ПЯРО́Ў (Дзмітрый Міхайлавіч) (27.10.1915, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 27.2.1986),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Вадзіцель баявой машыны М-13 («кацюшы») вызначыўся 3.2.1944 у баях каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., калі ў час артабстрэлу сваім целам накрыў 2 міны і выкруціў з іх узрывальнікі, чым выратаваў ад узрыву 4 рэактыўныя ўстаноўкі і запас снарадаў. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВІЧ (Іосіф Людвігавіч) (12.3.1920, в. Валоўшчына Мінскага р-на — 27.10.1990),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Брат М.Л.Пятровіч. Скончыў Вільнюскі пед.ін-т (1953). У Вял.Айч. вайну са студз. 1944 сакратар Сямяніцкага, потым Камянецкага падп. райкомаў ЛКСМБ. Пасля вайны на парт. рабоце, з 1964 выкладчык, з 1975 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та імя Горкага. Аўтар прац па гісторыі польск. рабочага рэв. руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙ,
паводле большасці рэліг. вераванняў (у хрысціянстве, ісламе, іудаізме, будызме), месца, куды адпраўляюцца душы памерлых людзей, пераважна праведнікаў. Багасловы сцвярджаюць, што Р. трэба разумець не літар., не ў фіз. сэнсе як рэальную асалоду, а як духоўнае пачуццё задаволенасці, якое перажываюць душы праведнікаў пасля смерці. У Бібліі (Стары запавет; стараж.-яўр. эдэм), Р. — прыгожы сад, у якім жылі «першачалавекі» Адам і Ева (да грэхападзення). Райскай асалодзе супрацьпастаўляюцца пакуты грэшнікаў, якія трапляюць у пекла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЬКО́Ў (Міхаіл Ягоравіч) (6.2.1926, в. Дубінка Магілёўскага р-на — 9.7.1966),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з ліп. 1944 на 2-м і 3-м Бел. франтах. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Р. вызначыўся ў сак. і маі 1945 у баях на тэр.Усх. Прусіі; пры авалоданні нас. пунктам Радаў, у час высадкі сав. дэсанта цераз заліў Фрышэс-Хаф, цяжка паранены працягваў бой. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),
Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял.Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз.паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ц,
пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́РЫШ ((Soares) Марыу) (н. 7.12.1934, Лісабон),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг.Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). ПасляПартуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),
увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАБА́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне ў Японіі ў 1637—38 на п-ве Сімабара (каля г. Нагасакі). Яго ўдзельнікамі былі сяляне, якіх еўрап. місіянеры схілілі да хрысціянства, таму С.п. набыло характар рэліг. руху. На задушэнне С.п. сёгунскі ўрад накіраваў 100-тыс. войска. Паўстанцы (каля 38 тыс.чал.) умацаваліся ў замку Хара, які быў захоплены пасля некалькіх месяцаў аблогі, амаль усе яго абаронцы забіты. С.п. стала падставай для поўнай забароны хрысціянства ў Японіі і ў далейшым — самаізаляцыі краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́ЦКІ СУД,
установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.