БАРЗО́Ў (Валерый Піліпавіч) (н. 20.10.1949, г. Самбар Львоўскай вобл.),

украінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. Культуры (1971). Алімп. чэмпіён (1972, Мюнхен) у бегу на 100 м і 200 м, сярэбраны прызёр Алімп. гульняў 1972 у эстафеце 4 × 100 м, бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1976 у бегу на 100 м і эстафеце 4 × 100 м. Неаднаразовы чэмпіён Еўропы і СССР у 1969—77. Рэкардсмен Еўропы і СССР у 1970—75. У 1986—91 нам., старшыня Дзяржкамспорту Украіны. З 1991 міністр па справах моладзі і фіз. культуры; прэзідэнт Нац. Алімп. к-та Украіны.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),

палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).

М.Бегін.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІФЭ́ (Galliffet) Гастон Аляксандр Агюст, маркіз дэ (23.1.1830, Парыж — 8.7.1909), французскі военачальнік. Генерал (1870). У арміі з 1848. Удзельнічаў і вызначыўся ў Крымскай вайне 1853—56, аўстра-італа-французскай вайне 1859, Мекс. экспедыцыі 1861—67 і інш. У франка-прускую вайну 1870—71 пасля здачы французамі Седана трапіў у палон. На чале кав. брыгады арміі версальцаў удзельнічаў у задушэнні Парыжскай камуны 1871. Чл. Вышэйшага ваен. савета (з 1880). Інспектар кавалерыі (з 1885). Ваен. міністр (1899—1901). Дамогся ўвядзення ў франц. кавалерыі ваен. штаноў асаблівага крою (аблягалі калені і пашыраліся ўгору), вядомых як галіфэ.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),

палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл. Ісп. сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.​Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).

Літ.:

Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.

Ф.Гансалес Маркес.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ (Davout, Davoust, d’Avout) Луі Нікала (10.5.1770, Ану, каля г. Авалон, Францыя — 1.6.1823), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), князь Экмюльскі (1809). Скончыў Парыжскую ваен. школу (1788). У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 перайшоў на бок рэв. народа. Удзельнічаў у Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801. У 1805—14 камандзір корпуса, вызначыўся ў бітвах пад Аўстэрліцам (1805), Аўэрштэтам (1806) і Экмюлем (1809). З 1807 губернатар вял. герцагства Варшаўскага. У 1813—14 кіраваў абаронай Гамбурга ад рас.-прускіх войск. У час «Ста дзён» (20.3—15.7.1815) ваен. міністр Напалеона. Пры Бурбонах спачатку ў няміласці, з 1819 пэр Францыі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.​Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас.вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ТЧЭНЕР ((Kitchener) Гарацыо Герберт) (24.6.1850, Лістоўэл, Ірландыя — 5.6.1916),

брытанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1909), граф Хартумскі (1914). З 1874 у брыт. калан. войсках на Б. Усходзе, з 1883 у Егіпце. У 1886—88, 1899 ген.-губернатар Усх. Судана. У 1892—98 галоўнакамандуючы англа-егіп. арміяй, кіраваў задушэннем паўстання махдыстаў. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 нач. штаба, з 1900 камандуючы брыт. войскамі. У 1902—09 служыў у Індыі. У 1911—14 брыт. ген. консул у Егіпце, фактычны кіраўнік краіны. З 1914 ваен. міністр Вялікабрытаніі. Загінуў у 1-ю сусв. вайну на крэйсеры «Хэмпшыр», які падарваўся на міне.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН ТХІЕ́Ў (Nguyễn Vãn Thieû; н. 5.4.1923, г. Фанранг, В’етнам),

ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. В’етнама. Ген.лейтэнант. Скончыў Нац. ваен. акадэмію (1949). У 1945—46 чл. В’етміня (выйшаў з яго з-за нязгоды з палітыкай камуністаў). Пасля абвяшчэння на Пд В’етнама Рэспублікі В’етнам (РВ) на розных кіруючых пасадах у яе ўзбр. сілах: камандзір дыв., корпуса, нач., Ген. штаба, міністр абароны. З чэрв. 1965 кіраўнік дзяржавы. У 1967 выбраны прэзідэнтам РВ. 13.4.1975 у выніку наступлення войск Дэмакр. Рэспублікі В’етнам і атрадаў Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама падаў у адстаўку і пакінуў краіну. Жыве ў Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)