ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі,

антыфашысцкае паўстанне ў 2сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.​Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.

Літ.:

Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬ (Kiel),

горад на Пн Германіі. Адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн. 247 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёвы і рыбалавецкі порт каля выхаду з Кільскага канала ў Кільскую бухту Балтыйскага м. Прам-сць: суднабуд. і дапаможныя галіны (дызелебудаўніцтва і інш.), вытв-сць лакаматываў і тэкст. машын, хім., оптыка-мех., тэкст., рыбаперапрацоўчая. Ун-т (з 1665). Оперны т-р, музеі, у т. л. марскі, акіянаграфіі, Кунстгале. База ВМФ. Месца правядзення алімп. рэгат 1936, 1972. Арх. помнікі: касцёл св. Мікалая (13 ст.), руіны ратушы і замка (16 ст.).

Засн. ў 1-й пал. 13 ст. У 1242 атрымаў гар. правы. У 1284—1518 уваходзіў у саюз ням. гарадоў Ганза. У 14 ст. гал. гандл. цэнтр графства Шлезвіг-Гольштэйн. У 1460—1864 К. пад уладай каралёў Даніі. Месца заключэння Кільскіх мірных дагавораў 1814. Эканам. развіццё горада паскорылася пасля ўключэння яго ў склад Прусіі (1866) і буд-ва Кільскага канала (1887—95). Тут адбылося паўстанне матросаў герм. флоту, якое дало пачатак Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. У час 2сусв. вайны горад значна разбураны. З 1946 адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,

нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.​Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш. слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл. Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).

Літ.:

Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁСПОРТ,

комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.

Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.​Астроўскі (1997), Л.​Барысенка (1995, 1997), А.​Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.​Волкава (1999), В.​Гагарын (1995), Я.​Гаўрылаў і Г.​Карабушчанка (1991), У.​Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.​Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі 2/428; 4/276, 534; 5/314, 334, 356—358; 6/324; 8/608; 12/153, 205, 250

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

апо́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».

2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.

3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Verbnd m -(e)s, -bände

1) перавя́зка, павя́зка, бінт;

inen ~ nlegen накла́дваць павя́зку;

inen ~ mchen зрабі́ць перавя́зку

2) тавары́ства, саю́з, згуртава́нне;

inem ~ ngehören быць чле́нам саю́за;

internationler ~ міжнаро́дная федэра́цыя

3) вайск. падраздзяле́нне, часць

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)