ДЗЕМЯНКО́Ў (Лаўрэнцій Васілевіч) (15.7.1918, в. Сакалоўка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.11.1993),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Томскі тэхнікум грамадскага харчавання (1938), 1-е Омскае ваен. пях. вучылішча (1941), Усесаюзны завочны фінансава-эканам. ін-т (1959). У Вял. Айч. вайну са студз. 1942 на Ленінградскім і Карэльскім франтах. Камандзір стралк. ўзвода лейт. Дз. вызначыўся ў чэрв. 1944 у баях у раёне г. Ладзейнае Поле Ленінградскай вобл.: гранатамі знішчыў 2 варожыя дзоты, тройчы штурмаваў траншэі праціўніка, паранены не пакінуў поля бою. Да 1960 у органах МУС і КДБ.

Л.В.Дземянкоў.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУ́КІ,

этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ў аб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.

Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДРО́ (Васіль Сцяпанавіч) (1917, в. Карані Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.4.1942),

адзін з кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. У 1941 вучыўся на курсах у Мінску. У пач. акупацыі горада ўстанавіў сувязь з падп. групай у раёне Камароўкі і партыз. групай «Дзядзькі Васі» (В.​Т.​Варанянскага). Арганізаваў вывад да партызан групы людзей, адпраўку зброі і боепрыпасаў. Са снеж. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Удзельнічаў у правядзенні дыверсій на аўтамагістралях каля горада. 17.4.1942 цяжка паранены, памёр ад ран.

В.С.Жудро.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),

партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,

старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.​С.​Махнач, М.​В.​Вераценнікаў, Г.​І.​Ількевіч.

Літ.:

Логойская астроблема. М., 1991.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,

навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).

т. 9, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́ЙБА (Maracaibo),

возера (лагуна) у Венесуэле, у тэктанічнай упадзіне паміж гарамі Сьера-дэ-Перыха на З і Кардыльера-дэ-Мерыда на У, на Пд ад Венесуэльскага зал. Карыбскага м., з якім з’яднана мелкаводным (2—4 м) пралівам. Пл. 16,3 тыс. км², глыб. на Пд да 250 м. Берагі нізінныя, забалочаныя. У М. ўпадае каля 50 рэк. Плошча возера скарачаецца з-за інтэнсіўнага намнажэння алювіяльных асадкаў. Суднаходства. У раёне М. вядзецца здабыча нафты. На зах. беразе праліва марскі нафтавы порт Маракайба. Праз праліў пабудаваны мост даўж. 8,7 км.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСУ́Л,

горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс. ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л. вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж. г. Ніневія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХРЫ́НАЎ (Рыгор Фёдаравіч) (н. 15.2.1921, с. Лысагорка Кашарскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1946), ген.-маёр авіяцыі (1968). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1954). У Вял. Айч. вайну на Паўн., Ленінградскім, Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага развед. авіяпалка капітан М. вёў паветр. разведку і бамбардзіроўку важных ваен. аб’ектаў ворага ў час Беларускай аперацыі 1944, вызначыўся ў раёне Брэста. Зрабіў 199 баявых вылетаў. Да 1973 у Сав. Арміі.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)