ЭКАТЫ́П, экалагічны тып, экалагічная раса,

група асобін пэўнага віду раслін ці жывёл, якая характарызуецца спадчыннай прыстасаванасцю да пэўных экалагічных умоў. Прыкметы, што вызначаюць характар Э., захоўваюцца пры пераносе арганізмаў у інш. экалагічныя ўмовы; асобіны розных Э. свабодна скрыжоўваюцца.

Асновы тэорыі Э. распрацаваў у 1920-я г. швед. батанік І.​Турэсан. Паводле фактара, што фарміруе Э., вылучаюць групы: кліматыпы (узнікаюць пад уздзеяннем кліматычных фактараў); эдафатыпы (фарміруюцца пад уздзеяннем глебава-грунтавых умоў), цэнатыпы (узнікаюць у розных фітацэнозах — на лузе, у лесе і інш.). Чым большы арэал віду і больш разнастайныя экалагічныя ўмовы, тым большая ў яго колькасць Э. (напр., у хвоі звычайнай вылучаюць 36 Э.).

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗЭ́МА (ад грэч. ekzema высыпка на скуры),

хранічнае захворванне скуры нейраалергічнага паходжання, схільнае да рэцыдываў. Характарызуецца развіццём серознага запалення слоя дэрмы. Узнікае пры парушэннях абмену рэчываў, функцый нерв. сістэмы і залоз унутр. сакрэцыі. У фарміраванні Э. ўдзельнічаюць алергічныя механізмы.

Адрозніваюць Э. сапраўдную, себарэйную, мікробную, прафес. і дзіцячую. Бывае пераважна на скуры твару, рук і ног (разгінальныя паверхні). Прыкметы: пачырваненне, высыпка на скуры (плямы, вузлы, пухіркі, якія лопаюцца), сверб, скура мокне і лушчыцца. У хранічнай стадыі ў ачагах Э. скура ўшчыльняецца, з’яўляюцца трэшчыны, расчухванні. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычыны хваробы, тэрапеўт., курорты з сернымі і радонавымі водамі (напр., Мацэста). У жывёл на Э. хварэюць сабакі, коні, каты.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ВАЛЬ Уладзімір Іванавіч (н. 7.1.1952, в. Адэльск Гродзенскага р-на),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1999), праф. (2001). Скончыў Гомельскі ун-т (1976), з 1975 праиуе ў ім (з 1985 нам. дэкана, з 1990 заг. кафедры). Даследуе фразеалогію, этналінгвістыку, міфалогію, лінгвістыку тэксту. Аўтар манаграфій «Беларускія народныя святы і звычаі» (1993, з В.​С.​Новак), «Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы» (1995), «Усходнеславянская этнафразеалогія: дэрывацыя, семантыка, паходжанне» (1998), «Слоўніка новых і найбольш ужывальных замежных слоў» (1992), «Слоўніка актуальных замежных слоў» (2003) і інш.

Тв.:

Чым адгукаецца слова: Фразеалогія ў павер’ях, абрадах і звычаях. Мн., 1994;

Слово поведает нам...: (Отражение мифол. представлений в лексике рус. и белорус. языков). Гомель, 1995.

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пангене́зіс

(н.-лац. pangenesis, ад гр. pan = увесь + genesis = паходжанне)

гіпотэза Ч. Дарвіна аб механізме спадчыннасці, паводле якой прыкметы і ўласцівасці перадаюцца ад бацькоў дзецям праз дробныя часцінкі, што выдзяляюцца ўсімі клеткамі цела (развіццё генетыкі гэта не пацвердзіла).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мо́рак, ‑у, м.

1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.

2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫФТЭРЫ́Я (ад грэч. diphtherion скурка, плеўка),

інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.

Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.​Клебсам і Ф.​Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.

Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.

П.​Я.​Новікаў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. implicatio спляценне, перапляценне),

лагічная аперацыя, якая з двух выказванняў утварае складанае выказванне з дапамогай лагічнай звязкі, аналагічнай сэнсу злучніка, «калі..., то» (сімвалічны запіс A→B ці A⊃B; чытаецца «калі A, то B», «з A вынікае B» і інш.). Імплікатыўнае выказванне складаецца з антэцэдэнта (выказванне, перад якім падаецца слова «калі») і кансеквента (выказванне, якое ідзе за словам «то»). Адрозніваюць розныя віды І.: матэрыяльную, строгую, рэлевантную і інш. У вылічэннях класічнай логікі найб. шырока выкарыстоўваецца матэрыяльная І. (гл. Матэматычная логіка). Пры яе вызначэнні не ўлічваецца сувязь па сэнсе антэцэдэнта і кансеквента, наяўнасць якой характэрна для сказаў са злучнікам «калі..., то» ў паўсядзённай мове. Антэцэдэнт і кансеквент разглядаюцца толькі з боку іх прыкметы быць або не быць ісціннымі.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАПАТАЛО́ГІЯ,

навука пра імуналагічныя хваробы; раздзел імуналогіі; адзін з кірункаў паталогіі. Таксама паталагічныя змены ў арганізме, абумоўленыя парушэннямі імунітэту. Суправаджаюцца імунадэфіцытам — паніжэннем ахоўных магчымасцей арганізма пад уплывам антыгенаў. Бываюць пры марфал. і функцыян. зменах у сістэме неспецыфічнага і спецыфічнага імунітэту, закранаюць генет., сістэмныя, клетачныя, малекулярныя і інш. механізмы рэагавання арганізма на чужародныя субстанцыі. Аснову для развіцця імунадэфіцыту складаюць разбалансаванасць сістэмы кіравання імунітэтам, уздзеянне на яго клеткі вірусаў, бактэрый, хім. (у т. л. лек.) рэчываў, прадуктаў дысметабалізму і інш. Імунадэфіцыт бывае прыроджаны, або першасны (генет. абумоўлены), другасны, або набыты, транзіторны (пераходны). Прыкметы І. залежаць ад прычыны ўзнікнення, закранаюць гумаральную, марфал. і інш. сферы. Найб. небяспечныя віды І. — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), асобныя аўтаімунныя хваробы, алергічныя хваробы.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКСІ́Т (ад лац. coxa бядро + ...іт),

запаленчы працэс тазасцегнавога сустава. Адрозніваюць К. спецыфічныя інфекц. (ганарэйныя, туберкулёзныя, сіфілітычныя і інш.), неспецыфічныя інфекц. (гнойныя), асептычныя (рэўматоідныя, рэўматычныя, з прычыны хваробы Бехцерава і інш.), як ускладненне інфекц. хваробы (дызентэрыя, бруцэлёз, адзёр і інш.). Бывае востры ці хранічны Прыкметы К.: запаленчыя змены ў сінавіяльнай абалонцы, утварэнне серознага, серозна-фібрознага ці гнойнага выпату. Выяўляецца болем у вобласці пашкоджанага сустава, павышэннем т-ры цела, абмежаванай рухомасцю сустава. Запаленчы выпат у суставе выклікае яго павелічэнне, выхад яго за межы капсулы — абсцэс ці флегмону. Запаленне з сінавіяльнай абалонкі можа пераходзіць на касцявыя структуры, разбурае вяртлюжную ўпадзіну, галоўку і шыйку сцегнавой косці, што выклікае паталаг. вывіх сцягна і пакарачэнне ніжняй канечнасці. Лячэнне: імабілізацыя, тэрапеўтычнае, хірургічнае, артапедычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТАСПІРО́З,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)