1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі.Колас.// Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай.// Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве.Мікуліч.//Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы.Брыль.
2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара.Кулакоўскі.Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо.Гарбук.// Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць.Броўка.На экране танцавала балетная пара.Шамякін.// Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету.Крапіва.// Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.
3.узнач.прысл.па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.
4.узнач.вык., каму(звычайназадмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік.Колас.
5.Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят.Крапіва.
6.Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава].Самуйлёнак.[Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай].Марціновіч.
•••
Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.
На пару; у парызкім — разам, удваіх з кім‑н.
па́ра2, ‑ы, ж.
Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі.Асіпенка.На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца.Корбан.// Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай.Лынькоў.Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом.Шамякін.//Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць.Прымаўка.
•••
Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.
З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.
Паддаць парыгл. паддаць.
Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).
пара́, ‑ы́; мн. по́ры (зліч.2,3,4 пары́), пор і по́раў; ж.
1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой.Танк.А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае.Няхай.Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці.Грамовіч.// Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася.Васілёнак.// Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой.Колас.Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары.Астрэйка.// Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня.Васілёнак.Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара.Муравейка.З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры.Астрэйка.// Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.
2.узнач.вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег.Колас.Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога.Шамякін.
•••
Без пары — рана, дачасна.
Да гэтай пары — да гэтага часу.
Да пары да часу — пакуль што.
З той пары — з таго часу, моманту.
Каторая пара — вельмі позна.
Не ў пару — не ў час, недарэчы.
У пару — у час, своечасова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.
1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз.Кавалёў.Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву.Бядуля.[Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена...Караткевіч.Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю.Шамякін.// Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант./ Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі.Навуменка.
2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора.Зарыцкі.
3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара.Хомчанка./уперан.ужыв.Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ.А. Александровіч.//Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні!Пестрак.
4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца.Карпаў.Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак.Кулакоўскі.[Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду.Чорны.Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася.Каршукоў.// Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу.Бядуля.[Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы.Пташнікаў.// Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву.Блатун.Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі.Бяспалы.//перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць.Брыль.Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык.Шынклер.Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому.Бураўкін.
5.Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула.Машара.[Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!Караткевіч.Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады.Колас.
6.Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.
7.Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.
8.Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня.Пташнікаў.[Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца.Чорны.// Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы.Пташнікаў.
9.Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула...Пестрак.
10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.
11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца.Машара.
12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.
13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.
•••
Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць 1).
Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.
Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).
Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.
Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стары́, ‑ая, ‑ое.
1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць.Лынькоў.Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая.Арабей.Старога вераб’я на мякіне не падманеш.З нар./узнач.наз.стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж.— Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад.Парахневіч.//Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі.// Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы.Зарыцкі.Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша.Лынькоў.// Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала.Чорны.Стары твар маці зморшчаны.Бядуля.
2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай.Валасевіч.— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне.Адамчык.Стары друг лепей за новых двух.Прыказка.// Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў.Шамякін.// Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую.Чарнышэвіч.// Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае.Шыцік.
3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна.Анісаў.// Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам.Ваданосаў.// Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.
4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам».Чорны.За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам.Дубоўка.Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт.Кірэенка.// Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі.Машара.// Несучасны, устарэлы. Старая мода.
5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех.Кулакоўскі./ Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета./ Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год.// Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.
6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды.Дуброўскі.Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца.Якімовіч.//узнач.наз.старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам!Мележ.Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае.Арабей.[Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць.Краўчанка.
7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза.// Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка...Пташнікаў.
•••
Стары заветгл. завет.
Стары светгл. свет.
Стары стыльгл. стыль 2.
Стары халасцякгл. халасцяк.
Голы як стары венікгл. голы.
І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.
Мераць на стары аршынгл. мераць.
Па старой памяцігл. памяць.
Старая песнягл. песня.
Старое карытагл. карыта.
Стары верабейгл. верабей.
Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.
Як старой бабе сесцігл. сесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ме́сца, ‑а, н.
1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска.Шамякін.[Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі.Якімовіч.// Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі.Кулакоўскі.Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата.Колас.// Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае.Лынькоў.Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты.Бядуля.// Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца.Шахавец.Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца.Ставер.// Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.
2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое.Колас.
3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца.Гурскі.Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы.Васілёнак.// Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце.Дадзіёмаў.
4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца.Гартны.[Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася.Крапіва.
5.перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі.Няхай.Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС.Шамякін.// Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці.Мурашка.
6.Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні.Чорны.У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана.Васілевіч.
7.Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў.Філімонаў.
•••
Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.
Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.
Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.
Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.
Ведаць (знаць) сваё месцагл. ведаць.
Вочы на мокрым месцыгл. вока.
Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.
Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.
Душа не на месцыгл. душа.
Жывога месца нямагл. няма.
З месца на месца — з аднаго месца на іншае.
З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.
Каб мне з гэтага месца не сысцігл. сысці.
Мазгі не на месцыгл. мозг.
Месца пад сонцам — права на існаванне.
Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.
На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі.Чорны.
Нагрэць месцагл. нагрэць.
На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы.Брыль.
На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).
На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.
На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.
На тым самым месцы сесцігл. сесці.
Не да месца — калі не трэба, недарэчы.
Не знаходзіць (сабе) месцагл. знаходзіць.
Не месца — не павінна быць.
Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.
Паставіцькагона (сваё) месцагл. паставіць.
Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца.Корбан.
Стаць на (сваё) месцагл. стаць.
Сухога месца нямагл. няма.
Таптацца на (адным) месцыгл. таптацца.
Уступіць месцагл. уступіць.
Цёплае месца — аб даходнай службе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём.Чорны.Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці.Суднік.// Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы.Колас.[Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках.Асіпенка.// Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся.Скрыган./ У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу...Чарот.
2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы.Купала.// Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару.Крапіва.Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца.Колас.
3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры.Купала.
4.узнач.наз.сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька.Сяркоў.[Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была...Зарэцкі.
5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя.Глебка.Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць!Самуйлёнак.
6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы.Колас.
•••
Сам вялікігл. вялікі.
Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.
Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу.Чорны.
Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.
Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі.Бажко.Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам.Карпюк.
Сам на сябе вяроўку сучагл. сукаць.
Сам не гам і другому не дамгл. гам 2.
Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату.Чорны.
Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе.Крапіва.
Сам (сама, само, самі) па сабе — а) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала.Зарэцкі.Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся.Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе.Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам.Машара.
Сам праз сябе — самастойна.
Сам (сама, само, самі) сабе — а) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе.Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў.Сабаленка.
Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца?Танк.
Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.
Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.
Сам (сама, само, самі) сабою — а) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся.Янкоўскі.Шчасце не прыйшло само сабой.Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату.Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой.Куляшоў.
Сам чорт галаву (нагу) зломіцьгл. чорт.
Сам чорт не браткамугл. брат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СТАНАЎЛЕННЕ, РАЗВІЦЦЁ І КАДЫФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА НА БЕЛАРУСІ
СТАРАЖЫТНАЕ ПРАВА.
У стараж.бел. княствах (Полацкім, Турава-Пінскім, Віцебскім, Новагародскім і інш.) дзейнічала пераважна звычаёвае права — сістэма няпісаных правіл паводзін людзей, што абапіралася на даўнасць і агульнапрынятасць ужывання. Звычаёвым правам рэгуляваліся маёмасныя і сямейныя праваадносіны, правы і абавязкі насельніцтва, сістэма органаў улады і інш., у т. л. парадак уступлення на трон князя, які на ўсеагульным вечы прысягаў верна служыць дзяржаве і дзейнічаць у адпаведнасці з мясц. звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на трон афармляліся граматай (калі ён займаў яго па спадчыне) або дагаворам (калі быў запрошаны на княжанне з інш. княства ці «чужой» зямлі).
Першыя пісаныя заканад. акты — Руская праўда і міжнар. дагаворы стараж.бел. княстваў з інш. дзяржавамі. Адным з першых пісаных дагавораў, які дайшоў да нашага часу, лічыцца дагавор 1229, заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам аб добрасуседскіх адносінах і свабодным гандлі па ўсёй Зах. Дзвіне і Балтыйскім узбярэжжы. Падобныя дагаворы заключаліся ў 1264, 1265, 1338 і інш.Гал. мэтай дагавораў у 13—15 ст. было ўстанаўленне і захаванне міру, рэгуляванне свабоды гандл. і дыпламат. зносін. Добрасуседскія адносіны замацоўваліся ў шэрагу дагаворных грамат з Псковам і Вял. Ноўгарадам Так, у 1471 Ноўгарад, імкнучыся захаваць сваю незалежнасць ад Масквы, заключыў дагавор з ВКЛ аб ваен. дапамозе і інш. На працягу стагоддзяў міжнар. дагаворы заключаліся з Маскоўскай дзяржавай. Асобнае месца ў дагаворным праве належыць васальным граматам, што замацоўвалі падпарадкаванне невял. княстваў больш магутным дзяржавам, якія часам не ўваходзілі ў склад дзяржавы-сюзерэна, але былі ў саюзе з ёй.
ЗАКАНАДАЎСТВА ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.
У працэсе ўтварэння ВКЛ складвалася ўласнае агульназемскае (агульнадзярж.) права, прымалася значная колькасць нарматыўных актаў — прывілеяў (грамат). У зборах дакументаў і матэрыялаў археаграфічных камісій (Віленскай, Пецярбургскай, Кіеўскай) надрукаваны розныя віды грамат: дагаворныя, даравальныя, устаўныя, ільготныя, ахоўныя, судныя, пазыўныя і інш. Граматы заканад. характару называліся звычайна «лістами» або «прывілеями». Яны ахоплівалі тэр. ўсёй краіны ці адрасаваліся прывілеяванаму саслоўю (т.зв. агульназемскія граматы); ахоплівалі асобныя землі, адм.-тэр. адзінкі і адрасаваліся ўсяму насельніцтву гэтых зямель (т.зв. абласныя граматы); выдаваліся асобным гарадам, пераважна на магдэбургскае права (т.зв. гарадскія граматы), пэўным установам (напр., цэрквам, манастырам) або асобным сац. і саслоўным групам насельніцтва (сялянам, духавенству, мяшчанам), нац. групам (татарам, яўрэям), а таксама прыватным асобам (падараванні зямельных угоддзяў ці промыслаў, наданні тытулаў, шляхецтва і інш.).
У ліку першых грамат агульнадзярж. характару былі граматы вял. князя Альгерда, выдадзеныя ў 1359, і граматы вял. князя Ягайлы, выдадзеныя ў 1387. Гарадзельская унія 1413 замацавана сумеснай граматай Ягайлы і Вітаўта. У грамаце ад 6.5.1434, выдадзенай вял. князем Жыгімонтам Кейстутавічам, пацвярджалася роўнасць правоў правасл. феадалаў з феадаламі-католікамі; усім феадалам гарантавалася права валодання маёнткамі, карыстання гербамі і інш. знакамі шляхецтва, а таксама асабістая свабода і недатыкальнасць асобы шляхціца.
Важным этапам у развіцці дзярж. заканадаўства была грамата Казіміра ад 2.5.1447, якая мела ярка акрэслены канстытуцыйны характар. У ёй вял. князь ВКЛ абяцаў ахоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы і не даваць зямель і пасад іншаземцам. Грамата адрасавалася не толькі шляхце, але і гарадскому насельніцтву. Прынцыпы недатыкальнасці асобы і яе маёмасці, адказнасці за віну ў судовым парадку пашыраліся і на простых людзей. Адной з найб. прагрэсіўных норм канстытуцыйнага характару было дэклараванне права князям, рыцарам, шляхціцам, баярам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем непрыяцельскіх зямель. Адначасова грамата заканадаўча афармляла права феадалаў судзіць сваіх залежных (падданых) людзей.
Агульназемская грамата 1492 замацоўвала асновы грамадскага і дзярж. ладу ВКЛ, суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства Рады і інш. У гісторыка-прававой л-ры яна атрымала назву «малая феадальная канстытуцыя». Грамата замацавала асн. прынцыпы міжнар. палітыкі ВКЛ: падтрымліваць добрасуседскія адносіны з інш. дзяржавамі, прытрымлівацца заключаных пагадненняў аб міры, саюзах, канфедэрацыях, не парушаць раней заключаных дагавораў. Грамата гарантавала, што ўсе дзярж. пытанні і судовыя пастановы, вырашаныя з панамі-радай, вял. князь не мог «змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць»; што ўсе пасады ў дзяржаве будуць давацца са згоды Рады толькі ўраджэнцам ВКЛ; забараняла пазбаўляць службоўцаў пасад без вызначэння віны. Нормы граматы паклалі пачатак барацьбы са злоўжываннямі асоб мясц. адміністрацыі: ім забаранялася вымагаць у падначаленых і насельніцтва што-небудзь звыш вызначанага законам, браць хабары.
Важным законам, які таксама меў канстытуцыйны характар, стала грамата Жыгімонта 1 Старога, выдадзеная ў 1506. У ёй больш дэталізавана абагульняліся і паўтараліся палажэнні папярэдніх агульназемскіх грамат; пацвярджаліся ўсе правы і вольнасці, дадзеныя гарадам, цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, мяшчанам і інш. жыхарам краіны. Князь абавязваўся не раздрабняць дзярж. землі і вяртаць незаконна адабраныя, дэкларавалася права падданых падаваць чалабітныя і скаргі.
Наступныя агульназемскія граматы (1529, 1547, 1551, 1563 і інш.) у асн. пацвярджалі і паўтаралі раней выдадзеныя прывілеі, хаця мелі і новыя прававыя нормы, у іх ліку нарматыўна-прававыя акты: устава аб маёнтках дзярж. злачынцаў (1509), грамата аб уладзе і правах гетмана ў перыяд паходу з войскам (1507), закон аб спакушэнні ва іудзейства (1540) і інш.
Першыя абласныя граматы, якія замацоўвалі аўтаномныя правы асобных зямель (найчасцей былых стараж. княстваў) у складзе дзяржавы, выдаваліся пераважна ў 14 ст. пры ўваходзе гэтых зямель у склад ВКЛ і потым пацвярджаліся наступнымі князямі. Да нашага часу дайшлі больш познія пацвярджальныя граматы (Полацкай зямлі 1511, 1547, 1580, 1634; Віцебскай зямлі 1503, 1509, 1561; Смаленскай зямлі 1505 і інш.). У іх рэгламентаваліся ўзаемаадносіны гэтых зямель з цэнтр. уладай, правы і абавязкі насельніцтва. Адначасова яны мелі сілу і значэнне мясц. законаў, бо рэгулявалі ўнутранае грамадскае жыццё. Валасныя граматы (гаспадарскія лісты, выракі, уставы) даваліся вял. князем жыхарам пэўных валасцей, як правіла, у адказ на іх скаргі адносна самавольства мясц. адміністрацыі і парушэння старадаўніх правоў. Найчасцей яны рэгламентавалі сял. павіннасці перад дзяржавай і мясц. адміністрацыяй. Гарады ў ВКЛ на падставе гарадскіх грамат набывалі самакіраванне на ўзор магдэбургскага права. Першымі атрымалі такія граматы Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391). На працягу 15—17 ст. правы на самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі каля 60 гарадоў, у т. л. Слуцк, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Нясвіж, Пінск, Віцебск, Орша, Капыль. Граматы грунтаваліся на ўласным звычаёвым праве горада, рэгламентавалі парадак утварэння і кампетэнцыю органаў гар. кіравання — магістратаў у складзе войта (галавы горада), лент-войта (яго намесніка), радцаў, бурмістраў і лаўнікаў. Горад вызваляўся з-пад улады мясц. адміністрацыі — намеснікаў, старостаў і інш., меў пэўныя льготы і ўласны суд. Войта, як правіла, прызначала вярх. ўлада пажыццёва. Колькасць членаў гар. рады (радцаў) залежала ад памеру горада. Кожная грамата змяшчала пэўныя гандл. льготы для гараджан, рэгламентавала права горада на пэўную колькасць кірмашоў на год. Гораду давалася права на зямельную ўласнасць унутры горада і вакол яго. Гараджанам дазвалялася будаваць і атрымліваць прыбыткі з гасціных дамоў, крамніц, важніц, васкабойняў, млыноў, лазняў і інш. Першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства быў прыняты на сойме 29.2.1468 Судзебнік Казіміра, у аснову якога пакладзена звычаёвае права стараж.бел. княстваў.
У пач. 16 ст. створана спец. камісія для кадыфікацыі заканадаўства. Першы звод законаў — Статут 1529, які складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Галоўнае, што адрознівала яго ад падобных заканад. актаў інш. дзяржаў, гэта канстытуцыйная накіраванасць і ўласная кадыфікацыя. Першыя 3 раздзелы Статута ўключалі ў асн. нормы канстытуцыйнага характару, хаця яны меліся і ў інш. раздзелах. Раздзелы 4-ы і 5-ы змяшчалі ў асн. нормы спадчыннага і шлюбна-сямейнага права, 6-ы — судова-працэсуальнага, 7-ы — крымін., 8-ы — зямельнага, 9-ы — адм. (ляснога і паляўнічага), 10-ы — грамадз., 11—13-ы — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Статут замацаваў асновы грамадска-паліт. ладу дзяржавы, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых дзярж. і суд. органаў, прававое становішча розных катэгорый насельніцтва і інш. У ім выкладаліся шматлікія канстытуцыйныя нормы, найважнейшымі з іх былі тыя, што абмяжоўвалі ўладу вял. князя (усе справы ў дзяржаве ён павінен быў вырашаць са згоды паноў-рады і «дзеля агульнай карысці»), абавязвалі яго захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, прытрымлівацца законаў і звычаяў.
Новы статут ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне з 1.3.1566, меў 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. У яго былі ўключаны 3 прывілеі: Віленскія 1563, 1565 і Бельскі 1564. У ім былі нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадз. (у т. л. абавязацельнага, залогавага, зямельнага, апякунскага, спадчыннага), шлюбна-сямейнага, адм., крымін., судова-працэсуальнага і інш. Статут больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць вышэйшых органаў дзяржавы (вял. князя і Рады), канчаткова замацаваў заканад. функцыю сойма (вызначаў яго склад і кампетэнцыю, парадак абрання павятовых дэпутатаў на сойм, дзейнасць павятовых соймікаў); рэгламентаваў дзейнасць новых падкаморскіх і земскіх судоў.
Пасля прыняцця Статута 1566 у ВКЛ працягваліся рэформы (судовая, зямельная, ваенная і інш.), удасканальваўся дзярж.-паліт. лад. У 1569 ВКЛ і каралеўства Польшча аб’ядналіся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць рэфармавання заканадаўства, утворана новая статутавая камісія з паноў-рады, павятовай шляхты, службовых асоб, юрыстаў, духавенства (па 5 ад каталіцкага і правасл.). Работу камісіі ўзначальвалі высокакваліфікаваныя правазнаўцы — канцлер ВКЛ А.Б.Валовіч і падканцлер Л.І.Сапега. Трэці Статут ВКЛ 1588 у параўнанні з папярэднімі меў не толькі большы аб’ём (488 артыкулаў, размешчаных у 14 раздзелах), але і больш дасканалую сістэму размяшчэння прававога матэрыялу. Па сутнасці, Статут з’яўляўся канстытуцыяй дзяржавы, бо яго першыя 3 раздзелы ў асн. былі прысвечаны нормам канстытуцыйнага права. У першую чаргу ён замацоўваў такія важныя канстытуцыйныя прынцыпы, як суверэнітэт дзяржавы і народа, роўнасць усіх свабодных людзей перад законам, іх правы на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на суд. абарону і інш. Абвяшчалася права свабоднага выезду шляхты за межы дзяржавы, недатыкальнасць асобы, права прадстаўніцтва ў органах дзярж. улады і кіравання. Статут замацаваў прынцып падзелу ўлады: заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая — вял. князю і панам-радзе, судовая — новым, створаным у выніку судовай рэформы судовым органам. Аб юрыдычнай дзейнасці Статута 1588 сведчыць тое, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны 19 ст.
На соймах Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. прымаліся шматлікія нарматыўныя акты. Адны з іх тычыліся ўсёй дзяржавы, іншыя толькі Польшчы ці ВКЛ. Пры абранні на каралеўскі трон у 1573 Генрыка Валезы (Валуа) былі распрацаваны Генрыкавы артыкулы як асн. канстытуцыйны акт Рэчы Паспалітай. Але яны ўпершыню падпісаны 30.5.1576 пры каранацыі Стафана Баторыя, а потым падпісваліся ўсімі выбарнымі манархамі. У іх абвяшчалася: свабоднае абранне караля, свабода хрысц. веравызнання, абавязак склікаць агульны (вальны) сойм раз у 2 гады не больш чым на 6 тыдняў. Кароль не валодаў ні заканад., ні выканаўчай, ні суд. уладай; пры каралю меўся пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Без згоды сойма забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны. Прадугледжвалася, што калі кароль будзе дзейнічаць насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта можа адмовіцца ад падпарадкавання і выступіць супраць манарха. У 1768 сойм Рэчы Паспалітай прыняў Кардынальныя правы, паводле якіх захоўвалася выбарнасць караля, канфедэратыўны характар дзяржавы і феадальны лад. У студз. 1791 былі прыняты новыя Кардынальныя правы, у якіх выкладзены асн. прынцыпы канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Рэч Паспалітая абвяшчалася дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам, рэгламентаваліся свабода слова і друку, свабода рэліг. культаў, вечная унія ВКЛ і Польшчы і інш.
Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, выдадзеная 3.5.1791, упершыню абвяшчала, што ўлада ў дзяржаве зыходзіць ад народа; кароль займае сваю пасаду як з Божай ласкі, так і па волі народа. Народ сам забяспечвае абарону дзяржавы і захаванне суверэнітэту, а ўсе грамадзяне з’яўляюцца абаронцамі цэласнасці дзяржавы і нар. свабод. Канстытуцыя 1791 прадугледжвала ператварэнне Рэчы Паспалітай з канфедэрацыі ў федэратыўную дзяржаву. Упершыню ўтвараўся адзіны ўрад усёй Рэчы Паспалітай — Стража правоў (законаў). Ён складаўся з караля (старшыні ўрада), прымаса (галавы каталіцкай царквы і адначасова старшыні адукац. і навук. камісіі) і 5 міністраў, якіх прызначаў кароль з вышэйшых службовых асоб Польшчы і ВКЛ. Абвяшчаўся падзел улады на заканад., выканаўчую і судовую. Сойм станавіўся пастаянна дзеючым заканад. органам, адмянялася ліберум вета і інш.
ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ.
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі працягваў дзейнічаць Статут 1588. Адначасова ў дзеянне ўводзіліся заканад. акты Рас. імперыі: «Даравальная грамата дваранству» (1785), «Даравальная грамата гарадам» (1785, у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права на Беларусі), «Статут добрапрыстойнасці» (1782), «Установа для кіравання губерняў» (1775), «Настаўленне губернатарам» (1764) і інш. Прымаліся і спец.заканад. акты адносна кіравання губернямі, змен у адм.-тэр. падзеле і інш. Указам ад 23.6.1794 была ўведзена «мяжа аселасці» для яўрэяў, якая ўключала бел. і частку ўкр. губерняў. У 1826 у сувязі з работай кадыфікацыйнай камісіі М.Спяранскага па падрыхтоўцы Збору законаў Рас. імперыі пачалася праца па падрыхтоўцы Збору мясц. законаў зах. губерняў пад кіраўніцтвам бел. вучонага-юрыста І.Даніловіча, якая ў асн. завершана ў 1834 (дапрацоўка некаторых раздзелаў вялася да 1837). Аднак падрыхтаваны праект не быў уведзены ў дзеянне. У 1840 канчаткова адменена дзеянне Статута 1588 і інш. законаў часоў ВКЛ.
На Беларусі пачало дзейнічаць агульнарас. заканадаўства. У 1845 зацверджана, а з 1846 уведзена ў дзеянне «Улажэнне аб пакараннях крымінальных і папраўчых», паводле якога памешчыкі захоўвалі права суда над сялянамі, а суды мелі права ўжываць самыя жорсткія пакаранні (сялян і мяшчан маглі караць катаржнымі работамі, біццём розгамі, пугамі, палкамі). 19.2.1861 прыняты маніфест аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва, агульныя і мясц. палажэнні, а таксама інш.заканад. акты адносна правядзення сял. рэформы (выдадзена 17 актаў). 27.11.1864 прыняты 4 Судовыя ўставы аб суд. рэформе, 16.6.1870 — Гарадавое палажэнне аб гар. рэформе і інш. Але на Беларусі ўсе гэтыя нарматыўна-прававыя акты ўводзіліся ў дзеянне, як правіла, пазней, з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі. Гарадавое палажэнне ўведзена ў 1875. Пачатак земскай рэформы 1864 на Беларусі пакладзены Палажэннем ад 2.4.1903, пазней указам ад 14.3.1911 у трох усходніх бел. губернях (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) уведзена Палажэнне аб земствах з некаторымі папраўкамі і зменамі. Важнымі заканад. актамі сталі царскі Маніфест ад 6.8.1905 аб утварэнні Дзярж. думы, Маніфест ад 17.10.1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» і інш.заканад. акты, прынятыя ў час 1-й рус. рэвалюцыі. Паводле палажэння аб выбарах у Дзярж. думу бел. губерні атрымалі права выбіраць дэпутатаў (Віленская, Гродзенская і Магілёўская — па 7 дэпутатаў, Віцебская — 6, Мінская — 9). На падставе ўказа ад 9.11.1906, законаў ад 14.7.1910 і 29.6.1911 у Рас. імперыі пачалася т.зв. сталыпінская рэформа, накіраваная на развіццё фермерскіх сял. гаспадарак. У час 1-й сусв. вайны быў прыняты шэраг рас. надзвычайных законаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пачалі дзейнічаць пастановы Часовага рас. ўрада. Паступова адбываўся працэс ліквідацыі рас.дзярж.-прававой сістэмы і адраджэння бел. дзяржаўнасці, нац. права і заканадаўства.
ЗАКАНАДАЎСТВА Ў БССР.
Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі 1.1.1919 апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; усе землі памешчыкаў і манастыроў, усе лясы, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі, заводы, банкі, шляхі зносін, паштовыя, тэлегр. і тэлеф. сеткі абвяшчаліся ўласнасцю рабочых і бяднейшых сялян Беларусі; устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень; прац. ўсіх нацыянальнасцей прызнаваліся раўнапраўнымі. I Усебел. з’езд Саветаў 3.2.1919 зацвердзіў першую Канстытуцыю БССР. Вышэйшым органам дзярж. улады БССР абвяшчаўся Усебел. з’езд Саветаў. У перыяд паміж яго з’ездамі ўся паўната ўлады належала ЦВКБССР. Заканад. паўнамоцтвы меў таксама Прэзідыум ЦВК і Вял. Прэзідыум ЦВК (урад БССР). У лют. 1919 Прэзідыум ЦВК зацвердзіў Палажэнне аб выбарах у валасныя і сельскія Саветы.
Пасля стварэння 27.2.1919 Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на тэр. адзінай рэспублікі захоўвалі сілу дэкрэты і пастановы БССР і Літ. ССР. Заканад. акты РСФСР пашыраліся на тэр. Літбела спец. пастановамі ўрада. 31.7.1920 на пасяджэнні Мінскага губ.ВРК і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і інш. грамадскіх арг-цый прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая аб’явіла аднаўленне БССР на асновах, устаноўленых Маніфестам 1919. Аснову федэратыўных узаемаадносін Сав. Беларусі з РСФСР складалі прынцыпы раўнапраўя, добраахвотнасці, захавання дзярж. і нац. суверэнітэту абедзвюх рэспублік. Да склікання Усебел. з’езда Саветаў вышэйшую ўладу ў рэспубліцы выконваў Ваенна-рэв. камітэт БССР. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР 1919, паводле якіх утвараўся Савет Народных Камісараў (СНК) рэспублікі як вышэйшы орган дзярж. кіравання; прыняў пастанову аб надзяленні зямлёй батракоў, беззямельных і малазямельных сялян.
Працоўныя адносіны ў БССР рэгуляваліся Кодэксам законаў аб працы РСФСР 1918, які ўстанавіў 8-гадзінны рабочы дзень для дарослых і 6-гадзінны для падлеткаў і асоб, занятых на работах са шкоднымі ўмовамі працы, забараніў звышурочныя работы, вызначыў абавязковую прац. павіннасць для ўсіх працаздольных грамадзян ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў. Сямейныя адносіны рэгуляваліся Кодэксам законаў аб актах грамадз. стану, сямейным і апякунскім праве РСФСР 1918. У барацьбе са злачыннасцю судова-следчыя органы БССР карысталіся кіруючымі асновамі па крымін. праве РСФСР 1919. Заканад. органы БССР выдавалі і свае заканад. акты з улікам мясц. умоў. У першыя гады сав. улады на тэр.БССР дзейнічалі Грамадз. і Крымін. кодэксы РСФСР, Кодэкс законаў аб працы РСФСР, Крымін.-працэсуальны кодэкс РСФСР (усе 1922). 15.4.1923 ЦВКБССР увёў у дзеянне новы Крымін.-працэсуальны кодэкс БССР. Асаблівасці землекарыстання на Беларусі выклікалі неабходнасць распрацаваць Зямельны кодэкс БССР, які 29.3.1923 зацверджаны ЦВКБССР і з 15.4.1923 уведзены ў дзеянне. На тэр. Віцебскай і Гомельскай губ. дзейнічаў Зямельны кодэкс РСФСР 1922. Пасля вяртання гэтых тэр.БССР у 1924 паўстала неабходнасць распрацаваць адзіны Зямельны кодэкс. Прэзідыум ЦВКБССР 21.2.1925 зацвердзіў новы Зямельны кодэкс БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.4.1925.
У сувязі з зацвярджэннем 31.1.1924 Канстытуцыі СССР Надзвычайны VI Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924) даручыў ЦВКБССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі БССР, які ў лют. 1925 разгледжаны і ўхвалены на 4-й сесіі ЦВКБССР. 11.4.1927 8-ы Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. Яна вызначала, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — сацыяліст. дзяржава дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюзу рабочых і сялян. Асн. сродкі вытворчасці — зямля, лясы, нетры, воды, фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі — абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы. Замацоўваліся суверэнныя правы рэспублікі: самаст. прымаць канстытуцыю і ўносіць у яе змены, вырашаць пытанні аб змене граніц БССР, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, прымаць у грамадзянства БССР. Канстытуцыя вызначала выключную кампетэнцыю ўсебел. з’ездаў Саветаў, парадак утварэння, дзейнасць і паўнамоцтвы ЦВКБССР, яго Прэзідыума і СНК рэспублікі, сістэму мясц. органаў улады і кіравання, выбарчую сістэму; асн. правы і свабоды грамадзян. У студз. 1930 СНКБССР прыняў пастанову аб пераводзе на гасп. разлік усіх дзярж.прамысл. прадпрыемстваў. Узмацніліся заканад. меры па абмежаванні, а потым і выцясненні прыватнага капіталу з нар. гаспадаркі. У Грамадз. кодэкс унесены змены, якія расшырылі маёмасныя правы грамадзян. Нормы Грамадз. працэсуальнага кодэкса прыводзіліся ў адпаведнасць з законамі Саюза ССР. 27.7.1929 ЦВК і СНКБССР прынялі новы Кодэкс аб працы БССР, які пашыраў паўнамоцтвы прафсаюзаў у галіне кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства. 27.1.1927 ЦВКБССР зацвердзіў Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.3.1927. У галіне зямельнага заканадаўства, адпаведна з агульнасаюзнымі законамі, устанаўліваліся льготы калгасам і саўгасам у правядзенні землеўпарадкавання, абмяжоўвалася здача зямлі ў арэнду, прадугледжвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. У перыяд масавай калектывізацыі землекарыстанне рэгулявалася Прыкладным статутам с.-г. арцелі, зацверджаным СНКСССР і Прэзідыумам ЦВКСССР 1.3.1930. У студз. 1927 ЦВКБССР зацвердзіў Водна-меліярацыйны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 8.3.1928). Крымін. заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнасаюзнымі актамі. 23.9.1928 ЦВКБССР зацвердзіў Крымін. кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1928). З прыняццем у 1924 Асноў крымін. судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублік і Палажэння аб судовым ладзе БССР (пастанова ЦВК і СНКБССР ад 10.11.1027) у Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) 1923 унесены значныя змены, якія павышалі ролю пракурора ў крымін. працэсе, дапускалі ўдзел грамадскіх абвінаваўцаў і абаронцаў. 2.7.1926 ІДВК БССР зацвердзіў Папраўча-працоўны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1926). У прац. заканадаўстве ўдасканальваліся палажэнні, якія рэгулявалі нарміраванне працы і заработнай платы, у 1933 канкрэтызавана палажэнне аб перадачы прафсаюзам функцый аховы працы і сац. страхавання. Крымін. заканадаўства ўзмацняла адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі, злоснае хуліганства, парушэнне правоў маці і дзіцяці, за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць і інш. Устанаўлівалася крымін. адказнасць за здраду Радзіме (шпіянаж, выдача ваен. ці дзярж. тайны, пераход на бок ворага, уцёкі за мяжу і інш.). У 1933—35 унесены змены ў крымін.-працэсуальнае заканадаўства.
19.2.1937 Надзвычайны Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. У ёй прыняцце рэсп. законаў аднесена выключна да кампетэнцыі Вярх. Савета БССР — вышэйшага органа дзярж. улады ў рэспубліцы. Да кампетэнцыі Саюза ССР аднесены ўстанаўленне асноў заканадаўства ў галіне асветы, аховы здароўя, працы, прыняцце законаў аб судовым ладзе, крымін. і грамадзянскага кодэксаў. Да ведання рэспублікі аднесена ўстанаўленне парадку землекарыстання і заканадаўства аб працы.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССРСНКБССР прыняў пастановы аб нацыяналізацыі ў Зах. Беларусі фабрык, заводаў, гандл. прадпрыемстваў і інш. З прыняццем закона аб судовым ладзе СССР 1938 унесены змены ў ГПК БССР, у прыватнасці, устанаўлівалася, што ўсе грамадз. справы павінны разглядацца ў нар. судах з удзелам нар. засядацеляў. Зямельнае заканадаўства прадугледжвала меры па ахове калгасных зямель ад разбазарвання, удасканальванні правіл буд-ва, эксплуатацыі і аховы водна-меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Унесены змены ў прац. заканадаўстве: уведзены прац. кніжкі; вызначаны новы рэжым рабочага часу; забаронена скасоўваць прац. адносіны па жаданні работнікаў і інш. Расшырана сфера крымін. адказнасці і ўзмоцнена пакаранне за шэраг злачынстваў.
У 1944—46 СНКБССР прыняў шэраг пастаноў па пытаннях росшуку і размеркавання грамадскай маёмасці, аднаўлення і развіцця ўсіх форм кааперацыі, арганізацыі дагаворных гасп. сувязей, абавязковых паставак с.-г. прадукцыі. Зямельнае і калгаснае заканадаўства забяспечвала аднаўленне парушаных у час акупацыі зямельных адносін, рацыянальнае выкарыстанне зямлі, матэрыяльную дапамогу калгаснай вытворчасці, строгі рэжым вядзення фін. гаспадаркі ў калгасах і арганізацыю калгаснага гандлю. Прац. заканадаўства ваенных гадоў дазваляла кіраўнікам прадпрыемстваў устанаўліваць звышурочныя работы ад 1 да 3 гадзін у дзень, прадугледжвала часовую мабілізацыю незанятага працаздольнага гар. насельніцтва для работы на вытв-сці і буд-ве, уводзіла ваен. становішча на транспарце. Адпаведныя нарматыўныя акты Саюза ССР цалкам пашыраліся і на тэр.БССР па меры яе вызвалення. Унесены змены ў сямейнае заканадаўства: ураўноўваліся ў правах усыноўленыя з дзецьмі ўсынавіцеля, павялічана дзярж. дапамога цяжарным жанчынам, мнагадзетным і адзінокім маці, узмоцнена ахова мацярынства і дзяцінства. Юрыд. значэнне прызнавалася толькі за зарэгістраваным шлюбам, уведзены судовы парадак яго скасавання. Грамадз. заканадаўства прадугледжвала расшырэнне і ўдасканаленне дагаворных сувязей паміж гасп. арг-цыямі, развіццё мясц. прамысловасці, умацаванне планавых асноў у капітальным буд-ве. У 1950 прыняты нарматыўныя акты па аб’яднанні невялікіх калгасаў, зменены прававыя інстытуты, што датычылі забеспячэння нар. гаспадаркі кадрамі, умацавання прац. дысцыпліны, узмацнення аховы працы. З 1947 адноўлена практыка заключэння калектыўных дагавораў паміж адміністрацыяй і ФЗМК прафсаюзаў. У сямейным заканадаўстве ўдасканальваліся нормы, якія рэгулявалі парадак узяцця і скасавання шлюбу, спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аховы мацярынства і дзяцінства. У крымін. заканадаўстве развіваліся 2 узаемазвязаныя тэндэнцыі: узмацненне адказнасці за найб. цяжкія злачынствы і звужэнне сферы крымін. пакарання за дзеянні, якія страцілі грамадскую небяспеку.
З 1950-х г. больш інтэнсіўна абнаўлялася і кадыфікавалася заканадаўства Беларусі. Пачаткам гэтага працэсу паслужыў закон Вярх. Савета СССР ад 11.2.1957 «Аб аднясенні да ведання саюзных рэспублік прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў». Былі распрацаваны і прыняты Закон «Аб судовым ладзе Беларускай ССР» (ліст. 1959), Крымін. і Крымін.-працэсуальны кодэксы БССР (снеж. 1960). Вярх. СаветБССР у чэрв. 1964 прыняў Грамадз. і Грамадз. працэсуальны кодэксы БССР, зацвердзіў Зямельны (снеж. 1970) і Водны (снеж. 1972) кодэксы Беларускай ССР, Кодэкс аб шлюбе і сям’і БССР (чэрв. 1969) і Папраўча-працоўны кодэкс БССР (ліп. 1971), прыняты законы: аб ахове прыроды (1961); аб сельскім, пасялковым Савеце дэпутатаў працоўных (1968); аб ахове помнікаў культуры (1969); аб ахове здароўя (1970); аб раённым Савеце дэпутатаў працоўных і аб гарадскім, раённым у горадзе Савеце дэпутатаў працоўных (1971); аб дзярж. натарыяце (1974), аб нар. адукацыі (1974). З мэтай далейшага ўдасканалення і сістэматызацыі дзеючага заканадаўства ЦККПБ, Прэзідыум Вярх. Савета БССР і Савет Міністраў БССР прынялі 1.11.1976 пастанову «Аб падрыхтоўцы і выданні Збору законаў Беларускай ССР». Пазачарговая сесія Вярх. Савета БССР 14.4.1978 прыняла новую Канстытуцыю БССР, якая цалкам адпавядала агульнасаюзнай Канстытуцыі 1977.
Да асн.рэсп.заканад. актаў 1980-х г. адносяцца Законы «Аб выбарах раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб парадку адклікання народных суддзяў і народных засядацеляў раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларускай ССР» (1989). У 1983 прыняты Жыллёвы кодэкс БССР, у 1984 — Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях.
ЗАКАНАДАЎСТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.
27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй падкрэслівалася, што дзярж. суверэнітэт абвяшчаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны. 27.2. 1991 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР», у якім абвяшчалася, што народ — носьбіт суверэнітэту і адзіная крыніца дзярж. улады ў краіне. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь (скарочана — Беларусь).
Пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне актывізаваўся працэс заканатворчасці, накіраваны на ажыўленне гасп. дзейнасці, рэфармавання дзярж. апарату. Прыняты законы: «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (14.12.1990), «Аб арэндзе» (12.12.1990), «Аб прадпрыемствах» (14.12.1990), «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (18.2.1991), «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» (28.5.1991), «Аб прыярытэтным сацыяльна-культурным і эканамічным развіцці сяла і аграпрамысловага комплексу» (29.5.1991), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (30.5.1991), «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (16.4.1992), «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах» (12.3.1992), «Аб таварных біржах» (13.3.1992), «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю» (9.12.1992), «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (19.1.1993). Гэтымі законамі поруч з дзярж. прызнавалася і прыватная ўласнасць, дазвалялася прадпрымальніцкая дзейнасць, але не дапускалася неабмежаваная прыватызацыя вытворчых фондаў. Са снеж. 1991 пачалі фарміравацца асновы новай падатковай палітыкі краіны, замацаваныя ў законах «Аб падатках на дадатковую вартасць», «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», «Аб падатках на даходы і прыбытак», «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)», «Аб падатку на нерухомасць». У 1992 прыняты закон «Аб дзяржаўнай пошліне».
Новае сац.-культурнае заканадаўства адлюстравана ў законах: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (22.2.1991), «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (4.6.1991), «Аб адукацыі» (29.10.1991), «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1991), «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (30.10.1992), «Аб ветэранах», (17.4.1992), «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (13.11.1992), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (26.11.1992), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1992), «Аб ахове здароўя» (18.6.1993), «Аб фізічнай культуры і спорце» (18.6.1993). Дэмакратызацыя паліт. жыцця ў краіне ажыццяўлялася праз законы «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (13.2.1991), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб рэферэндуме (народным галасаванні) у Рэспубліцы Беларусь» (13.6.1991), «Аб прафесійных саюзах» (22.4.1992), «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (17.12.1992), «Аб адвакатуры» (15.6.1993). Рэарганізацыя дзярж. апарата пачата законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь» (25.8.1991). У сак. 1992 пачало дзейнічаць Мін-ва абароны краіны. У маі 1992 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб перападпарадкаванні фарміраванняў Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». У ліст. 1992 Вярх. Савет прыняў законы: «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб статусе ваеннаслужачых», якія склалі прававую базу фарміравання і функцыянавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастр. 1991 Камітэт дзярж. бяспекі падначалены Вярх. Савету. 13.3.1992 Вярх. Савет прыняў закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», якім істотна ўзмоцнена кантрольная функцыя парламента краіны. Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (29.1.1993) пашыраліся магчымасці пракурорскага нагляду. 23.4.1992 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы», у якой прадугледжвалася істотная перабудова сістэмы праваахоўных органаў. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалася праца над праектам новай Канстытуцыі. Быў вывучаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва большасці сучасных дэмакр. дзяржаў. 15.3.1994 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята Вярх. Саветам. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавай. Замацоўваліся правы і свабоды асобы, прадугледжаныя ў міжнар. пактах аб правах асобы. Упершыню Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з выразна акрэсленым раздзяленнем улад — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Адначасова вылучаліся кантрольна-наглядныя органы дзяржавы — Канстытуцыйны суд, Кантрольная палата і Пракуратура. Вышэйшым прадстаўнічым і заканад. органам дзярж. улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У яго кампетэнцыю ўваходзіла прыняцце і змяненне Канстытуцыі, прыняцце законаў і пастаноў, ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, тлумачэнне Канстытуцыі і законаў.
Істотныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 унесены ў выніку правядзення рэсп. рэферэндуму 24.11.1996. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. У 1994—96 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг законаў з улікам палажэнняў Канстытуцыі 1994: «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб палітычных партыях», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб бежанцах», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», «Аб зваротах грамадзян», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і інш. Прыняццем гэтых законаў завяршыўся першы этап станаўлення заканадаўства незалежнай Беларусі. Другі этап пачаўся пасля прыняцця на рэсп. рэферэндуме 1996 новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Найб. значнай з’явай гэтага этапа развіцця бел. заканадаўства з’явілася яго кадыфікацыя. На працягу 1997—2000 Нац. сход Рэспублікі Беларусь прыняў 18 кодэксаў, у т. л. Мытны кодэкс, Грамадз. кодэкс, Грамадз. працэсуальны кодэкс, Крымін. кодэкс, Крымін.-працэсуальны кодэкс, Прац. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Паветраны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Крымін.-выканаўчы кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Выбарчы кодэкс і інш. Законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Урада Рэспублікі Беларусь у 1997—2003 накіраваны на развіццё нар. гаспадаркі ў рэчышчы рыначнай эканомікі, сац. абароны насельніцтва краіны, трывалага правапарадку, эфектыўнай дзейнасці дзярж. апарату: «Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва», «Аб экспартным кантролі», «Аб сумесным домаўладанні», «Аб дзяржаўным прагназіраванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб энергазберажэнні», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб чыгуначным транспарце», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб натуральных манаполіях», «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў», «Аб газазабеспячэнні», «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і інш.Сац. абарона насельніцтва і забеспячэнне грамадскага парадку рэгуляваліся законамі «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (усе 1997), «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб іміграцыі» (усе 1998), «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб турызме», «Аб творчых саюзах і творчых работніках» (усе 1999), «Аб прамысловай бяспецы небяспечных вытворчых аб’ектаў», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (усе 2000), «Аб перавозцы небяспечных грузаў», «Аб пахаванні і пахавальнай справе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб зброі» (усе 2001), «Аб барацьбе з тэрарызмам», «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб наркалагічных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах», «Аб надзвычайным становішчы», «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы», «Аб дарожным руху» (усе 2002), «Аб ваенным становішчы», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэннях непаўналетніх», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб якасці і бяспечнасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» (усе 2003). Гуманізм дзярж. палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія здзейснілі крымінальныя правапарушэнні, адлюстраваны ў законах аб амністыях 2000 і 2002.
Заканадаўча вызначаны прававы статус адпаведных дзярж. органаў, у т. л. адказнасць за належнае выкананне дадзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў: законы «Аб дзяржаўнай статыстыцы», «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (абодва 1997), «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб гаспадарчых судах Рэспублікі Беларусь», «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (усе 1998), «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых органаў» (1999), «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (2000), «Аб органах фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь», «Аб аварыйна-выратавальных службах і статусе выратавальніка» (абодва 2001), «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных становішчах Рэспублікі Беларусь» (2002), «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» (абодва 2000), «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінск», «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» (абодва 2002) і інш.
У заканадаўстве гэтага перыяду прыярытэтнае значэнне мелі нормы міжнар. права. З 1997 Нац. сход Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў шэраг міжнар. дагавораў і пагадненняў аб далучэнні да іх, у т. л. «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі або паміж міжнароднымі арганізацыямі» (9.11.1990), «Аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» (24.12.1999), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статуса бежанцаў» (4.5.2001), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі» (3.12.2001), «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у адносінах некаторых міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе» (1.11.2002) і інш.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў шэраг указаў, якія прадугледжвалі істотнае ўдасканальванне законапраектнай дзейнасці. Так, указам ад 28.7.1997 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжвалася стварэнне спец.дзярж. органа, асн. задача якога — фарміраванне адзінай законапраектнай дзейнасці. Указам ад 4.3.1998 «Аб некаторых пытаннях законапраектнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны патрабаванні да парадку распрацоўкі законапраектаў, да іх узгаднення і працэдуры ўнясення ў парламент. Указам ад 23.6.1998 зацверджана Палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў. У адпаведнасці з Указам ад 20.7.1998 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь», дэкрэтам Прэзідэнта ад 10.12.1998 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» прававыя акты, уключаныя ў Нац. рэестр, падлягаюць апублікаванню ў выданні Нац. рэестра, якому нададзены статус афіцыйнага. Уся дзейнасць па вядзенні Нац. рэестра прававых актаў, яго выданне даручаны Нац. цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Важная роля ва ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці належыць Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (2000), у якім вызначаны віды нарматыўных прававых актаў, іх іерархія, парадак планавання нарматворчасці, ажыццяўлення заканад. ініцыятывы, прыняцця нарматыўных прававых актаў, набыцця і страты імі юрыд. сілы. Сфарміравалася практыка планавання заканад. дзейнасці. Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта. З 2001 распрацоўваюцца дзярж. праграмы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь на больш доўгія тэрміны. Каб пазбегнуць унутраных супярэчнасцей і. дубліравання, прадугледжана экспертыза заканадаўчых актаў. Усе законапраекты, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў Нац. сходу, праходзяць экспертызу ў Нац. цэнтры законапраектнай дзейнасці, а нарматыўныя акты ўрада, міністэрстваў і інш. органаў дзярж. кіравання — у Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19.1. 1999 выдаў указ «Аб фарміраванні і выданні Збору законаў Рэспублікі Беларусь». Ён павінен быць поўным сістэматызаваным зборам заканад. актаў Рэспублікі Беларусь. З мэтай удасканальвання нарматворчага працэсу Указам Прэзідэнта краіны ад 10.4.2002 ухвалена Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Асн. задача канцэпцыі — павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін з мэтай абароны правоў і свабод асобы, дзярж. суверэнітэту, нац. інтарэсаў і бяспекі; прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі норм міжнар. права, ажыццяўленне прававой інтэграцыі нац. заканадаўства з заканадаўствам Рас. Федэрацыі, дзяржаў-удзельніц Еўразійскай эканам. супольнасці і СНД.
Кр.:
Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1—5. СПб., 1846—53;
Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960;
Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. Т. 3. 1938—1975 гг.Мн., 1976;
Конституция Белорусской Советской Социалистической Республики. Мн., 1978;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г.Мн., 1997;
Сборник действующих нормативных актов Президента Республики Беларусь: 1994—1998. Мн., 1999;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.
Літ.:
Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Белорусского государства. Киев, 1889;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва в XV—XVI вв. Мн., 1961;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;
Доўнар Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;
Яе ж. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст.Мн., 2000;
Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права. Мн., 2000;
Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь: Мн., 2001.
Т.І.Доўнар (старажытнае права, заканадаўства ў часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі), У.А.Кучынскі (заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спра́ва1, ‑ы, ж.
1. Работа, занятак; тое, чым хто‑н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы.Колас.Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе.Краўчанка.Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў.Валасевіч.[Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам.А. Вольскі./якая;частаўзнач.вык.Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. □ Хіба жаночая справа дровы вазіць?Мележ.//звычайнамн. (спра́вы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. □ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі.Кулакоўскі.[Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах.Крапіва./ У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры.// Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго‑н. Справа партызан была справай народа.Брыль.На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў.Анісаў.
2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай.Гамолка.[Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай.Асіпенка.І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім.Глебка.// Вынік якой‑н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць.Бачыла.
3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце.Машара.// Карысны занятак. Ён заняты справай.
4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся.Дуброўскі.Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах.Якімовіч.//камудакаго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго‑, чаго‑н. Яму да ўсяго ёсць справа. □ Нікому да Жоры справы не было.Гаўрусёў.
5. Абавязак, доўг; кола чыіх‑н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. □ Веданне з’яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка.Кудраўцаў.//чаго; узнач.вык. Тое, што залежыць ад чаго‑н., мае адносіны да чаго‑н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. □ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі.Самуйлёнак.
6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. □ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год.В. Вольскі.[Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты.Крапіва.Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы?Матрунёнак.//чаго. Усё, што ўваходзіць у якую‑н. задачу, мае адносіны да якой‑н. з’явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. □ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру.Маўр.
7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога‑н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. □ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд.У. Калеснік.
8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. □ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію.Лобан.
9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі.Колас.Гэтая справа ў раёне граніцы была.Куляшоў.Справа была вясной, перад вялікаднем.Чарнышэвіч.//Разм. Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета.Васілевіч.
10.Разм. Становішча дзе‑н., стан каго‑, чаго‑н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе.Мележ.Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору.Даніленка.// У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая.Шыцік.
11.(успалучэннізпрыметнікам)узнач.вык. Рэч, з’ява. Загінуць у баі — справа не мудроная.Гурскі.Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх.Янкоўскі.
12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа.Агняцвет.Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць.Корбан.Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна.Колас.
•••
Асабовая справа — папка з дакументамі якой‑н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.
Павераны ў справахгл. павераны.
Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.
Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.
Гіблая справа — нічога добрага не будзе.
Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.
Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.
(І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго‑н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом.Чарнышэвіч.
Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.
Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.
Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.
Мець справузкім-чымгл. мець.
Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).
На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе.Чарнышэвіч.
На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны.Панчанка.
Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым‑н.
Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.
Пакуль суд ды справагл. суд.
Справа ідзепрашто(абчым) — размова ідзе пра што‑н. (аб чым‑н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка.Крапіва.
Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг.Васілёнак.
Такая справа — вось у чым справа.
У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор.Гартны.
Ясная справа — вядома, безумоўна.
спра́ва2, прысл.
З правага боку; проціл. злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы.Корбан.Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай.Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.