СУРЫНА́М (Suriname), Рэспубліка Сурынам (нідэрл. Republiek Suriname),
дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Гаянай, на Пд з Бразіліяй, на У з Гвіянай (франц.); на Пн абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 163,3 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (2001). Дзярж. мова — нідэрландская, распаўсюджаны англ., хіндзі, яванская. Сталіца — г.Парамарыба. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 ліст.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнай Нац. асамблеі (выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах, 51 дэпутат). Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. На ўзбярэжжы ч.Гвіянскай нізіны, у цэнтры і на ПдГвіянскае пласкагор’е, хрыбты і горныя масівы да 1280 м. Карысныя выкапні: баксіты (запасы больш за 8 млрд.т, адно з першых месц у свеце), нафта, руды жалеза, ніобію, волава, танталу; золата, плаціна, алмазы, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя, багатыя на гідраэнергію. Вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 85% тэр. Месцамі другасныя хмызнякі, участкі саваннаў. У складзе жывёльнага свету: малпы, ягуары, пумы, тапіры. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Прыродны парк Браўнсберг, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць сурынамцы, або сурынамскія крэолы (еўрап.-афрыканскія мулаты, 31%), блізкія да іх па мове і культуры негры (10%), індыйцы (37%), яванцы (15%), індзейцы (карэнныя жыхары, 2%), кітайцы (2%), еўрапейцы (1%) і інш. Вернікі індуісты (27%), пратэстанты (25%), католікі (23%), мусульмане (20%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 2,7 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве на ўзбярэжжы і ў далінах гал. рэк, якія складаюць 3—4% тэрыторыі. У гарадах жыве 74% насельніцтва. Найб.г. Парамарыба — каля 250 тыс.ж. з прыгарадамі (2001). У астатніх гарадах насельніцтва не перавышае 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята каля 20% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 70%.
Гісторыя. Узбярэжжа С. адкрыта ісп. мараплаўцам А.Ахедам y 1499. У 1551 галандскія гандляры заснавалі пасяленне ў вусці р. Сурынам (адсюль назва краіны). У канцы 16 ст. тут замацаваліся іспанцы, у 1630 — англічане. Паводле англа-нідэрл. дагавора 1667 Вялікабрытанія ўступіла С. Нідэрландам у абмен на нідэрл. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. Асновай эканомікі Нідэрл. Гвіяны (тагачасная назва С.) была плантацыйная гаспадарка; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі, пасля скасавання рабства ў 1863 — закантрактаваных рабочых з Індыі і Інданезіі, нашчадкі якіх цяпер складаюць найб. шматлікую этнічную групу С. У 1954 С. атрымаў аўтаномію ў складзе Каралеўства Нідэрландаў.
25.11.1975 абвешчана незалежнасць С. У лют. 1980 уладу захапілі ваенныя на чале з Д.Боўтэрсе. У 1980-я г. ў С. склалася напружаная паліт. сітуацыя, якая ўскладнялася ўзбр. барацьбой супраць цэнтр. ўрада. У выніку пагаднення ў маі 1991 адбыліся свабодныя выбары. У 1992 падпісана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ўзбр. групоўкамі. На выбарах у маі 2000 перамог Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, яго лідэр Р.Венетыян стаў прэзідэнтам. С. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі: Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 1,48 млрд.дол., па 3,4 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 22% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 65%. Найб. развіта гарнарудная прам-сць. Здабываюць баксіты (больш за 4 млн.т штогод, каля 5—10% сусв. вытв-сці), нафту — каля 1 млн.т, марганцавую руду і золата. Баксітаздабыўную прам-сць кантралююць кампаніі ЗША і Нідэрландаў. Баксітавыя руднікі ў басейнах рэк Сурынам і Котыка, каля гарадоў Мунга і Паранам, распрацоўка адкрытым спосабам. У 1999 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 74% на ГЭС (буйнейшая з іх Бракапонда на р. Сурынам), 26% на цеплавых электрастанцыях. Развіта вытв-сць гліназёму (штогод больш за 1 млн.т) і алюмінію (каля 30—40 тыс.т), лесапілаванне і дрэваапрацоўка. Невял. прадпрыемствы цэм., абутковай, тэкст. і тытунёвай прам-сці, па вытв-сці цукру, рому, мелесу, пальмавага алею, жывёльнага масла, маргарыну, па апрацоўцы рыбы і крэветак. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 117 тыс.га зямлі, у т. л. 95 тыс.га пад ворывам, 7 тыс.га пад шматгадовымі насаджэннямі, 15 тыс.га пад пашай.
Арашаецца 60 тыс.га. Амаль усе с.-г. землі знаходзяцца на ўзбярэжжы. Пераважаюць плантацыйныя гаспадаркі. Гал. культура — рыс (больш за 50% ворыва, штогод збіраюць 2 ураджаі, каля 300 тыс.т); вырошчваюць бананы, цукр. трыснёг, арахіс, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (апельсіны, грэйпфруты). Плантацыі кавы, какавы, алейных і какосавых пальмаў. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля буйн. раг. жывёлы (102 тыс. галоў, 1997) і птушкагадоўля (2,2 млн. курэй разам з бройлерамі). Рыбалоўства (13 тыс.т, 1999), промысел крэветак. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт пераважна аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс.км, у т. л. 1,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; унутр. водных шляхоў — 1,2 тыс.км, чыгункі — 166 км (1996). У краіне 46,4 тыс. легкавых, 19,3 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў, 46 аэрапортаў (2000). Гал. марскі порт Парамарыба, паблізу міжнар. аэрапорт. У 1999 экспарт склаў 443 млн.дол., імпарт — 525 млн.дол. У экспарце пераважаюць баксіты, гліназём і алюміній (разам па кошце больш за 80%), нафта, драўніна, крэветкі, рыба, рыс, бананы; у імпарце — машыны і абсталяванне, нафтапрадукты, харч. прадукты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 35% імпарту), Нідэрланды (11% і 15%). Нарвегія (19% экспарту), Трынідад і Табага (12% імпарту), Японія, Вялікабрытанія. Замежны турызм у 1998 даў даход 44 млн.дол. Грашовая адзінка — сурынамскі гульдэн.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti), Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti),
дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,9 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс.ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс.ж., Ганаіў — 63 тыс.ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.
Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр.з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш.с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.
Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах.ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх.ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыяАмер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б.прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл.ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер.эканам. супольнасці. Найб.паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЯ ГВІНЕ́Я (Guinea Ecuatorial), Рэспубліка Экватарыяльная Гвінея (República de Guinea Ecuatorial),
дзяржава ў цэнтр. Афрыкі. У складзе Э.Г. мацерыковая ч. Рыо-Муні (пл. 26,1 тыс.км²) і а-вы Біёка, Анабон, Карыска, Вял. і Малы Элабей і інш. ў Гвінейскім зал. Атлантычнага акіяна. Мяжуе на Пн з Камерунам, на Пд з Габонам. Пл. 28,05 тыс.км². Нас. 498,1 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — іспанская, французская. Сталіца — г.Малаба (на в-ве Біёка). Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 кастр.).
Дзяржаўны лад. Э.Г. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 7 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і аднапалатны парламент. Урад узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Паверхня мацерыковай ч. (Рыо-Муні) — нагор’е выш. 600—900 м (найб.выш. 1500 м), уздоўж узбярэжжа — нізінная прыморская раўніна. На вулканічным в-ве Біёка найвыш. пункт краіны г. Малаба (3008 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, жал. руда, марганец. Клімат экватарыяльны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, ападкаў больш за 2000 мм (на астравах да 2500 мм) за год. Рачная сетка густая. Рэкі паўнаводныя, парожыстыя, суднаходныя ў нізоўях. Гал.р. Мбіні. Вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (больш за 150 парод) займаюць 46% тэр. Глебы чырвона-жоўтыя латэрытныя. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, слон, леапард, антылопы, газелі, кажаны, шмат птушак, насякомых, паўзуноў. Нац. парк Монтэ-Райсес, запаведнік Піка-дэ-Санта-Ісабель (на в-ве Біёка).
Насельніцтва. Асн.ч. насельніцтва складаюць народы групы банту — фанг (83%; жывуць на мацерыковай ч.) і бубі (10%; на астравах). Узбярэжжа (Рыо-Муні) насяляюць бенга, комбу, ленге, бухеба і інш. народы. У краіне каля 1 тыс. еўрапейцаў (пераважна іспанцы). Вернікі хрысціяне (католікі 90%, пратэстанты 5%), частка насельніцтва вызнае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 17,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены в-аў Біёка і ўзбярэжжа Рыо-Муні. Натуральны прырост 2,45% (2002). Гар. насельніцтва 47%. Асн. гарады (тыс.ж., 1997): Малаба — каля 70, Бата — 40, Луба — 15. Каля 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. Востраў Біёка адкрыты ў 1472 партуг. мараплаўцам Фернанда По (да 1979 насіў яго імя) і з 1592 каланізаваны партугальцамі. Паводле ісп.-партуг. дагавора 1778 тэр. Э.Г. адышла да Іспаніі, якая ў 1843 авалодала в-вам Фернанда-По, а ў 1856 і мацерыковай часткай краіны (Рыо-Муні). Паводле Парыжскага дагавора 1900 вызначаны межы ісп. уладанняў (т.зв. Ісп. Гвінеі) з франц. калоніямі, якія ў асн. супадаюць з межамі сучаснай Э.Г. У 1959 створаны першыя афр.паліт. партыі, з якіх найбуйнейшая Нац. рух за вызваленне Э.Г. (НРВЭГ). У студз. 1964 Ісп. Гвінея атрымала аўтаномію, створаны ўрад з мясц. афрыканцаў. 12.10.1968 абвешчана незалежнасць Э.Г., яе прэзідэнтам стаў лідэр НРВЭГ Ф.Масіяс Нгема Біёга, у 1972 ён абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. У 1970 забаронены ўсе паліт. партыі, акрамя НРВЭГ, на базе якога ў 1972 створана кіруючая Адзіная нац. партыя працоўных (АНПП). Здзейсненыя Біёгам непрадуманыя рэформы прывялі да эканам. крызісу 3.8.1979 уладу захапілі ваенныя на чале з падпалк. Т.Абіянгам Нгемам Мбасогам: забаронены ўсе паліт. партыі, у 1982 прынята новая канстытуцыя і Абіянг Нгема Мбасога абраны прэзідэнтам. У пач. 1990-х г. адбылася пэўная дэмакратызацыя паліт. жыцця: у 1992 дазволена стварэнне апазіц.паліт. партый, паводле канстытуцыі 1991 выбары парламента і прэзідэнта праводзяцца на альтэрнатыўнай аснове. На першых свабодных парламенцкіх выбарах 1993 перамагла створаная ў 1987 кіруючая Дэмакр. партыя Э.Г., а яе лідэр Абіянг Нгема Мбасога ў 1996 зноў выбраны прэзідэнтам. Акрамя Дэмакр. партыі ў Э.Г. дзейнічаюць Ліберальная партыя, С.-д. саюз, Нар. і с.-д. канвергенцыя і інш.паліт. арг-цыі. Э.Г. — чл.ААН (з 1968), Афр. саюза (з 2002) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Гаспадарка. Э.Г. — слабаразвітая краіна, эканоміка якой да апошняга часу мела агр.-сыравінны характар. З адкрыццём нафтавых радовішчаў на кантынент. шэльфе пачаўся ўздым нац. эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 1,04 млрд.дол. (1993—280 млн.дол.), па 2,1 тыс.дол. на душу насельніцтва. У структуры ВУП на долю прамысловасці прыпадае 60%, у т. л. на нафтаздабыўную галіну больш за 50%. У 1997 здабыта каля 2 млн.т. нафты. Распрацоўку шэльфавых радовішчаў вядуць пераважна амер. кампаніі «Мобіл ойл» і «ЮМК». Энергет. база слабая, існуе пастаянны дэфіцыт электраэнергіі. Вытв-сць электраэнергіі 22 млн.кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (91%) і ГЭС (9%). Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па перапрацоўцы рыбы, вытв-сці пальмавага алею, мукі, мыла, цэменту, гаруча-змазачных матэрыялаў; лесапілаванне (14,9 тыс.м³, 1996) і дрэваапрацоўка, у т. л. выраб мэблі. Рамёствы — разьба па дрэве і косці, пляценне кошыкаў, цыновак. Сельская гаспадарка дае 20% ВУП. Ворныя землі займаюць 5% тэр., шматгадовыя культуры — 4%, пашы — 4%. На тэр. Рыо-Муні — аблогавае матычнае земляробства, на в-ве Біёка — плантацыйныя гаспадаркі. Асн. экспартныя культуры — какава (збор 5,75 тыс.т какава-зярнят, 1996), кава (197 т); вырошчваюць таксама алейную і какосавую пальмы, бананы, тытунь; на свае патрэбы — маніёк, рыс, арахіс, ямс, цукр. трыснёг, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Гадуюць (тыс. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5), коз (9), свіней (6,1), авечак (37,6), птушак (320). Рыбалоўства (тунец) і промысел крэветак Лесанарыхтоўкі ў Рыо-Муні каштоўных дрэвавых парод (461,1 тыс.м³, 1996) пераважна на экспарт (406,4 тыс.м³ неапрацаванай драўніны). Збор арэхаў пальмы тагуа, соку гевеі, кары хіннага дрэва. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2880 км (1996). У краіне 7,6 тыс. легкавых і грузавых аўтамабіляў. Чыгунак няма. Марскія парты: Бата, Малаба, Луба. 3 аэрапорты. Экспарт (860 млн.дол., 2000) нафты, какавы, кавы, драўніны; імпарт (300 млн.дол., 2000) нафтапрадуктаў, машын і абсталявання, харч. прадуктаў і інш.Асн.гандл. партнёры: ЗША (62% экспарту і 35% імпарту), Іспанія (17% і 10%), Камерун, Кітай. Даход ад турызму 2 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — франк КФА.
Літ.:
Мельников И, Корочанцев В. Экваториальная Гвинея. М., 1971;
Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. М., 1982.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Сталіца Экватарыяльнай Гвінеіг. Малаба.Герб і сцяг Экватарыяльнай Гвінеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana), Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana),
дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫНІДА́Д І ТАБА́ГА (Trinidad and Tobago), Рэспубліка Трынідад і Табага (Republic of Trinidad and Tobago),
дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. астравах каля паўн. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. Пл. 5,1 тыс.км². Нас. 1175,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Порт-оф-Спейн. Краіна падзяляецца на 8 графстваў і 3 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жн.).
Дзяржаўны лад. Т. і Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (31 член) і палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), што выбіраюцца на 5 гадоў; 9 сенатараў назначае прэзідэнт, 16 — рэкамендуе прэм’ер-міністр, 6 — лідэр апазіцыі. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кааліцыйны ўрад.
Прырода. В-аўТрынідад (пл. 4,8 тыс.км²) пераважна раўнінны. Ёсць 3 невысокія горныя ланцугі (выш. да 940 м). На в-ве Табага (пл. 0,3 тыс.км²) горы (выш. да 579 м) і вапняковае плато. На в-ве Трынідад радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (воз. Піч-Лейк), прыроднага газу. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў за год ад 1200 мм на З да 3800 мм на У. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоніевае дрэва. чырвоны сандал, бальса і інш.) займаюць 46% тэр. Фауна мае падабенства з фаунай Паўд. Амерыкі. Трапляюцца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпакапуцын, кажаны, чарапахі, змеі, алігатары. Шмат птушак. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.
Насельніцтва. Жывуць негры (39,5%, нашчадкі рабоў), індыйцы (40,3%, нашчадкі закантрактаваных рабочых з Паўн. Індыі), мулаты (18,4%), еўрапейцы, кітайцы і інш. Сярод вернікаў хрысціяне (62%, пераважна католікі і англікане), індуісты (25%), мусульмане (6%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 230,5 чал. на 1 км². Больш шчыльна (да 400 чал. на 1 км²) заселена зах.ч. в-ва Трынідад. Гар. насельніцтва 73%. У г. Порт-оф-Спейн з прыгарадамі больш за 300 тыс.ж. (1996), у г. Сан-Фернанда каля 50 тыс.ж., астатнія гарады невялікія. У прам-сці занята каля 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 60%.
Гісторыя. На час адкрыцця ў 1498 Х.Калумбаілв-аў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, в-аў Табага — карыбамі. У 1532—1797 в-аў Трынідад быў ісп. калоніяй, у 1797 захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй у 1802). За валоданне в-вам Табага спрачаліся розныя еўрап. дзяржавы (у 1652—58 — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 захоплены Вялікабрытаніяй (замацаваны за ёй у 1814). У 1889 абодва востравы аб’яднаны ў адзіную калонію. У выніку лютай эксплуатацыі большасць індзейцаў знішчана, замест іх для працы на плантацыях прывозіліся негры-рабы з Афрыкі. Пасля скасавання рабства ў 1834 пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 1958—62 Т. і Т. — чл. Вест-Індскай федэрацыі. 31.8.1962 абвешчана незалежнасць Т. і Т. ў складзе Садружнасці.
1.8.1976 абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х г. у паліт. жыцці краіны дамінавала Нар.нац. партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х г.вял. ўплыў у палітыцы набыў Аб’яднаны нац. кангрэс, які адлюстроўвае інтарэсы індатрынідадскай абшчыны і з 1995 узначальвае ўрад дзяржавы. Т. і Т. — чл.ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1967). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны нац. кангрэс, Нар.нац. партыя, Нац. саюз за рэканструкцыю.
Гаспадарка. Т. і Т. — адна з развітых краін Карыбскага бас., мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзярж. сектарамі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт склаў 4,4 тыс.дол. на 1 чал., у т. л. ў нафтавым сектары ствараецца 21,4%, у астатніх галінах прам-сці і буд-ве — 18,6%, у сельскай гаспадарцы — 2%, у гандлі і турызме — 18,3%, у інш. абслуговых галінах — 39,7%. У прам-сці гал. ролю адыгрывае здабыча і перапрацоўка нафты і газу. Здабычу вядуць пераважна замежныя кампаніі. У 1998 здабыта 7,1 млн.т нафты і каля 1 млрд.м³ газу. Асноўную частку нафты здабываюць на марскіх радовішчах. Вытв-сць нафтапрадуктаў каля 8 млн.т (1998); акрамя мясц. перапрацоўваецца нафта з Венесуэлы і інш. краін. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі на З в-ва Трынідад у наваколлі г. Сан-Фернанда (у т. л. 3 нафтаперапр. з-ды, нафтахім. камбінат, з-д па вытв-сці азотных угнаенняў). Распрацоўваюцца запасы асфальту (воз. Піч-Лейк), штогадовая здабыча 100—200 тыс.т. Вытв-сць электраэнергіі 4,8 млрд.кВт∙гадз (1998), пераважна на ЦЭС. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты цукр., цэм., тэкст., абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў. Ёсць металург. з-д, прадпрыемствы па вытв-сці пластмас і хімікатаў, па зборцы легкавых аўтамабіляў і тэлевізараў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Шмат дробных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Развіты саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 133 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам 77 тыс.га, пад шматгадовымі насаджэннямі 46 тыс.га, пад пашай 10 тыс.га. Пануе буйное землеўладанне. Гал. экспартная культура — цукр. трыснёг, займае каля 40 тыс.га, штогадовы збор каля 2 млн.т (каля 200 тыс.т цукру). Меншае значэнне маюць какава, кава, какосавая пальма, цытрусавыя. бананы, тытунь. Асн.харч. культуры: рыс, ямс, бабовыя, кукуруза, маніёк, батат, агародніна. Трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля.развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 70, свіней — каля 50, коз — каля 40. Птушкагадоўля (8,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (15 тыс.т, 1999). Транспарт аўтамаб. і марскі. У краіне 8,3 тыс.км. аўтадарог, у т. л. 4,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 128 тыс. легкавых, 27 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. марскія парты: Порт-оф-Спейн, Пуэнт-а-П’ер, Пойнт-Фортын, Скарбара. На астравах 6 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнародныя. Сетка нафтаправодаў і газаправодаў злучае месцы здабычы з перапрацоўчымі і трансп. цэнтрамі. У 1998 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (64%), хімікаты і ўгнаенні, сталь і пракат, цукар, какава, кава, цытрусавыя, кветкі; у імпарце — абсталяванне, трансп. сродкі, прамысл. і харч. тавары, нафта. Гандаль пераважна з ЗША (36,9% экспарту, 44,7% імпарту), краінамі Лац. Амерыкі (адпаведна 39,1% і 18,9%), Вялікабрытаніяй і Японіяй. Т. і Т. — развітая турыстычная краіна, штогод наведвае больш за 200 тыс. турыстаў пераважна з ЗША, Канады, краін Зах. Еўропы. Асн. турыстычныя цэнтры на в-ве Табага. Грашовая адзінка — долар Т. і Т.
Герб і сцяг Трынідада і Табага.Да арт.Трынідад і Табага. Заходняе ўзбярэжжа вострава Трынідад.
дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.кВт∙гадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ГА (Togo), Тагалезская Рэспубліка (République Togolaise),
дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ганай, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Бенінам. Пл. 56,8 тыс.км². Нас. 5018,5 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г.Ламе. Падзяляецца на 5 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным і прамым галасаваннем на 5 гадоў. Ён таксама з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, валодае правам заканад. ініцыятывы і можа распускаць парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад. Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр, якога назначае прэзідэнт. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны Нац. сход (81 дэпутат, выбіраецца на 4 гады).
Прырода. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плато выш. 200—400 м, у цэнтры і на ПдЗ — горы выш. да 986 м, на Пд — прыморская акумуляцыйная нізіна з лагунамі. Карысныя выкапні: фасфарыты, баксіты, алмазы, жал. і хромавыя руды, вапнякі, мармур. Клімат субэкватарыяльны, на ўзбярэжжы з 2 максімумамі (сак.—чэрв. і вер.—кастр.) і 2 мінімумамі ападкаў, у глыбіні краіны з дажджлівым летнім (крас.—кастр.) і сухім зімовым сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 20 да 32 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Зімой часта дзьме сухі паўн.-ўсх. вецер харматан. Рэкі багатыя гідраэнергіяй. Пераважаюць высакатраўныя саванны. Лясы (20% тэр.) на схілах гор і ў далінах рэк. У складзе жывёльнага свету буйвал, леў, леапард, жыраф, антылопы, шакал, гіены, малпы, кракадзілы. Нац. паркі — Керан, Кве; рэзерваты.
Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 99%. Найб. з іх — эве (каля 50% насельніцтва разам з блізкімі народамі, на Пд), кабрэ (на ПнУ), гурма і тэм (на Пн). У гарадах невял. колькасць французаў і арабаў. Сярод вернікаў 70% прытрымліваецца традыц. вераванняў, 20% хрысціян, 10% мусульман. Сярэднегадавы прырост 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 88,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 500 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны ўзбярэжжа і ПнУ. У гарадах жыве 32% насельніцтва (1998). Найб. гарады: Ламе (каля 600 тыс.ж. з прыгарадамі; 2000), Сакодэ і Кпаліме (каля 50 тыс.ж.). У сельскай гаспадарцы занята 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, у абслуговых галінах — 24%.
Гісторыя. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Т. з’явіліся партугальцы. Да сярэдзіны 19 ст.тэр. Т. — адзін з раёнаў найб. інтэнсіўнага гандлю рабамі. На момант еўрап. каланізацыі ў канцы 19 ст.найб. развітым з народаў Т. былі эве, якія стварылі на Пд шэраг дзярж. утварэнняў. Існавалі і дзярж. ўтварэнні катаколі — у цэнтры краіны і чакосі — на Пн. У 1884 Германія навязала пратэктарат эве, а да 1902 распаўсюдзіла сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У 1-ю сусв. вайну тэр. Т. акупіравана брыт. і франц. войскамі (1914). Версальскі мірны дагавор 1919 замацаваў зах. Т. за Вялікабрытаніяй (у 1957 далучана да Рэспублікі Гана), усх. Т. — за Францыяй у якасці падмандатных тэрыторый Лігі Нацый. Пасля 2-й сусв. вайны Франц. Т. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Францыі. З 1956 Франц. Т. — самакіравальная рэспубліка ў складзе Франц. супольнасці.
27.4.1960 абвешчана незалежнасць Тагалезскай Рэспублікі. Партыя адзінства Т. (ПАТ) на чале з С.Алімпіо, якая ўзначаліла ўрад Т., спрабавала стварыць аднапартыйны рэжым, у 1962 забараніла ўсе апазіцыйныя партыі. У выніку ваен. перавароту ў 1963 урад ПАТ скінуты, а Алімпіо забіты. Прэзідэнтам стаў Н.Груніцкі, які спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы. Новы ваен. пераварот у 1967 прывёў да ўлады падпалкоўніка Г.Эядэму (з 1972 — прэзідэнт Т.), які ўсталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым; адзінай дазволенай партыяй было Аб’яднанне тагалезскага народа. Выступленні апазіцыі прымусілі Эядэму ў 1991 дазволіць шматпартыйнасць, што не перашкодзіла яго абранню прэзідэнтам у 1993 і 1998. Т. — чл.ААН (з 1960), Афр. саюза. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднанне тагалезскага народа, Саюз за змены і інш.
Гаспадарка. Т. ўваходзіць у групу найбяднейшых краін свету і па класіфікацыі ААН займае 140-е месца паводле паказчыкаў сац.-эканам. развіцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 320 дол. за год (1999). Каля 42,2% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, паляўніцтве, каля 30,9% — у прам-сці, будаўніцтве, энергетыцы, транспарце і сувязі, каля 17,8% — у гандлі і турызме, 9,1% — у інш. абслуговых галінах. Урад праводзіць мерапрыемствы па ўзмацненні ролі дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржава кантралюе б.ч. транспарту, вытв-сць электраэнергіі, здабычу фасфарытаў і інш. Адначасова прыцягваецца замежны (пераважана франц.) капітал. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Пераважаюць паўнатуральныя і дробнатаварныя гаспадаркі да 1—2 га. Ёсць плантацыі экспартных культур. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3,4 млн.га зямлі, у т. л. каля 1,4 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 2 млн.га пад натуральнай пашай (саванны). Вытв-сцьасн.харч. культур (1997/98, тыс.т): маніёку — 595,8, батату — 683, кукурузы — 452,8, сорга — 200,5, рысу — 86,2, бабовых — 46,7. Вырошчваюць таксама проса, ямс, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Гал. экспартныя культуры (штогадовы збор, тыс.т): арахіс — каля 40, кава — каля 6, какава — каля 15, бавоўна-сырэц — каля 45, ядры пальмавых арэхаў — каля 5. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы 222,8, свіней 850, коз 1110, авечак 740. Птушкагадоўля (7,5 млн. курэй). Буйн. раг. жывёлу гадуюць пераважна на Пн, свіней — на Пд. Рыбалоўства ва ўнутр. вадаёмах і моры (каля 10 тыс.т штогод). Паляўніцтва. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Вылучаецца горназдабыўная прам-сць, пераважна здабыча фасфарытаў (на Пд каля г. Акумапе, штогод каля 3 млн.т, 5—6-е месца ў свеце). Здабываюць таксама алмазы, кухонную соль (з марской вады), жал. руду, мармур, буд. матэрыялы. Каля 75% электраэнергіі імпартуецца з Ганы. У 1999 атрымана 90 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на цеплавых электрастанцыях, 7% на ГЭС. У апрацоўчай прам-сці дробныя прадпрыемствы па вытв-сці мукі, пальмавага і арахісавага алею, крухмалу і мукі з маніёку, безалкагольных напіткаў, парфумерных тавараў; саматужныя прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, першаснай апрацоўцы кавы і какавы. Ёсць некалькі значных прадпрыемстваў: нафтаперапр.з-д (Ламе), тэкст.ф-ка (Даджа), з-ды па вытв-сці лакаў і фарбаў, мыйных сродкаў, кіслароду і ацэтылену, зборцы веласіпедаў і мапедаў, абутковая і запалкавая ф-кі. Развіты саматужныя промыслы: выраб нац. адзення і абутку, хатніх рэчаў, простага с.-г. інвентару, сувеніраў з дрэва і слановай косці, ткацтва, пляценне і ганчарства. Шматлікія паўсаматужныя прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці харч. прадуктаў. Харч. тавары, напіткі і тытунёвыя вырабы складаюць 41,1% прамысл. прадукцыі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1996): чыгункі 0,5, аўтадарог 7,5, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,4. У краіне 74,7 тыс. легкавых, 34,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. парты Ламе і Клеме (экспарт фасфарытаў). Праз порт Ламе ажыццяўляе значную частку сваіх знешнегандл. сувязей Буркіна-Фасо. У Т. 17 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Ламе і Ніямтугу. У 1999 экспарт склаў 400 млн.дол., імпарт — 450 млн.дол. У экспарце пераважаюць фасфарыты (каля 40%), кава (каля 5%), бавоўна, какава, пальмавы алей, арахіс; у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, нафта. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Гана, Канада, Кітай. Эканоміка залежыць ад знешняй фін. і тэхн. дапамогі развітых дзяржаў. Турызм. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фін.т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 пад кіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Пад кіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, пад кіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал. на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністрЛіякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах.-еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.