МЕ́ЛЬБУРН (Melbourne),

горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Вікторыя. Каля 3,5 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на беразе заліва Порт-Філіп пры ўпадзенні ў яго р. Яра. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта- і станкабудаванне, хімічнае), чорная металургія, хім., нафтаперапр., тэкст., папяровая, харчовая. 3 ун-ты.

Засн. ў 1835 каланістамі з в-ва Тасманія. У 1837 названы ў гонар тагачаснага брыт. прэм’ер-міністра лорда Мельбурна. У 1842 атрымаў гар. правы. Хутка пачаў развівацца пасля адкрыцця ў 1851 каля яго радовішчаў золата. З 1851 сталіца штата Вікторыя. У 1901—27 сталіца Аўстрал. Саюза. У 1956 у М. адбыліся XVI летнія Алімп. гульні.

На правым беразе р. Яра дзелавы цэнтр М., на левым — жылыя кварталы з садамі і паркамі. З 1837 М. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана (арх. Р.​Худл). Пабудовы ў духу эклектыкі і гіст. стыляў: саборы Сент-Джэймс (1841, арх. Р.​Расел) і Сент-Пол (1880 арх. У.​Батэрфлай), жылыя дамы 2-й пал. 19 ст. з балюстрадамі, навесамі і інш. каванымі дэталямі. У сучасных стылях узведзены Каралеўскі шпіталь (1942, арх. Стывенсан, Цёрнер), алімп. комплекс (арх. Г.​Зайдлер) з крытым басейнам (1956, арх. Дж. і Ф.​Мэрфі і інш.), культ. цэнтр штата (1968) з маст. галерэяй і канцэртнай залай і інш. Б-ка штата Вікторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Музеі: Нац. музей Вікторыі (мастацтва абарыгенаў), сучаснага мастацтва. Т-ры, у т. л. Нац. мемарыяльны (1973) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Аўстралія.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГА (Braga),

горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Брага. 90,5 тыс. ж. (1991). Традыц. цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай), гарбарна-абутковай, харч. (у т. л. вытв-сць цукру і шакаладу), дрэваапр., хім. прам-сці. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Адліўка царк. званоў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Музей. Арх. помнікі 11—18 ст.

Засн., верагодна, карфагенянамі ў 296 да н.э., пазней стараж.-рымскі г. Бракара Аўгуста, сталіца рым. правінцыі Лузітаніі. У 5—6 ст. пад уладай свеваў, якія ліквідавалі рым. панаванне, з 585 у складзе дзяржавы вестготаў. У 716 заваявана арабамі, з 1040 у складзе Кастыліі. У 1-й пал. 12 ст. паліт. цэнтр Партугаліі, з 1104 рэзідэнцыя партуг. архібіскупаў.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,

дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА, Аўхар,

протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд. ч.) і Малі (зах. ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіцаг. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс. чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.

Літ.:

Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I

[320 — каля 335],

які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКАЎСХО́ДНЯЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на тэр. Усх. Сібіры і Д.​Усходу ў 1920—22. Створана паводле рашэння ЦК РКП(б) з мэтай прадухіліць напад Японіі на РСФСР і забяспечыць умовы для ліквідацыі яп. інтэрвенцыі і белагвардзейскага руху на Д.​Усходзе. Абвешчана 6.4.1920 на Устаноўчым з’ездзе працоўных Прыбайкалля. Уключала Забайкальскую, Амурскую, Прыморскую, Камчацкую вобласці і Паўн. Сахалін. Сталіца — Верхняудзінск (цяпер Улан-Удэ), з 10.11.1920 — Чыта. Прызнана сав. урадам 14.5.1920. У маі 1921 белагвардзейцы пры падтрымцы яп. інтэрвентаў захапілі ўладу ва Уладзівастоку, у снеж. 1921 — у Хабараўску. Пасля заняцця часцямі Нар.-рэв. арміі рэспублікі (каманд. В.К.Блюхер) Хабараўска (14.2.1922), Уладзівастока (25.10.1922) і інш. Японія эвакуіравала свае войскі.

Літ.:

Сонин В.В. Становление Дальневосточной республики, 1920—1922. Владивосток, 1990.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖЭ́ЎСК,

горад, сталіца Удмурціі, у Расійскай Федэрацыі, на р. Іж, за 40 км ад сутокаў з р. Кама. 655 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, станкі, электрапілы, паляўнічыя стрэльбы); чорная металургія, лёгкая і харчовая; вытв-сць мастацкіх вырабаў (дываны, дарожкі, хусткі і інш.). 4 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: рас. і удмурцкі драм., муз., лялек. Цырк. Філармонія. Музеі: краязнаўчы і выяўл. мастацтва. Арх. помнікі: Аляксандра-Неўскі сабор (1823), ампірныя пабудовы жалезаробнага з-да (1825), арсенал (1825). Засн. ў 1760 як жалезаробны з-д, вакол якога стварыўся пас. Іжэўскі Завод. З 1918 горад. У 1984—87 наз. Усцінаў.

Іжэўск. Панарама горада.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАБА́ТА (Ясунары) (11.6.1899, г. Осака, Японія — 16.4.1972),

японскі пісьменнік. Чл. Яп. АМ (1954). Скончыў Такійскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1921. У пач. 1920-х г. прымыкаў да мадэрнісцкай групы неасенсуалістаў. Першая аповесць «Танцоўшчыца з Ідзу» (1925, экранізацыя 1935) прасякнута гуманізмам. На асаблівасць яго маст. стылю паўплывала эстэтыка дзэн, якая адвяргае ўскладненае ўспрыманне свету і сцвярджае прынцып натуральнасці, адназначнасці (лірычныя аповесці «Вясёлыя дзяўчаты Асакуса», 1929, «Снежная краіна», 1937). У аснове аповесці «Тысячакрылы журавель» (1951) — стараж. чайная цырымонія, узведзеная да ўзроўню сапр. мастацтва. Аўтар раманаў «Стогн гары» (1954), «Старая сталіца» (1961). Нобелеўская прэмія 1968.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1986.

Літ.:

Кавабата Ясунари: Библиогр. указ. М., 1973.

Я.Кавабата.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫ́Л,

горад, сталіца Рэспублікі Тыва ў Рас. Федэрацыі, каля сутокаў рэк Вял. Енісей і М. Енісей, якія даюць пачатак Верхняму Енісею (р. Улуг-Хем). Канцавы пункт Усінскага тракту. Засн. ў 1914, да 1918 наз. Белацарск, да 1926 — Хем-Белдыр. 95,4 тыс. ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. З-д аўтаспецабсталявання, прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. У раёне К. здабыча вугалю. Тывінскі НДІ мовы, гісторыі мовы і л-ры. Філіял Сіб. аддзялення Рас. АН. Пед. ін-т, філіялы краснаярскіх агр. ун-та і політэхн. ін-та. Муз.-драм. т-р. Філармонія. Краязнаўчы музей. У К. — геагр. цэнтр Азіі, на беразе р. Улуг-Хем — манумент «Цэнтр Азіі» (1964).

Кызыл Манумент — «Цэнтр Азіі».

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́ЙСКАЯ АРМЯ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

княства, потым царства на тэр. Кілікіі ў 1080—1375. Сталіцаг. Сіс. Узнікла ў выніку масавых уцёкаў у Кілікію армян (у т. л. знаці) пасля заваявання Арменіі туркамі-сельджукамі і візантыйцамі. Тут правіла дынастыя Рубенідаў (назва ад імя першага князя Рубена). Да 1182 ваявала з Візантыяй.

Найб. росквіту дасягнула пры Левоне II (з 1198 цар). Развіваліся рамёствы, гандаль, культура (цэнтры — гарады Сіс, Тарс, Мамедыя і інш.), сельская гаспадарка. З 1-й пал. 13 ст. васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1375 заваявана мамлюкамі.

Літ.:

Микаелян Г.Г. История Киликийского армянского государства. Ереван, 1952.

В.​У.​Адзярыха.

Да арт. Кілікійская армянская дзяржава. Трыпціх-рэлікварый. Серабро з пазалотай. 1293.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)