цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРБІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін C,
C6H8O6, вытворнае L-гулонавай к-ты; водарастваральны вітамін. Мал. м. 176,3. Сінтэзуецца раслінамі і жывёламі (за выключэннем прыматаў і інш. жывёл, якія атрымліваюць яе з кормам). Асноўная крыніца сінтэзу аскарбінавай кіслаты ў раслін — галактоза, у жывёл — глюкоза. У арганізме ўдзельнічае ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, стымулюе ўнутр. сакрэцыю, нармальнае развіццё і супраціўляльнасць арганізма, садзейнічае рэгенерацыі тканак. Адсутнасць або недахоп аскарбінавай кіслаты ў ежы чалавека выклікае цынгу, зніжае супраціўляльнасць да захворванняў. Сутачная патрэба дарослага чалавека ў аскарбінавай кіслаце — 50—100 мг, дзяцей — 30—70 мг. Найб. аскарбінавай кіслаты ў свежай садавіне і гародніне: пладах шыпшыны, чырвонага перцу, цытрусаў, чорных парэчак, у цыбулі, ліставой гародніне. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.