рака ў Маларыцкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 1730 км². Раней пачыналася з воз. Крымна (Украіна), пасля меліярац. рэканструкцыі яе верхняе цячэнне пераведзена ў р. Маларыта. Пачынаецца каляв. Сушытніца Маларыцкага р-на. Цячэ па Брэсцкім Палессі. Вусце каляўсх. ускраіны в. Літвіны Брэсцкага р-на. За 2 км. вышэй аўтадарогі Ляхаўцы—Макраны частка сцёку Р. накіроўваецца ў Лускаўскае вадасх., ніжэй вусця Маларыты рэчышча прымае прыродныя параметры. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі, у верхнім і сярэднім цячэнні меліяравана. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу, за выключэннем 3,5 км вышэй вусця. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛОМАСІЛАСАРЭ́ЗКА,
машына для рэзкі саломы і здрабнення зялёнай масы пры падрыхтоўцы кармоў і нарыхтоўцы сіласу. Бываюць барабанныя (звычайна стацыянарныя, з прыводам ад электрарухавіка) і дыскавыя (перасоўныя, з прыводам ад трактара або электрарухавіка).
Рэжучы апарат працуе па прынцыпе нажніц, адным з лёзаў якіх з’яўляюцца вярчальныя нажы (на барабане або дыску), другім — лязо нерухомай процірэжучай пласціны. С. ўстанаўліваюць каля сіласных збудаванняў, у кармацэхах, каля пунктаў нарыхтоўкі саломы на корм або подсціл. Ручныя і конныя С. наз. сячкарнямі.
Літ.:
Белянчиков Н.Н., Смирнов А.И. Механизация животноводства. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТ’Я́ГА-ДЭ-КУ́БА (Santiago de Cuba),
горад на ПдУ Кубы. Адм. ц.аднайм. правінцыі. Каля 500 тыс.ж. (2000). Порт на Карыбскім м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля сталіцы эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (тытунёвая, вінна-лікёрная, цукр., рыбакансервавая), металаапр., суднабуд., тэкст., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Паблізу нафтаперапр.з-д. Ун-т. Нац.гіст. музей.
Засн. ў 1514 іспанцамі як перадавы порт для заваявання Мексікі і Цэнтр. Амерыкі. У 1522 атрымаў гар. правы. У 1553 разбураны франц. піратамі, у 1662 — англ. войскамі. Горад неаднаразова зруйнаваны землетрасеннямі (1675, 1766, 1852, 1932). Каля С.-дэ-К. адбылася вырашальная марская бітва ў Іспана-амерыканскай вайне 1898.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл.каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),
нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл.каля 13 тыс.км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, які ўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар.НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.Гржымека.
Да арт.Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЗЯ́Н, Чжуцзян, Жамчужная, рака на ПдУ Кітая. Даўж. 2130 км, пл.бас. 437 тыс.км². Вытокі на Юньнаньскім нагор’і. Назва С. пасля сутокаў рэк Юцзян і Цзацзян вышэй г. Наньнін. Цячэ ў вузкай, глыбокай даліне ўздоўж паўд. ускраіны гор Наньлін, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. 16,9 тыс.км²), дзе зліваюцца воды рэк С., Бэйцзян і Дунцзян. Сярэдні расход вады каля 8 тыс.м³/с, макс. — 58 тыс.м³/с) (у час летніх мусонных дажджавых паводак). Ваганні ўзроўню вады да 15—20 м, Частыя паводкі (у бас. С. пабудавана каля 2 тыс.км ахоўных дамбаў). Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ад г. Учжоў. У дэльце — марскі порт Гуанчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на Укаля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каляг. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бе́раг, ‑а, М ‑разе; мн. берагі, ‑оў; м.
1. Край, палоса зямлі каля вадаёма. Круты бераг. □ Рэшткі туману цяпер ужо рассеяліся, і добра быў відзён супрацьлеглы бераг: нізкі, пойменны, ён увесь хаваўся ў вадзе і купаў у струменях распукнуты лазняк.Ракітны.Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка.Брыль.// Край якой‑н. паверхні, масіву лесу і пад. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога.Чорны.[Луг] упіраўся адным берагам у раку.Чарнышэвіч.
2. Суша (у процілегласць вадзе). Высадзіцца на бераг.
3. Край тканіны або вырабаў з яе. Хустка з чырвонымі берагамі. □ Другі мяшок з жытам завязвае ў свірне стары Верамейчык. Рукі, якімі ён збірае ў роўныя складкі бераг мяшка, трасуцца.Крапіва.
4. Верхні край якой‑н. пасудзіны. Наліць шклянку роўна з берагамі.
5.перан. Жаданая мэта, да якой імкнуцца. Хачу няспынна йсці Да светлае Камуны, Да новых блізкіх нам Прыгожых берагоў.Хведаровіч.
•••
Апынуцца (быць) на розных берагахгл. апынуцца.
Быць на сваім беразегл. быць.
Выйсці з берагоўгл. выйсці.
Малочныя рэкі з кісельнымі берагамігл. рака.
Прыстаць (прыбіцца) да берагагл. прыстаць.
Увайсці ў свае берагігл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)