сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розныхгеагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),
бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж.выд-ваБССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розныхліт. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),
палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).
Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),
французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСНІКО́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (н. 3.4.1941, в. Рачкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізікахімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1994), д-рхім.н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1965), дзе і працаваў. З 1978 у НДІфіз.-хім. праблем пры БДУ, з 1990 прарэктар БДУ. З 1996 першы нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі. Навук. працы па вывучэнні энерганасычаных і высокадысперсных рэчываў і матэрыялаў на іх аснове. Распрацаваў метад рашэння адваротнай задачы неізатэрмічнай кінетыкі для простых і некат. складаных рэакцый кандэнсаваных рэчываў. Даследаваў з’яву вадкаполымнага гарэння і механізм тэрмахім. раскладання тэтразолу і яго вытворных. Выявіў размерны эфект у рэгуляванні скорасці гарэння каталізатарамі і інгібітарамі гарэння. Атрымаў новыя рэгулятары гарэння для розных гаручых сістэм, новыя матэрыялы на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў.
Тв.:
Корреляции в современной химии. Мн., 1989 (разам з С.У.Леўчыкам);
Развитие исследований по химии гетерогенных конденсированных систем // Вестн. БГУ. Сер. 2. 1996. № 3;
Явление жидкопламенного горения // Весці НАН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння задач аб экстрэмумах (мінімумах ці максімумах) лінейных функцый пры абмежаваннях, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцей і няроўнасцей.
Задачы Л.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі задач эканомікі і вытв-сці, напр., задача рацыянальнага размеркавання часу (аптымальнага плана работы) прадпрыемства па розныхтэхнал. спосабах, трансп. задача, дзе адшукваецца найб. эканомны план дастаўкі прадуктаў з пунктаў вытв-сці ў пункты спажывання, задача складання самага таннага кармавога рацыёну з пэўных кармоў. Агульная пастаноўка задачы і метад яе рашэння прапанаваны Л.В.Кантаровічам (1939), найб. пашыраны сімплекс-метад рашэння задач (накіраваны перабор мноства дазволеных рашэнняў) — амер. матэматыкам Дж.Данцыгам (1949). Гл. таксама Аперацый даследаванне.
На Беларусі праблемы Л.п. і яго дастасаванняў даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Данциг Дж. Б. Линейное программирование, его применения и обобщения: Пер. с англ.М., 1966;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы линейного программирования. Ч. 1—3. Мн., 1977—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),
бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розныхсцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.Капралава і С.Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.Рыбакова) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗЫ,
органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розныхфізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.