МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча
(1382—1432),
сына вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял.кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),
бел. спявак (барытон). Засл. арт.Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял.ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.Смольскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Радзівон Якаўлевіч) (23. 11.1898, г. Адэса, Украіна — 31.3.1967),
савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1958). Нар. Герой Югаславіі (1964). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. ў складзе рус. экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. У Чырв. Арміі з 1919. Пасля грамада. вайны ў войсках і штабах Паўн.-Каўк.ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1937—38) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 на выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну на Данскім, Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах: камандзір стралк. корпуса, каманд. арміямі, франтамі. З ліп. 1945 камандуючы войскамі Забайкальскага фронту, які ўдзельнічаў у разгроме яп. Квантунскай арміі (гл.Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандуючы войскамі Забайкальска-Амурскай ваен. акругі, галоўнакамандуючы войскамі Д. Усходу, камандуючы войскамі Далёкаўсходняй ваеннай акругі. З 1956 першы нам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы сухап. войскамі. У 1957—67 міністр абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «Перамога». Аўтар кніг «Пільна стаяць на варце міру» (1962), «Веліч перамогі» (1965), «Салдаты Расіі» (выд. 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЫШАВА (Клара Мікалаеўна) (н. 31.12.1935, г.п. Памяць Парыжскай Камуны Борскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт.Расіі (1964). Нар.арт. Беларусі (1971). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1955). Працавала ў т-рах оперы і балета ў Горкім і Чэлябінску. З 1965 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі (да 1992 і маст. кіраўнік). Балерына шырокага творчага дыяпазону, у рэпертуары партыі ад чыста класічных да гратэскавых. Валодае высокай тэхнікай, экспрэсіўнай, энергічнай манерай танца. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага). У інш. т-рах выканала партыі Ніны («Маскарад» Л.Лапуціна), Кацярыны («Каменная кветка» Пракоф’ева) і інш.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 69—70, 81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРСЕЛЬЕ́ЗА»
(«Marseillaise»),
французская рэв. песня, дзярж. гімн Францыі. Словы і музыка напісаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у крас. 1792 у г. Страсбур капітанам рэв. арміі К.Ж.Ружэ дэ Лілем. Першапачаткова называлася «Ваеннай песняй Рэйнскай арміі». У хуткім часе пашырылася ва ўсёй рэв. арміі, трапіла ў г. Марсель, адкуль прыйшла ў Парыж пад назвай «Марш марсельцаў» або «М.». З 1795 дзярж. гімн Францыі. Забаронена ў гады Рэстаўрацыі (1814—30) і Другой імперыі (1852—70). Пры Трэцяй рэспубліцы (1870—1940) «М.» зноў стала дзярж. гімнам Францыі: муз. тэкст афіцыйна ўстаноўлены ў 1887, з 14.7.1975 выконваецца ў новай муз. рэдакцыі. Як рэв. гімн «М.» з канца 18 — пач. 19 ст. набыла шырокую папулярнасць у многіх краінах свету. У Расіі з 1880—90-х г. у асяроддзі рэв. рабочых і інтэлігенцыі гучала песня «Рабочая марсельеза» на змененую мелодыю «М.» і верш П.Л.Лаўрова. Назва «М.» пашырылася і на інш.рэв. гімны. «Беларускай марсельезай» называлі папулярную песню на верш А.А.Мікульчыка «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКА-БРЭ́СЦКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1871—1912 чыг. лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Зах. Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869. У 1896 выкуплена ў акц.т-ва казной. Працягласць 1027 вёрст. Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, вер. 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, ліст. 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце). У 1879 на ўчастку Смаленск—Брэст адкрыты 2-і пуць. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн. пасажыраў і 340 млн. пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыг. вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, гал. майстэрні ў Маскве і Мінску. Ў 1912 у гонар цара Аляксандра I перайменавана ў Аляксандраўскую. У 1921 зах. частка М.-Б. ч. адышла да Польшчы, сав. частка ў жн. 1922 уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ ХАРЭАГРА́ФІІ,
адна са старэйшых навуч. устаноў Расіі ў галіне сцэн. мастацтваў. Рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, балетмайстраў, педагогаў-харэографаў і канцэртмайстраў. Засн. ў 1773 як класы «тэатральнага танцавання» пры Выхаваўчым доме. З 1806 Імператарскае тэатр. вучылішча па падрыхтоўцы артыстаў оперы, балета, драмы і музыкантаў тэатр. аркестраў, з 1917 спецыялізаванае харэаграфічнае. З 1920 Дзярж. балетная школа ў складзе Вял.т-ра, з 1931 балетны тэхнікум, з 1937 Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, з 1961 акадэмічнае. У 1987 пераўтворана ў харэаграфічны ін-т, з 1995 акадэмія. У складзе акадэміі (1999): вучылішча (рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй адукацыяй), кафедры па спецыяльнасцях, б-ка. Сярод выкладчыкаў: С.Галоўкіна (дырэктар вучылішча з 1960, рэктар акадэміі), Л.Жданаў, І.Уксуснікаў, Я.Фарманянц, Г.Кузняцова; сярод выпускнікоў: А.Абрамава, Л.Банк, Н.Падгарэцкая, В.Кудраўцава, І.Майсееў, A. і С.Месерэр, М.Габовіч, В.Лепяшынская, М.Плісецкая, А.Лапауры, Р.Стручкова, К.Максімава, У.Васільеў, Н.Бяссмертнава, М.Лаўроўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ЦЫРК імя Ю.У.Нікуліна, найбуйнейшы цырк Расіі. Адкрыты ў 1880. Паказваў пантамімы, феерыі і інш. З 1919 — дзярж., з 1997 імя Нікуліна. У пастаноўках 1920-х г. удзельнічалі рэж. С.Радлаў, балетмайстар К.Галяйзоўскі, мастакі В.Хадасевіч, М.Бабышоў і інш.Маст. кіраўнікі В.Труцы (1921—22), Э.Краснянскі (з 1931), Б.Шэхет і Ю.Юрскі (з 1935), А.Арнольд (з 1950), М.Мясцечкін (з 1956), Нікулін (1982—97), М.Нікулін (з 1999), гал. рэжысёр В.Гнеўшаў (1997—99). Сярод пастановак: «Трое нашых» (1942), «Маленькі П’ер» (1949), «Шчаслівага плавання» (1977), «Маскоўскаму цырку 100 гадоў» (1979), «Беражыце клоунаў» (1992), «Бульвар нашага дзяцінства» (1994), «Усмешкі старога цырка» (1995), «Мы жадаем шчасця вам...» (1999). У прадстаўленнях у розныя часы прымалі ўдзел Альперавы, А.Амвросьева, М.Антонаў і В.Барценеў, І.Бутрымава, Дуравы, Л.Енгібараў, Карандаш (М.Румянцаў), Э.Кіо, В. і А.Кіс, сёстры Кох, В.Лазарэнка, Манжэлі, Нікулін, А.Папоў, Сосіны, Труцы, Г.Шахнін, М.Шуйдзін і інш. У 1946—49 і 1966—68 пры М.ц. працавала студыя размоўных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі мед. кадраў. Падрыхтоўка мед. персаналу вышэйшай адукацыі праводзіцца ў медыцынскіх інстытутах, мед. акадэміях, на мед. ф-тах ун-таў; сярэдняй адукацыі — у медыцынскіх вучылішчах; павышэнне кваліфікацыі — у ін-тах удасканалення ўрачоў.
Звесткі пра М.а. вядомы з стараж. часоў (Стараж. Егіпет, Кітай, Грэцыя). У ант. Грэцыі існавалі «сямейныя» школы для падрыхтоўкі ўрачоў. Першая свецкая мед. школа заснавана ў г. Салерна (Італія) у 9 ст. У Расіі ў 1654 адкрыта першая школа для падрыхтоўкі лекараў. З 18 ст. ўрачоў рыхтавалі мед. школы пры шпіталях. У 1755 адкрыты мед.ф-т пры Маскоўскім ун-це, у 1798 у Пецярбургу — Медыка-хірург. акадэмія (з 1881 Ваенна-мед. акадэмія).
На Беларусі першая мед.навуч. ўстанова — Гродзенская медыцынская акадэмія (1775—81). У 1865 засн.Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1872—79 існавала Віцебская фельчарская школа. Працуюць (1999): Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі мед. ін-ты (гл. адпаведныя арт.), удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут; мед. работнікаў сярэдняй адукацыі рыхтуюць у 17 мед. вучылішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),
расійскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял.т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.