гарадскі пасёлак у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на берагах азёр Алаізберг і Белае, чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. За 26 км на У ад Глыбокага, 194 км ад Віцебска. 2,8 тыс.ж. (2000).
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Пліскай вол. Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1913 у П 9 двароў і фальварак Алаізберг з 3 дварамі 3 пабудовай чыгункі Маладзечна—Полацк у пач. 20 ст. вёска значна вырасла. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв 3 1939 у БССР у Пліскім р-не Вілейскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай, з 8.1.1954 — Маладзечанскай абл. З 8.6.1950 цэнтр Пліскага раёна, з 28.6.1958 гар. пасёлак, з 25.12.1962 у Глыбоцкім р-не.
Ільнозавод, з-дхарч. прадуктаў, Дзвінская эксперым. база Ін-та лесу Нац.АН Беларусі, ПМК Мінсельбуда, вытв. ўчастак Глыбоцкага камбікормавага з-да. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, 2 б-кі, бальніца. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні П. ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВА (Алена Георгіеўна) (н. 12.10.1947, г. Лягніца, Польшча),
бел.драматург. Дачка Г.Л.Папова. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1973). У 1973—77 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Друкуецца з 1967. Піша на рус. мове. У п’есах «Скорыя цягнікі» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1978), «Ціхі прыстанак» (паст. 1979), «Аб’ява ў вячэрняй газеце» (паст.Рус.драм. т-рам імя М.Горкага, 1982), «Жыццё Карыцына» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1988), «Маленькія радасці жывых» (паст. 1990), «Улюбёнцы лёсу» (паст.Рус.драм. т-рам, 1997; 1-я прэмія на Еўрап. конкурсе п’ес у Германіі, 1994; уключана ў анталогію «Жанчыны-пісьменніцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Лондан, 1999), «Дзень Карабля» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1998), «Развітанне з Радзімай» (паст.Рэсп. т-рам бел. драматургіі, 1998), «Вандроўнікі» (паст.Нац. т-рам імя Я.Купалы, 2000) і інш. роздум пра сэнс чалавечага існавання, вострыя маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана «Узыходжанне Зенты» (2000), апавяданняў, артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),
дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд.т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Літ.:
Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;
Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),
бел.нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер 2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац.танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,
сукупнасць праграм і праграмных дакументаў, неабходных для аўтаматызаванай наладкі праграм і рашэння прыкладных задач на ЭВМ. Забяспечвае рэалізацыю функцый ЭВМ і вылічальнай сістэмы. Кампаненты П.з. садзейнічаюць эфектыўнаму функцыянаванню тэхн. сродкаў і абслугоўваюць карыстальнікаў выліч.сістэм.Найважн. кампаненты П.з.: аперацыйная сістэма, пакеты прыкладных праграм, бібліятэкі стандартных праграм, комплексы праграм тэхн. абслугоўвання.
Адрозніваюць П.з. базавае (сістэмнае) і прыкладное. Базавае П.з. ўключае праграмы універсальнага карыстання (тэкставыя рэдактары, сродкі машыннай графікі, узаемадзеянне з камп’ютэрнымі сеткамі і WEB-дызайну (гл.Інтэрнет), праграмы апрацоўкі каманд карыстальніка] і праграмы аўтаматызацыі праграмавання (сістэмы аперацыйная, праграмавання і наладкі, кіравання базамі даных). З мэтай выкарыстання існуючага П.з. распрацоўваюцца праграмна-сумяшчальныя сем’і ЭВМ. Найб. пашыраныя і адпрацаваныя кампаненты базавага П.з. рэалізуюцца апаратна і ў выглядзе мікрапраграм. Прыкладное П.з. арыентавана на рашэнне канкрэтных задач: аўтаматызаванае праектаванне, распазнаванне вобразаў і апрацоўка відарысаў, кіраванне вытворчасцю, тэхнал. працэсамі.
На Беларусі П.з. распрацоўваецца з пачатку 1960-х г. на Мінскім заводзе ЭВМ, у НДІЭВМ, Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (1887, в. Красналукі Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1938),
палітычны дзеяч Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—14 працаваў у мінскіх казённай палаце, акр. судзе. З пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны ў Маскву. У 1917—20 на судзейскіх пасадах у Мінску, мяст. Вызна (г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. У 1921 эмігрыраваў у Вільню, чл. прэзідыума Віленскага нац.к-та, чл. замежнага ЦКБел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 высланы з Вільні, пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзярж. сакратар урада ,YHБНР* на чале з А.І.Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу. З 1926 у Мінску, працаваў у Дзярж. б-цы БССР. 19.7.1930 арыштаваны па справе т.зв.«Саюза вызвалення Беларусі» і на 5 гадоў сасланы ў г. Свярдлоўск. 9.1.1938 зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988, па 2-м — у 1989.
Тв.:
Слуцкое восстание (ноябрь — декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996. №4.