парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКАЯ ГАРАДСКА́Я О́ПЕРА (New York City Opera). Засн. ў 1943 у Нью-Йорку ў будынку Гар.цэнтр. тэатра. З 1966 працуе ў будынку Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. Адкрыта ў 1944 спектаклем «Тоска» Дж.Пучыні. У рэпертуары творы амер. кампазітараў
сусв. класікаў («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева, «Воцак» А.Берга, «Юлій Цэзар» Г.Ф.Гендэля, «Каранацыя Папеі» К.Мантэвердзі, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Чароўная флейта» В.А.Моцарта, «Травіята» Дж.Вердзі і інш.). З 1984 неангламоўныя творы суправаджаюцца цітрамі на англ. мове («бягучы радок» над прасцэніумам). У т-ры працуюць (2000): спевакі Э.Бертан, С.Паўэл; дырыжоры Дж.Мэнахан, Л.Мейджар; рэжысёры Дж.Робінсан, М.Ламас; маст. кіраўнік П.Келаг.
Я.У.Новікаў.
«Нью-Йоркскі гарадскі балет». Сцэна са спектакля «Антычныя эпіграфы». Балетмайстар Дж.Робінс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КАЛАЎ (Вацлаў Сцяпанавіч) (19.6.1912, Мінск — 27.8.1969),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю пры Польскім дзярж. вандроўным т-ры Беларусі, у 1931—36 працаваў у ім. У 1938—41 у Бел. т-ры юнага гледача імя Н.К.Крупскай, з 1944 у Палескім, з 1945 у Пінскім, з 1954 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1955 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Сярод лепшых роляў у Пінскім і Магілёўскім т-рах — Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Мураў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); у т-рах юнага гледача — Антось Лабыш і Ціхонь («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Паэт і Пан («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Ян Фіглеўскі («Марат Казей» В.Зуба), Камерцыі Саветнік і Канцлер («Снежная каралева» Я.Шварца), Мушарон-старэйшы («Горад майстроў» Т.Габэ), Ахаў («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля), Карабас Барабас («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), герцаг Міланскі («Два веронцы» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КАМ (Ockham, Occam) Уільям (каля 1285, Окам, Вялікабрытанія — 10.4.1349), англійскі філосаф, паліт. публіцыст, прадстаўнік наміналізму, манах-францысканец. Вучыўся і выкладаў у Оксфардскім ун-це. У 1323 абвінавачаны ў ерасі, зняволены на 4 гады ў Авіньён, адкуль уцёк у Мюнхен, дзе жыў пры двары імператара Людвіга Баварскага, праціўніка папы. Змагаўся супраць панавання царквы над дзяржавай (прыхільнік размежавання сфер іх юрысдыкцыі), прадугадаў многія ідэі Рэфармацыі. Лічыў, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя субстанцыі і іх абс. ўласцівасці, а па-за мысленнем ёсць толькі тэрміны, т.зв. універсаліі, якія абазначаюць розныя класы імён (інтэнцыі). Сфармуляваў прынцып дваістай ісціны для кан’юнкцыі і дыз’юнкцыі і ідэю пра тое, што значэнне тэрміна поўнасцю вызначаецца яго функцыяй у выказванні. Першасным пазнаннем лічыў інтуітыўнае, а паняцці, якія не зводзяцца да інтуітыўных і вопытных ведаў, павінны выключацца з навукі («сутнасці не павінны памнажацца без неабходнасці»). Окалізм (тэрмінізм) значна паўплываў на далейшае развіццё логікі і філасофіі, асабліва на Ж.Бурыдана, Мікалая з Атрэкура, Ф.Бэкана, Т.Гобса, Дж.Лока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 кмнад Зямлёй; ЗША).
рускі пісьменнік. Канд.філал.н. (1981). Скончыў пед.ін-т імя Н.К.Крупскай (1976). Працаваў настаўнікам, інструктарам райкома камсамола, журналістам. У 1979—86 гал. рэдактар газ. «Московский литератор». Друкуецца з 1974. У паэт. зб-ках «Час прыбыцця» (1980), «Размова з сябрам» (1981), «Гісторыя кахання» (1985), «Асабісты вопыт» (1987) тэмы мінулай вайны, дзяцінства, кахання, роздум пра лёс людзей і краіны. Аповесці «ЧП раённага маштабу» (1985, аднайм. фільм 1988), «Апафегей» (1989) пра амаральнасць і інтрыгі ў колах парт.-камсамольскага апарату, аповесць «Сто дзён да загаду» (1987, аднайм. фільм 1988) пра нестатутныя адносіны ў арміі. Аўтар кнігі пра франтавую паэзію «Паміж двух мораў» (1983), рамана-эпіграмы «Казляня ў малацэ» (1996), аповесцей «Работа над памылкамі» (1986, аднайм. фільм 1987), «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» (1991), п’ес, эсэ, публіцыстычных артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы актуальнасць праблем, псіхалагізм, метафарычнасць мовы, іронія, гумар, сатыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «МАСКО́ЎСКІ».
Пабудаваны ў 1999 у Мінску на рагу праспекта Скарыны і вул. Філімонава (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі, Ю.Рушаў, маст. афармленне У.Папсуева, В.Хацкевіча). Прызначаны для міжнар., міжгар. і мясц. перавозак. Важны горадабуд. акцэнт усх. часткі горада. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў трансп. і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандл. ўстановы, гасцініца, адм. памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з’яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе і адкрытымі галерэямі (вядуць на пероны) на 2-м паверсе. У аздабленні інтэр’ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях. замацаваных на вежы (выш. 42 м), якая з’яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутр. прасторы комплексу закладзены прынцып зрокавага аб’яднання ў адзінае цэлае інтэр’ераў будынка і экстэр’еру ўнутр. дворыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.