ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Ілія) (9.6.1903, г. Разград, Балгарыя — 1975),
балгарскі жывапісец і графік. Нар.маст. Балгарыі (1963). Герой Сац. Працы (1967). Акад. Балгарскай АН. Вучыўся ў АМ у Сафіі (1921—26; з 1941 яе праф.) і Мюнхене (з 1926). Творы вызначаюцца суровай экспрэсіяй вобразаў, лаканізмам кампазіцыі, стрыманасцю і напружанасцю каларыту: партрэты жанчыны (1941) і дзіцяці (1942), карціны «Партызаны ў дзеянні» (1947), «Гітарыст» (1951), «Мастак» (1952), «Расстрэл» (1954), «Салдацкі бунт каля Добрага-Поля ў 1818 г.» (1956—58), «Партызанская песня» (1959), серыя малюнкаў «Выпрабаванні» (1938), цыкл гравюр, прысвечаных Вераснёўскаму паўстанню 1923 у Балгарыі і грамадз.вайне ў Іспаніі (1936—39) і інш. Аўтар манум. размалёўкі «Дзевятае верасня» ў кінатэатры «Дзімітр Благоеў» у Сафіі (1947). Працаваў таксама як скульптар. Дзмітраўская прэмія 1953, 1961, 1971.
Літ.:
Божков А. Илия Петров. София, 1972.
І.Я.Пятроў.І.Пятроў. Беспрацоўныя. З серыі «Выпрабаванні». 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв.вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.Купалы і «Вайна вайне» Я.Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.Мележа, аповесць «Андрэйка» П.Кавалёва, апавяданні М.Лынькова, зб.апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.Рудава і У.Ідэльсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Перамо́га (пірямо́га) ’поспех у змаганні, на вайне; поўны поспех, трыумф’, ’пераадоленне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Бяльк.), перамага́ць ’пераадольваць’ (Шат., Касп.), ’браць верх’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’пераганяць каго-небудзь, апярэджваць’ (Ян.), перамагчы́, перамогчы́, пірямо́ч ’перамагчы’ (ТС, Сл. ПЗБ, Бяльк.), рус.смал.взяць перемо́гу ’ўзяць верх’. Укр.перемо́га, палт.перема́га ’перамога’, польск. малаўжывальнае і семантычна адрознае przemoga ’сіла, моц’, якія з’яўляюцца ўтварэннямі з прыстаўкі пера- і дзеяслова магчы (гл.) < прасл.*per‑ і *mogti > *per‑magati (параўн. яшчэ ст.-усх.-слав.перемогати ’намагацца перамагчы’ (1216 г.), перемогати се (1140 г.), перемочи ’перамагчы’ (1216 г.), а таксама польск.przemóc, przemagać, чэш.přemoci, přemáhati, славац.premôcť, premáhať, славен.premȏči, серб.-харв.према́гати ’перамагаць, перамагчы’) пры дапамозе суфікса ‑а з абстрактным значэннем (як слав‑а, кар‑а, а‑барон‑а, трав‑а). Аналагічная будова слоў з той жа семантыкай заўважана ў балт. мовах (Непакупны, Связи, 84–84): з прыстаўкай ap‑/ab‑ і дзеяслова са значэннем ’магчы’ — гэта пруска-літоўска-беларускі арэал (прус.ep‑war(r)īsnan (В. скл.) — літ.жамойцк.ap‑galė < паўд.-літ.ap‑galėti ’перамагчы’ — бел.гродз.абмага́ць (гл.) і з прыстаўкай per‑ літоўска-беларуска-ўкраінскі арэал (літ.per‑galė — бел.пера‑мога — укр.перемо́га).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАЕ́ННЫЯ РЭФО́РМЫ 1860—70-х г.у Расіі.
Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.А.Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сетка ваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен.навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),
грамадска-паліт.арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.І.Грыгаровіч, Б.А.Бялыніцкі-Біруля, Г.І.Палонскі, У.К.Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ.ЧК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.