КО́ГАН Леанід Барысавіч (14.11.1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 17.12.1982),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы акад. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1948, клас А.​Ямпольскага), з 1952 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). З 1944 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў як саліст і ансамбліст. Рэпертуар уключаў скрыпічную музыку розных стыляў, эпох і народаў, ад манум. твораў, што вымагаюць глыбіні інтэрпрэтатарскай канцэпцыі і шырыні муз. мыслення, да мініяцюр, заснаваных на філіграннай апрацоўцы дэталей. Яго выкананне вылучалася рамант. узнёсласцю, эмацыянальнай насычанасцю, моцным тэмпераментам. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў імя каралевы Лізаветы (Брусель, 1951). Ленінская прэмія 1965.

Літ.:

Григорьев В. Л.​Коган. М., 1975;

Л.​Коган: Воспоминания. Письма. Статьи. Интервью. М., 1987.

Л.Б.Коган.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ (Koch) Роберт (11.12.1843, г. Клаўсталь-Цэлерфельд, Германія — 27.5.1910),

нямецкі ўрач і бактэрыёлаг, адзін з заснавальнікаў бактэрыялогіі і эпідэміялогіі. Замежны чл. Французскай і Пецярбургскай АН. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1866). З 1885 праф. Берлінскага ун-та, у 1891—1904 дырэктар ін-та інфекц. хвароб у Берліне (пазней — яго імя). Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб і барацьбе з імі. Адкрыў узбуджальніка туберкулёзу (палачка Коха, 1882), халеры (1883), вылучыў культуру ўзбуджальніка сіб. язвы, даказаў яе здольнасць да спораўтварэння. Прапанаваў прэпарат туберкулін (выкарыстоўваецца ў дыягностыцы туберкулёзу), метады мікрабіял. даследаванняў — культываванне мікраарганізмаў на біял. (пажыўным) асяроддзі, спосабы дэзінфекцыі. Сфармуляваў крытэрыі этыялагічнай сувязі інфекц. захворвання з мікраарганізмам. Нобелеўская прэмія 1905.

Р.Кох.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАБЛО́ЦКІ Уладзімір Васілевіч (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял. арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крываблоцкі. Фрагмент мазаікі «Дрэва жыцця». 1997.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),

апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕНЬ Маркс Аронавіч (н. 15.7.1932, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1960). З 1985 у Рэсп. міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі (Мінск). З 1991 у Нац. ін-це адукацыі, з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах псіхалогіі кіравання, авіяц., ваен. і інж. псіхалогіі.

Тв.:

Социально-психологические аспекты управления производством. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Цямушка);

Управление коллективом. Мн., 1997;

Образ в системе психической регуляции познавательной и исполнительской деятельности. Мн., 1997 (разам з В.​М.​Вадлазеравым).

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́Ў Віктар Георгіевіч (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1968.

В.Г.Кулікоў.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЁЎ Рыгор Самойлавіч (1.2.1921, г. Нікапаль Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.8.1985),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1950). Друкаваўся з 1950. Аўтар зб. вершаў «Разведка боем» (1957), паэм «Самалёты выходзяць у поле» (1951), «На беразе Палаты» (1964), асн. тэма якіх патрыятызм, жыццё сучаснікаў. На рус. мову пераклаў вершы М.​Танка (зб. «Каб дайсці да казкі...», 1966), А.​Вярцінскага (зб. «Вяртанне», 1969), Г.​Бураўкіна (зб. «Жаваранак над праспектам», 1972), С.​Грахоўскага (зб. «Зазімак», 1978), паэму Р.​Барадуліна «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975), асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, П.​Глебкі, П.​Панчанкі, Е.​Лось і інш. На бел. мову яго вершы пераклалі У.​Паўлаў, А.​Пысін, С.​Шушкевіч.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́ПКІНА Нінель (Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.​Хачатурана).

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХА́РЧЫК Пётр Дзмітрыевіч (н. 22.3.1945, в. Арда Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. навук (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1972). У 1972—90 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ, адначасова з 1989 у БДУ (з 1990 прарэктар). Прэзідэнт к-та Міжнар. саюза радыёнавук у Беларусі. Навук. працы па радыёоптыцы і галаграфіі. Распрацоўваў і даследаваў галаграфічныя метады ў радыё-, інфрачырвоным, ЗВЧ і аптычным дыяпазонах эл.-магн. хваль. Прапанаваў і рэалізаваў метады пераўтварэння выпрамяненняў інфрачырвонага і ЗВЧ дыяпазонаў у аптычны дыяпазон, выканаў шэраг работ па тэарэт. і эксперым. даследаваннях нетрадыцыйных метадаў фарміравання радыёвідарысаў.

П.​М.​Бараноўскі.

П.​Дз.Кухарчык.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ШНЕР Васіль Фёдаравіч (н. 1.10.1947, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1977). Скончыў БДУ (1971). З 1976 выкладчык, дацэнт Бел. дзярж. пед. ун-та. У 1978—80 выкладчык Вышэйшага пед. ін-та імя Хасэ Марці (Камагуэй, Куба). У 1987—92 нач. аддзела Мін-ва адукацыі Беларусі. З 1993 гал. рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса». Даследуе пытанні гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі сав. перыяду, сумежных дзяржаў, метадалогію і методыку выкладання гісторыі.

Тв.:

Школа мужества и патриотизма: Краткий очерк истории ДОСААФ БССР. 2 изд. Мн., 1988 (у сааўт.);

Молодежи о Программе КПСС. Мн., 1988 (разам з АМ.Мацко);

Метадалагічныя праблемы гістарычнай навукі. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)