старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст.н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх.збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.
Да арт.Гарні. Рэшткі язычніцкага храма. 2-я пал. 1 ст.Да арт.Гарні. Язычніцкі храм. 2-я пал. 1 ст. (адноўлены ў 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),
раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.
Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл.Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл.Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.
сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.
Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАЦАВА́ННЕ ГРУНТО́Ў,
штучнае павышэнне мех. трываласці, звязнасці, воданепранікальнасці і інш. фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў у іх прыродным або штучным заляганні. Робіцца для павышэння нясучай здольнасці асноў збудаванняў, умацавання сценак катлаванаў, горных вырабатак, стварэння проціфільтрацыйных заслон у плацінах, дамбах, перамычках, пры буд-ве шахтаў, тунэляў, дарог і інш.
Ствараецца напампоўваннем па буравых свідравінах у шчыліны і поры грунту гліністых і цэментавых раствораў (глінізацыя, цэментацыя), расплаўленага бітуму або бітумных эмульсій (гарачая і халодная бітумізацыя), вадкага шкла з інш. кампанентамі (сілікатызацыя грунтоў), карбамідных і інш. смол (смалізацыя), гарачых газаў пры т-ры 700 °C і вышэй (абпал, або тэрмічнае замацаванне), ахаладжальных раствораў (замарожванне грунтоў), а таксама прапусканнем эл. току, дрэніраваннем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААХО́ВА,
комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.
Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр.ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.
Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан аб’ектаў, таксама навакольнага асяроддзя, пры якім адсутнічае імавернасць узнікнення і развіцця пажару. Забяспечваецца сістэмамі прадухілення пажару (гл.Пажарная прафілактыка), комплексам мерапрыемстваў па арганізацыі пажарнай аховы, навучанні насельніцтва правілам П.б. і інш.
Мінімальная імавернасць узнікнення пажару дасягаецца прадухіленнем утварэння гаручага асяроддзя і крыніцы загарання ў ім. Проціпажарная ахова дасягаецца абмежаваннем распаўсюджвання пажару, своечасовымі апавяшчэннем насельніцтва, эвакуацыяй людзей з аб’ектаў узгарання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы, процідымнай аховы, пажаратушэння, тэхн. элементы збудаванняў (лесвічныя клеткі, проціпажарныя сцены, ліфты, аварыйныя люкі і інш.).
Літ.:
Основы пожарной безопасности. М., 1971;
Бариев Э.Р., Чеканов В.Л. Пожарная безопасность в строительстве. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧА́Л,
сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.
Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.
Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ (БДАНТД). Створаны ў 1968. Зберагае навук.-тэхн. дакументацыю праектна-канструктарскіх, тэхнал. і н.-д. устаноў і арг-цый, асабістыя фонды дзеячаў навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Мае (1996) 160 фондаў (больш за 90 тыс. адзінак захоўвання за 1887—1941 і 1944—90). Дакументы архіва адлюстроўваюць буд-ва і рэканструкцыю гарадоў і інш.нас. пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, чыг. і шашэйных дарог, культ.-асв., адм. і інш.збудаванняў на Беларусі, распрацоўку вырабаў прамысл. прадукцыі і быт. тэхнікі. Сярод дакументаў ген. планы гарадоў, праекты па жыллёва-грамадз., прамысл. і сельскім будаўніцтве, чарцяжы станкоў, машын. Аддзелы: забеспячэння захавання і ўліку дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і навук. выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой нас. пунктаў, прам-сці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найб. спажыўцы вады — прадпрыемствы металург., хім., нафтаперапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя (гл.Водаачыстка) і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гасп.-пітнога, вытв., проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вял. групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе сан. нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца інш. мерапрыемствы па ахове прыроды. Гл. таксама Водакарыстанне, Водаспажыванне.