го́рдасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.

2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.

3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гак 1, ‑а, м.

1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.

2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.

•••

З гакам — з лішнім, з лішкам.

гак 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абша́р, ‑у, м.

Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курга́н, а́ і ‑а; мн. курганы́, ‑о́ў і курга́ны, ‑аў; м.

Высокі старадаўні магільны насып. Скіфскі курган. □ Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. В. Вольскі. // Горка, узгорак. Шкода светлай ручаінкі У берагах пясчаных, Што, як срэбра, мкне-бруіцца Паміж гор, курганаў. Колас.

•••

Курган Славы — конусападобны земляны насып з мемарыяльнымі архітэктурнымі надбудовамі для ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе, маецца ў рэальнасці. Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых. Шамякін.

2. у знач. наз. і́снае, ‑ага, н. Тое, што існуе ў рэальнасці. Прымаць жаданае за існае. □ Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Дамашэвіч.

3. Сапраўдны, рэальны. — У нас ёсць адзін селянін, Шкробат Тарэнта. Ён самы існы п[рыхільнік] справядлівасці. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праца, занятак у якой‑н. галіне. Грамадская дзейнасць. Гаспадарчая дзейнасць. □ Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога‑н. прадпрыемства, установы, арганізацыі. З кожным годам актывізуецца дзейнасць бібліятэк. «Звязда». Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі.

3. Работа, функцыяніраванне якіх‑н. органаў, арганізма. Сардэчная дзейнасць. Дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. // Дзеянне сіл прыроды. Разбуральная дзейнасць ветру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дру́жба, ‑ы, ж.

Блізкія прыязныя адносіны паміж кім‑н., заснаваныя на ўзаемнай прыхільнасць, агульнасці інтарэсаў і пад.; сяброўства. Даўняя дружба. Дружба народаў СССР. □ Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін. Былі слаўныя вечары іх блізкасці і дружбы — хіба не можа быць дружбы паміж мужчынам і жанчынаю? Колас.

•••

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе гл. служба.

Дружба дружбай, а служба службай — нельга парушаць службовых законаў у імя дружбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дым, ‑у; мн. дымы, ‑оў; м.

1. Сукупнасць дробных цвёрдых часцінак і газападобных прадуктаў, якія вылучаюцца ў паветра пры згаранні чаго‑н. Папяросны дым. □ Дым, горкі, як палын, і страшэнна ўдушлівы, расплываўся па зямлі. Хадкевіч. З комінаў узнімаўся белаваты дым. Шыцік.

2. Гіст. Хата, гаспадарка, якія лічыліся падатковай адзінкай у Старажытнай Русі.

•••

Пайсці (з) дымам гл. пайсці.

Пусціць дым у вочы гл. пусціць.

Пусціць (з) дымам гл. пусціць.

У дым — вельмі моцна, да крайнасці напіцца, быць п’яным. Напіўся ў дым у нейкай там папойцы. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́г, ‑у, м.

1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.

2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прызначаны для назірання. Назіральны пункт. Назіральная вышка. □ Партызаны спрабавалі пайсці ў атаку, але частыя кулямётныя чэргі прыціскалі іх да зямлі. З супрацьтанкавага ружжа білі ўвесь час па назіральнай шчыліне, і нарэшце бранявік застыў на месцы. Шахавец.

2. Той, хто валодае назіральнасцю, умее назіраць (у 1 знач.). Назіральны чалавек. Назіральны мастак. □ Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, .. [Аляксей] адчуваў нядобрае. Мележ. Каб Адам быў больш назіральны, то ён бы ўбачыў у затуманеным позірку прыгожых жончыных вачэй нешта падобнае на вінаватасць і папрок. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)