кантра́стны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца кантрастам каму‑, чаму‑н.; рэзка процілеглы. Кантрастныя з’явы. Кантрастныя колеры. □ І справа і злева грымелі ўзрывы, а тут было ціха. Цішыня трывала можа толькі якую хвіліну, але была яна такой кантрастнай, што здавалася чужой, незразумелай. Шахавец.

2. З рэзкай розніцай паміж светлымі і цёмнымі часткамі. Кантрастны здымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ўшчына, ‑ы, ж.

Тое, што было раней, што даўно прайшло; мінулае; былое. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Думкі не пакідаюць мяне. Можа і не варта каламуціць тую палыновую горыч далёкай мінуўшчыны. Асіпенка. // Старажытнасць, старадаўнасць. Сівая мінуўшчына. □ І ў суме адвечным, ссутуліўшы плечы, Мінуўшчына ў замчышчы спіць. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́крыўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Тое, чым накрыта зверху што‑н. Накрыўка каструлі. Накрыўка люка. □ Трошкі ўзбоч ад фабрыкі мясціўся старэнькі цвікавы завод. Яго можна было адрозніць па жалезнай з накрыўкай трубе. Сабаленка. Вогнішча абстаўлена чыгункамі, варэйкамі і кацялкамі, у якіх булькоча і, прыўзнімаючы накрыўкі, пускае пару страва. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўза́хапкі, прысл.

Разм.

1. Стараючыся зрабіць што‑н. першым, пераганяючы адзін аднаго ў чым‑н.; наперабой. Да груш было яшчэ з кіламетр, а мы, сарваўшыся з месца, як спуджаныя вераб’і, пускаліся навыперадкі і наўзахапкі падбіралі смачныя паданкі, разграбаючы апалае лісце. Ракітны.

2. Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязжа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які застаўся на корані (пра злакавыя расліны). У лагчынах з поля — яно было справа — на шашу пасля цяпла дыхнуў рэдзенькі, халодны вецер, прынёс пах нязжатага ячменю і сухога сена. Пташнікаў.

2. Такі, на якім засталіся на корані злакавыя расліны. Пералівы жоўта-зялёнага колеру дрыжалі над нязжатым полем. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няпа́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не палілі (пра печ). Няпаленая печ. // Такі, дзе не палілі (пра памяшканне). Няўтульна было ў гэтым недагледжаным і няпаленым памяшканні. Лобан. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

2. Які не прайшоў абпальвання (пра цэглу). Дыміліся сушыльныя печы. А няпаленую цэглу абвяваў вецер пад нізкімі паветкамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падно́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паднасіць.

2. у знач. прым. Паношаны, не зусім новы (пра адзенне, абутак і пад.). Нясцерпна было холадна ў летніх штанах, лапленых-недалапленых, не грэла і падношаная фуфайка. М. Ткачоў. // перан. Разм. Стараваты, змарнелы. Нікуды не ляціць, нібы прывязаны нейкай прысягай, звычайны, нават падношаны бусел. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падско́к, ‑у, м.

1. Скачок. Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. Караткевіч.

2. Разм. Прытанцоўванне. Пайшла «Лявоніха» з падскокам, Развёўшы рукі ў бакі. Чарняўскі.

3. у знач. прысл. падско́кам. Падскакваючы. Грыша схапіў кашулю і падскокам, вылецеў з пакоя. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́нне, ‑я, н.

1. Выказанае словамі жаданне, часцей чаго‑н. добрага, адрасаванае каму‑н. Пажаданне поспеху. □ Для кожнага ў.. [італьянкі] было напагатове слова падзякі ці проста пажаданне ўсяго добрага ў жыцці і працы. Лынькоў.

2. Прапанова, патрабаванне. Выказаць свае пажаданні. □ Адзін за адным .. [наведвальнікі] заходзілі ў кабінет, выкладвалі свае просьбы, меркаванні, пажаданні. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)