасці.

З чужых слоў — з таго, што сказана кім-н.

Не абмовіцца ні адным словам — змаўчаць.

Слова за слова —

1) пра паступовае развіццё размовы;

2) спрачаючыся, пасварыцца.

Слоў няма (разм.) — канешне, так.

У адно слова — разам, адначасова падумаць, сказаць.

У двух словах (разм.) — коратка.

Цвёрдае слова — якому можна верыць.

|| памянш. сло́ўца, -а, н. (да 1 і 3 знач.; разм.).

|| прым. сло́ўны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВАЛО́ДЗЬКА Іосіф Ігнатавіч (ліст. 1887, в. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 сакратар Замір’еўскага падп. падрайкома РКП(б). З 1919 пам. ваенкома ў Навагрудку, ваенком Рагачоўскага пав., з 1920 ваенком Гомельскай губ. З 1922 старшыня выканкома Магілёўскага павятовага, Бабруйскага раённага Саветаў. З 1928 нам. наркома земляробства БССР. У 1929—30 старшыня Віцебскага акр., з 1931 Мінскага гар. выканкомаў. У 1933—37 нач. упраўлення сувязі БССР, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, з 1937 — па Казахскай ССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1929—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Астраго́н ’расліна Artemisia dracunculus L.; палын-эстрагон’. Пачатковы ненаціскны галосны вымаўляўся як ‑а, што вяло да народнаэтымалагічнай сувязі з востры. На самой справе эстрагон з французскай праз рускую (дзе фіксуецца з; 1864) ці польскую; франц. estragon ’тс’ з 1564 < арабск. Паколькі з эстрагону рабілі воцат, гэта назва была перанесена і на воцат, які народнаэтымалагічна звязваўся з якасцю ’востры’: у Насовіча острого́нъ ’моцны вінны воцат’. Народнаэтымалагічнае асэнсаванне эстрагону адзначана і ва ўкр. острогін ’палын-эстрагон’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атарапе́ць. Рус. оторопе́ть, укр. оторопі́ти ’тс’, оторопи́ти ’здзівіць, зрабіць аслупянелым’, ст.-рус. оторопъ ’спалох’. Тлумачэнне Шанскага (КЭСРЯ, 318), відаць, дакладна прадстаўляе словаўтваральную гісторыю слова ад *тороп ’спех’. У сувязі з гэтым надзвычай важна, што ў беларускай мове засведчана торап ’спалох, страх’ (Нас.: то́ропъ), адкуль і тарапі́цца ’пужацца’ (пра коней). Ад гэтага торап пры дапамозе цыркумфікса *о‑ — ‑ець і ўтвораны дзеяслоў атарапець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)