прыпа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. прыпа́ў, ‑па́ла; зак.
1. Нізка нахіліцца, апусціцца да чаго‑н. Малое дрэўца к зямлі прыпала, у траву схавала свае лісточкі. А. Вольскі. Глядзяць сіратою лугі, Пажоўклі, аселі стагі, Да долу прыпалі. Колас.
2. Прыціснуцца да каго‑, чаго‑н. Косця прыпаў да зямлі: спераду чуваць быў глухі шум, — відаць, туды пайшоў абоз. Якімовіч. [Гумоўскі] прыпаў да шыбіны, але ў начным мораку і яго востры зрок не ўбачыў нікога. Броўка. [Марыя Сяргееўна] нахілілася — Саша абняла яе, прыпала тварам да яе пляча і ціха заплакала. Шамякін.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Супасці з чым‑н. у часе; прыйсціся. Якраз Вольчыны вакацыі з братнім водпускам разам прыпалі. Калюга. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi. Чорны. Маё дзяцінства прыпала якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукатаў першы трактар. Навуменка.
4. што. Дастацца, выпасці каму‑н. На працадзень прыпала па 3 кіло збожжа, 6 кіло бульбы, 6 кіло фуражу і рубель грашамі. Лужанін.
5. безас. Здарыцца, аказацца. А назаўтра так прыпала, што Багдан Пятровіч тэрмінова павінен быў з’ездзіць у Далінічы. Краўчанка.
прыпасці́, ‑пасу́, ‑пасе́ш, ‑пасе́; ‑пасём, ‑пасяце́; пр. прыпа́с, ‑ла́, ‑ло́; зак., што.
Разм. Зрабіць прыпасы чаго‑н.; захаваць, падрыхтаваць на які‑н. выпадак, для якой‑н. мэты; назапасіць, прызапасіць. Падаў я кашміроўку маладзіцы. — Даўно на памяць дзеля вас прыпас. Вітка. — А я не толькі скасіў, — задаволена засмяяўся Анісім, — але і ласунак табе прыпас. Сачанка.