МАКА́РАВА (Галіна Кліменцьеўна) (27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1967). Нар.арг.СССР (1980). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ЎРЫ,
буйныя ваенныя вучэнні; вышэйшая форма аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі войск. У шэрагу краін М. праводзіліся з 17 ст., асабліва шырока з канца 19 — пач. 20 ст. На тэр. Беларусі ў 1929 упершыню праводзіліся ўсеармейскія і ў 1930 акруговыя М. Найб. буйныя М. Беларускай ваеннай акругі адбыліся ў 1936, а ў пасляваенны час — М. (вучэнні) «Дзвіна» (1970), «Бярэзіна» (1976), «Захад-81», «Восень-88» і інш. У сучасных умовах М. надае вял. значэнне ваен. камандаванне многіх краін свету. М. войск блока НАТО праводзяцца гал. чынам у Еўропе і на Атлантыцы. У ходзе іх асаблівая ўвага аддаецца перакідванню стратэг. рэзерваў ЗША на еўрап. кантынент, баявому выкарыстанню мабільных сіл НАТО і інш. У апошні час замест М. усё часцей праводзяцца камп’ютэрныя камандна-штабныя вучэнні, у т. л.шматнац.узбр. сіл. Напр., тэмай вучэнняў «Шчыт-98», у якіх удзельнічалі ваеннаслужачыя 15 краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь, было правядзенне аперацый у зонах этнічных канфліктаў, садзейнічанне міратворчым сілам ААНі г.д.Гл. таксама Вучэнні.
Літ.:
Гареев М.А. Тактические учения и маневры: (Ист. очерк). М., 1977;
«Двина»: Войсковые маневры, проведенные на территории Белоруссии в марте 1970 г.М., 1970;
Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),
дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.
Тв.:
Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр.Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс.чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв.Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ.Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр.Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,
буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г.Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял.кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс.чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВКБССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр.БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл.Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВКБССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».