Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́гыль ’нячысцік, нячыстая сіла’ (Бяльк.). Мяркуем, што можна гэта слова параўнаць з укр. а́гел ’сатана, д’ябал’ (Грынч.), таксама га́гел (апошняе на Сумшчыне, гл. Дарашэнка, ДБ, 9, 106) і далей з рус. царкоўным а́ггел ’злы дух, д’ябал, сатана’ (Даль). Усё паходзіць, мяркуем, з грэч. ἄγγελοβ ’пасланец (> ангел)’ (вымаўляецца: ангелос). У адрозненне ад слова ангел (гл.) тут замацавалася вымаўленне паводле графікі, напісання (магчыма, для дыферэнцыяцыі гэтых двух аднолькавых па паходжанню слоў). Сатана (як і бог) мае сваіх пасланцоў, ангелаў. Па хрысціянскай рэлігіі ангелы, якія праграшылі, знаходзяцца пад узначальваннем сатаны і служаць яму пасланцамі. Параўн. у ст.-рус. помніках: «оуготованыи огнь диѧволоу и ангеломъ ѥго» (Сразн., І, 22). Гл. таксама ў ст.-укр. помніках: «Мѣлъ злым Аггелъ розмову з першою родителкою нашею» (Цімчанка, 7). Адсюль а́ггел (а́гел) (< ангел) ’пасланец д’ябла’ > ’злы дух, д’ябал’. У бел. развіўся пратэтычны гук г‑ (га́гыль < а́гыль < а́гел). Не пераконвае Рудніцкі (521), які думае пра табуістычную дэфармацыю слова ангел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́н1 ’драўляная міска’ (КСТ, КЭС). Вытворныя: вагане́ц ’начоўкі для пяску’, вага́нак ’коўшык’, вагано́к ’драўляная міска’ (КСТ). Рус. ваганки ’ночвы, карыта’, укр. вагани́ ’прадаўгаватая драўляная міска для яды; ночвы’, чэш. vahánek, славац. vahan, серб.-харв. ва̀ган ’драўляная міска; пэўная мера’, славен. vagàn, vagána. Запазычанне. Існуючыя версіі гл. Фасмер, 1, 264; Махэк₂, 675; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559. Балгарскія этымолагі (БЕР, 1, 110–111, 221) лічаць, што *vaganъ — вынік метатэзы пры запазычанні італ. gavagno (параўн. балг. гаванка ’драўляная міса’).

Вага́н2 ’лаянкавае слова’ (КСП); ’высокі, здаровы чалавек’. Рус. ваган ’вахлак, мужык, селянін’, ваганиться ’гарэзаваць, гуляць, жартаваць’, ходить на ваган ’адлучацца без дазволу’, польск. wagant, чэш. vagant ’бадзяга’, славац. vagant ’бадзяга-студэнт’, серб.-харв. ва̀гант ’бадзяга’. У бел. мову слова трапіла з захаду (параўн., напрыклад, ням. Vagant), магчыма, праз польскую або непасрэдна з лацінскай. Ваган < *вагант, якое да лац. vagans, vagantis ’які бадзяецца’. Аб страце ‑т параўн. Суперанская, Вопросы культуры речи, 3, 1961. Гл. Махэк₂, 674; Надурская, JP, 1972, 1, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́да ’кібітка, верх павозкі; буда, пакрыццё ад дажджу над возам; будан, панура і да т. п.; крыты вазок’ (Нас., Касп., Шат., Бесар., Бяльк., Янк. II, БРС, Яшкін). Вядомае з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) у значэнні лясная смалакурня; будка’. З іншым націскам буда́ ’тс’ (Др.-Падб.), ’будка для сабакі’ (Сцяшк. МГ), ’будка над ямай, дзе ляжыць бульба’ (Сцяшк.), ’будан; дрэнны жылы будынак’ (слаўг., Яшкін). Вытворнае: бу́дка. Рус. бу́да, бу́дка, укр. бу́да, бу́дка. Запазычанне з польск. buda ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. būde (buode). Аб польскім слове падрабязна Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111 і наст. Гл. таксама Слаўскі, 1, 48; Кохман, Kontakty, 104; Фасмер, 1, 230; Бернекер, 96; Праабражэнскі, 1, 50; Шанскі, 1, Б, 211; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47. Рудніцкі, 234 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), думае пра непасрэднае запазычанне з с.-в.-ням. Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія (Махэк₂, 61–62) пра паходжанне слав. *buda ад слав. (!) *budovati (< *oborudovati). Да с.-в.-ням. buode і яго герм. сувязей гл. Клюге, 108 (пад Bude).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)