абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.
У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, солдатских н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Известия Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял.Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр.Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.
дзеяч рэв. руху ў Зах.Беларусі. У грамадз. вайну сакратар Харкаўскага, Гомельскага падп. к-таў РКП(б), на падп. рабоце ў тыле войск Дзянікіна, нач. палітаддзела дывізіі. У 1920—24 у РВСЗах. фронту і ў калегіі ВЧК—ДПУ. З 1924 на падп. рабоце ў Зах.Беларусі: сакратар Віленскага, Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ, Дамброўскага акр.к-та КПП, чл.ЦККПЗБ. У жн. 1926 арыштавана польск. ўладамі і зняволена на 6 гадоў у турму. Са жн. 1933 чл. Бюро ЦККПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б. У 1934 чл. польск. сакратарыята пры ЦК Кампартыі Францыі. У 1934—35 і ў 1937 кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПП. Са жн. 1937 у СССР, у гэтым жа годзе беспадстаўна рэпрэсіравана. Рэабілітавана пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́РСКІ (Самуіл Хаімавіч) (29.4.1884, Гродна — 19.8.1947),
бел. гісторык. Чл.-кар.АНБССР (1936). Удзельнік рэв. руху ў 1905—07, чл. Бунда. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэв. 1917 вярнуўся на Беларусь, у 1918 уступіў у КП(б)Б, быў ваен. камісарам у Віцебску. У 1924—33 на кіруючых пасадах у парт.-навук. установах Мінска і Масквы, з 1934 нам. дырэктара Ін-та нац. меншасцяў АНБеларусі. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху на Беларусі. Лічыў праявай нацыяналізму святкаванне ў 1926 юбілею бел. газет «Наша доля» і «Наша ніва»; паўстанне 1863—64 характарызаваў як рэакц. памешчыцка-клерыкальнае; абвінавачваў У.Ігнатоўскага і З.Жылуновіча ў нацыяналізме. Бел.нац. рух пасля Лют. рэв. 1917 характарызаваў як шавіністычны. У 1938 арыштаваны, у 1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР,
ганаровае званне, якое прысвойваецца тэатрам, што выпрацавалі трывалыя традыцыі і выхавалі на іх аснове выдатных акцёраў, стварылі спектаклі, якія атрымалі шырокае прызнанне.
Упершыню прысвоена ў 1919 шасці рус. т-рам — Вялікаму, Малому, Мастацкаму ў Маскве, Александрынскаму (т-р імя Пушкіна), Марыінскаму (т-р оперы і балета) і Міхайлаўскаму (Малы т-р оперы і балета) у Петраградзе. У 1920—90-я г. званне акадэмічнага тэатра прысвоена лепшым драматычным і т-рам оперы і балета ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Харкаве, Казані, Ташкенце, Рызе, Таліне, Душанбе, Ашхабадзе і інш.
На Беларусі такое званне прысвоена 4 тэатрам: Нац.драм. т-ру імя Я.Купалы (1955), Бел.дзярж.драм. т-ру імя Я.Коласа (1977), Бел. т-ру оперы і балета (1964) і Дзярж.рус.драм. т-ру Беларусі (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад бія... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1997). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Маша («Чайка» А.Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ-ПАРАСО́НІК (Macrolepiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Вядома 11 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 віды, найб. вядомы грыб-парасонік стракаты, варона, або капялюх (M. procera), і грыб-парасонік белы (M. excoriata), грыб-парасонік дзявочы (M. puellaris) — рэдкі від, адзінае месцазнаходжанне якога ў Валожынскім р-не, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сапратрофы. Растуць у лясах, на палях, лугах. Пладаносяць у чэрв. — верасні. Ядомыя.
Пладовыя целы буйныя. Шапка дыям. да 25 см, яйца- або шарападобная, у старых грыбоў распасцёртая, з бугарком, сухая, ад буравата-шараватай да белай з лусачкамі. Мякаць белая. Пласцінкі свабодныя, белыя, на ножцы звычайна зрастаюцца ў кальцо (каларыум). Ножка высокая, булавападобная, полая ці шчыльная, з рухомым кальцом. Споры падоўжаныя, белыя, гладкія.