ГАШТО́ЛЬД Альбрэхт

(? — снеж. 1539),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашкі́р ’вокліч пры адгоне авечак’ (Нас., Гарэц., Янк. I, рагач., Арх. ГУ), а шкір! ’адгон авечак (клічуць шкіра‑шкіра!) (бых., Рам. 8, 55), ашкіра (Касп.), ашкыра (докш., Янк. Мат., КЭС, лаг.), «ачкірэ ў поле» ’вокліч, якім гоняць авечак’ (Чач.), рус. смал. ашкырь. Найбольш верагодна з а (узмацняльная часціца) і шкіра, шкыра ’авечка’, ’падзыўное слова для авечак’ (у залежнасці ад інтанацыі можа ўжывацца і як адгоннае), аналагічна да аюсь, юсь і пад.; Карскі (2–3, 86) лічыць слова гукапераймальным; Супрун (Лекс. балтызмы, 44–45) прыводзіць літоўскія формы, распаўсюджаныя на прылягаючай тэрыторыі’ aškìr, aškìre і інш. і спрабуе звязаць іх з літ. atskírti ’адлучаць’, лат. atškirt ’тс’. Спецыяльна гл. Машынскі, Kultura I, 134.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рчык1 ’барак, пры дапамозе якога запрагаюць каня ў плуг; брусок з жалезным крукам на сярэдзіне, за які зачэпліваюцца пастронкі’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Мядзв., Сцяшк.). Рус. о́рчик ’перакладзіна, барак для пастронкаў вупражы каня’, укр. во́рчык, польск. orczyk ’тс’. Запазычана з с.-в.-ням. ortschit, н.-в.-ням. Ortscheit ’тс’ праз польск. мову (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, 265; Більфельдт, 29). С.-в.-ням. слова ўтворана з ort ’вастрыё, канец’ і schit ’палена’ (Фасмер, 3, 155). Праабражэнскі (1, 659) дапускае магчымасць зваротнага ўздзеяння польск. orczyk на ням. і набліжае орчик да арчак (гл.), о́рчак ’лука, драўляны каркас сядла’, што менш верагодна.

Во́рчык2 ’прыпрэжаны конь’ (Мат. Гом.). Гл. варчык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́труб’е (БРС, Нас., Касп., Мядзв.), во́траби ’вотруб’е’ (Грыг.), во́трубы ’высеўкі’ (Сцяшк.). Рус., укр. о́труби, ст.-рус. отруби, польск. otręby, otręba (каля 1500 г.), чэш. otruba, славац. otruby, в.-луж. wotruby, н.-луж. wótšuby, каш. otrąbë, серб.-харв. otrubi, славен. otrȏbi. Прасл. *otrǫba, otrǫbi. Да рубіць (гл.), літаральна ’тое, што адсечана ад зерня’ (гл. Праабражэнскі, 1, 670; Фасмер, 3, 173; Махэк₂, 423; Брукнер, 386 і наст.). Міклашыч (228) і Шпэхт (267) мяркуюць, што слова роднаснае цярэць і ўтворана ад адпаведнай асновы з дапамогай суф. ‑ǫbь. Машынскі (Pierw., 318) падтрымлівае гэту этымалогію, спасылаючыся на рус. вы‑торкі ’вотруб’е’. Апошняя версія, прымальная ў семантычных адносінах, мала верагодна з пункту погляду словаўтварэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зго́да ’лад’. Рус. сго́да ’шчасце’ (Даль), укр. зго́да, польск. zgoda, чэш. shoda, славац. zhoda ’лад’, н.-луж. zgoda ’добрае надвор’е’, славен. zgọda ’выпадак’, серб.-харв. зго̏да ’выпадак, умова, зручнасць’, балг. зго̀да ’зручныя абставіны, выпадак’, ’згода’, макед. згода ’зручнасць, выпадак’. Ц.-слав. (серб.) съгода ’выпадак’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., Данічыч). Ст.-рус. згода (1493 г., у «польск. справах») ’умова, згода’. Ст.-бел., ст.-укр. згода ’мір’ (Сінаніма). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова sъ‑god‑i‑ti () (гл. год, гадзіцца), які меў шырокае кола значэнняў, у тым ліку ’згаджацца, быць падыходзячым, трапляцца’. Бел. значэнне ўказвае, верагодна, на польск.-укр. бел.-славац. арэал, магчыма, хаця і не абавязкова пад польск. уплывам ці з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зрані́ць, зро́ніваць ’заўчасна нарадзіць нежывое дзіця’ (Нас.). Рус. валаг. изроня́ть ’страціць’, вяцк. изрони́ть ’пражыць у бядзе’, укр. зрони́ти ’не ўтрымаць, упусціць’, ’сказаць’, польск. zronić ’упусціць’, ’нарадзіць заўчасна’, чэш. zroniti ’змачыць (слязьмі, потам)’, славац. zroniť ’скінуць уніз, забіць’, в.-луж. zronić ’упусціць’, н.-луж. zroniś ’упусціць, рассыпаць’, серб.-харв. изро̀нити ’выйсці з-пад вады на паверхню’, ’выйсці на свет’, ’узнікнуць’, ’праліць, прасыпаць’, балг. изо̀нвам (се) ’крышу́ на дробныя часцінкі’, ’падаю (пра лісце, пот, зерне, слёзы)’, макед. изрони ’тс’. Ст.-рус. изронити ’дазволіць упасці, утраціць’ (XII ст.). Прасл. jьz‑ron‑i‑ti верагодна, мела значэнне ’ўпусціць, праліць, прасыпаць’, якое развілося ў бел., польск. да значэння ’нарадзіць заўчасна’ (аналагічнае развіццё ў выкінуць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зрачы́, зраку́ць (3 ас. мн. л.), зрок (прощ. ч. адз. л.) ’пашкодзіць дурным вокам, сурочыць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. зречи́ ’сказаць’, зректи́ся ’адракацца’, польск. zrzec się ’адмовіцца, адрачыся’, чэш. zříci se ’тс’, славац. zriecť sa ’тс’, в.-луж. zrěčėć ’пагутарыць, абмеркаваць, дамовіцца’, славен. izréči ’выгаварыць, выказаць’, серб.-харв. изрѐћи, ѝзрећи ’выказаць, аб’явіць’, макед. изрече ’тс’. Ст.-слав. издрешти ’выказаць’. Ст.-рус. изречи ’тс’ (XI–XII стст.). Бел. дыял. зрачы, верагодна, з jьz‑rek‑ti (корань rek‑, гл. рэч) мае асаблівае семантычнае развіццё: відаць, jьz‑rek‑ti ’выказаць’ азначала ’выказаць словы, што могуць пашкодзіць’ (параўн. таго ж кораня сурочыць), а потым наогул ’зрабіць шкоду без фізічнага ўздзеяння’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бнуць ’мерзнуць’. Рус. зя́бнуть, польск. ziębnąć, в.-луж. zebać, чэш. zábnouti, славац. ziabnuť, славен. zę́bsti ’тс’, серб.-харв. зе́бнути, балг. зѐбна ’тс’. Ст.-рус. зябнути ’мерзнуць’ (XVI ст.). Параўн. ст.-рус. зябнути ’прарастаць’. Прасл. zęb‑nǫ‑ti. Параўн. літ. žem̃bti ’рэзаць’, žémbėti ’прарастаць’, алб. dhëmp ’баліць’. Фасмер (2, 11), Шанскі (2, З, 115–116) звязваюць з *zęb‑ і *zǫb‑ (гл. зуб, зябліва). Семантычна праз ’баліць’ (Скок, 3, 651) ці, больш верагодна, праз ’рыхтаваць пад зябліва’ > ’араць у халодную пару’ > ’мерзнуць’ (Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89). І.‑е. корань, паводле Трубачова, *gʼen ’нарадзіцца’ з пашырэннем *‑bh‑; гл. у Покарнага, I, 369, *gʼembh‑. БЕР, 1, 629–630; Трубачоў, История терм., 153.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)