ЛАША́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Уздзенскім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лоша, Крывялі, Баравыя, Сенажаткі. Створана на р. Лоша ў 1967. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 5,4 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы р. Лоша. Берагі спадзістыя, дно роўнае, пераважна тарфяное, месцамі пясчанае. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,5 м. Часткова зарастае асакой, рагозам. Выкарыстоўваецца для абваднення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца адпачынку.

Ф.​М.​Ашэраў.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадз. архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1904—06 у эклектычным стылі (арх. П.​Камбураў) як аддзяленне Маскоўскага міжнар. банка. Мураваны сіметрычны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны рызалітам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі на 2-м паверсе і пілястрамі карынфскага ордэра паміж імі. Тэрыторыя банка была абкружана мураванай сцяной (захавалася часткова). У комплекс уваходзілі таксама 2 жылыя будынкі і гасп. пабудовы (не захаваліся).

Магілёўскага банка будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНАЯ КІСЛАТА́, α-оксіпрапіёнавая кіслата,

CH3CH(OH)COOH, монакарбонавая оксікіслата. Пашырана ў прыродзе, утвараецца з цукрыстых рэчываў пры малочнакіслым браджэнні. У значнай колькасці назапашваецца ў квашанай капусце, саленнях, кіслым малацэ, выспяваючых сырах. Бясколерныя крышталі, добрарастваральныя ў вадзе. Солі М.к. (лактаты) — канчатковыя прадукты анаэробнага распаду глікагену ці глюкозы. Пры фіз. нагрузцы М.к. назапашваецца ў мышцах (мышачная стомленасць) за кошт зніжэння ўзроўню глікагену. Пасля адпачынку М.к. пераўтвараецца ў глікаген і часткова акісляецца. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай, харч. і тэкст. прам-сці, медыцыне.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́Р ((Mansart) Франсуа) (23.1.1598, Парыж — 23.9.1666),

французскі архітэктар. Вучыўся ў арх. С. дэ Броса. Творча перапрацаваў традыцыі франц. і часткова італьян. Адраджэння, заклаў асновы класіцызму 17 ст. У работах М. спалучэнне пластычнага багацця дэкору з выразнасцю і прастатой агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, са строга рэгулярнай пабудовай плана: крыло замка ў Блуа (перабудова, 1635—38), палац Мезон-Лафіт каля Парыжа (1642—50), царква Валь-дэ-Грас (1645—46) і атэль Карнавале (перабудова, 1660—61) у Парыжы. Распрацаваў канструкцыю мансарды.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́ЛЬ,

чэрвепадобныя лічынкі двухкрылых насякомых — званцоў, пераважна з родаў Chironomiis і Tendipes. Жывуць у муле стаячых і павольна цякучых эўтрофных вадаёмаў, трапляюцца да глыб. 300 м, значная ч. масы бентасу.

Даўж. да 25 мм. Цела ярка-чырв. (з-за наяўнасці гемаглабіну ў гемалімфе). Дыхаюць праз трахейныя шчэлепы і часткова праз покрыва цела. Кормяцца пераважна рэшткамі арган. рэчываў, мікраарганізмамі. Корм для рыб у вадаёмах і акварыумах; лабараторныя жывёлы ў даследаваннях.

Да арт. Матыль. Лічынка камара-званца апушанага.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́РЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 17 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,39 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 2,26 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, разараныя. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, часткова зліваюцца са схіламі. Пойма ўчасткамі на ПнЗ і ПдЗ шыр. да 100 м, забалочаная, парослая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана ілам і сапрапелем.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БІСКВІ́ТНАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1930 у Мінску як цэх Мінскай кандытарскай фабрыкі «Камунарка»; у 1936—71 бісквітная ф-ка. У Вял. Айч. вайну часткова разбурана. Адноўлена ў 1944—45, рэканструявана і расшырана. У 1971—80 у складзе Мінскага вытв. аб’яднання кандытарскай прам-сці «Камунарка». З 1980 бісквітна-паліграф. ф-ка. У 1991 пабудавана нанава. У 1991—93 кандытарская ф-ка № 2 у складзе ф-кі «Камунарка». З 1993 дзярж. прадпрыемства кандытарская ф-ка «Слодыч». Асн. прадукцыя (1999) — пячэнне.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦАВА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць, за 35 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,32 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Катлавіна тэрмакарставага тыпу, выцягнута з З на У. Схілы выш. ад 6—7 м на Пн і У да 10 м на Пд і З, часткова разараныя, на Пн і З пад лесам і хмызняком. Выцякае ручай у р. Ловаць.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх. Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.

Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.

Пугач рыбны.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)