ФРЫД (Fried) Альфрэд Герман (11.11.1864, Вена — 5.5.1921),

аўстрыйскі публіцыст і дзеяч пацыфісцкага руху. З 1891 выдаваў у Берліне пацыфісцкі час. «Die Waffen nieder» («Прэч зброю»). У 1892 адзін з заснавальнікаў Герм. т-ва міру (у 1903 выйшаў з яго з-за разыходжанняў у пытаннях тактыкі захавання міру). З 1894 рэдактар і выдавец час. «Die Friendenswarte» («Варта міру»). Выступаў з пазіцый фундаментальнага пацыфізму, супраць усялякай вайны. З пач. 1-й сусв. вайны эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе выдаў шэраг антываен. памфлетаў. Нобелеўская прэмія міру 1911 (з Т.Асерам).

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫДЭ́ЛЬ (Friedel) Шарль (12.3.1832, г. Страсбур, Францыя — 20.4.1899),

французскі вучоны ў галіне хіміі і мінералогіі. Чл. Парыжскай АН (1878). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Страсбурскі ун-т (1852). З 1876 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па пытаннях каталітычнага арган. сінтэзу. Упершыню сінтэзаваў шэраг арган. злучэнняў, у т. л. малочную, мелесінавую і мезакамфарную к-ты, другасны прапілавы спірт, ацэтафенон, гліцэрыну. Сумесна з амер. хімікам Дж.​Крафтсам адкрыў метад алкіліравання і ацыліравання араматычных злучэнняў (1877; рэакцыя Ф. — Крафтса). Штучна атрымаў кварц, рутыл, тапаз.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЛАНЕН (Halonen) Тар’я (н. ў 1944),

палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Канд. юрыд. н. (1968). Скончыла Хельсінскі ун-т (1968). Працавала адвакатам у Цэнтр. арг-цыі прафсаюзаў Фінляндыі, парламенцкім сакратаром прэм’ер-міністра, членам гар. савета г. Хельсінкі, міністрам па сац. пытаннях, міністрам юстыцыі; адначасова з 1979 дэп. парламента. З 1995 міністр замежных спраў. З лют. 2000 прэзідэнт Фінляндыі (першая ў гісторыі краіны жанчына на гэтых пасадах). Праводзіць курс на працяг добрасуседскіх адносін з Рас. Федэрацыяй і далейшую інтэграцыю Фінляндыі ў еўрап. структуры.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́ГЛЕР (Ziegler) Карл Вальдэмар (26.11.1898, в. Хельза, паблізу г. Касель, Германія — 11.8.1973),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Марбургскі ун-т (1920). У 1928—36 праф. Гайдэльбергскага ун-та. З 1936 дырэктар хім. ін-та пры ун-це ў Гале. З 1943 дырэктар ін-та даследавання вугалю ў Мюльгайме. Навук. працы па пытаннях каталітычнай полімерызацыі. Адкрыў (1953) змешаны тытан-алюмініевы каталізатар («каталізатар Ц.»), на якім атрыманы поліэтылен з рэгулярнай структурай. Распрацаваў прамысл. спосабы атрымання бутадыену, вышэйшых спіртоў і карбонавых к-т. Нобелеўская прэмія 1963 (з Дж.Ната).

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЛІСАЎ Міхаіл Аляксандравіч (14.3.1898, г. Таганрог, Расія — 26.7.1973),

бел. і рас. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1941), праф. (1945). Скончыў Растоўскі ун-т (1923). З 1923 працаваў у розных гарадах Расіі. З 1951 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова (1952—68) гал. псіхіятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па пытаннях клінічнай псіхіятрыі.

Тв.:

Некоторые данные к патогенезу шизофрении // Шизофрения: (Вопр. нозологии, патогенеза, клиники и анатомии). М., 1962;

Состояние печени у лиц, страдающих хроническим алкоголизмом // Актуальные вопросы психиатрии и невропатологии. М., 1963.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЭ́РНІК Мікалай Васілевіч (11.9.1890, в. Старына Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 2.12.1934),

бел. мовазнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (1934). У 1914—29 настаўнічаў на Міншчыне, у 1933—34 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Аршанскім пед. тэхнікуме. Складальнік «Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны» (1929), у якім растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі звязнага тэксту значэнне каля 9 тыс. слоў і фразеалагізмаў, сабраных у 35 населеных пунктах б. Ігуменскага павета. Аўтар артыкулаў па пытаннях педагогікі і методыкі.

І.​К.​Германовіч.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮПА́ТАЎ Стафан Іванавіч (15.8.1927, в. Іванава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. —24.3.1993),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1957). З 1967 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1968 заг. кафедры). Працы па пытаннях патагенезу і хірург. лячэнні язвавай хваробы стрававода, страўніка, дванаццаціперснай кішкі, жоўцевых шляхоў і печані.

Тв.:

Хирургическая анатомия внепеченочных желчных путей // Клиническая хирургия. 1967. № 9;

О взаимоотношениях желчных ходов с лимфатическими сосудами печени // Материалы VII науч. сес. Гродн. гос. мед. ин-та. Мн., 1968.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́ЎСКІ Рычард Карлавіч (1848 — чэрв. 1921),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р медыцыны (1876). З 1891 віцэ-прэзідэнт, з 1895 прэзідэнт Мінскага навук. т-ва ўрачоў. Ініцыятар і арганізатар з’ездаў урачоў Мінскай губ. (1908, 1911, 1914). Зрабіў уклад у паляпшэнне мед. абслугоўвання насельніцтва і сан. стану Мінска. Пасля Кастр. рэвалюцыі працаваў у сав. мед. установах. Працы па пытаннях хірургіі, фізіялогіі і аховы здароўя.

Літ.:

Крючок Г.Р. Доктор медицины Р.​К.​Яновский: (К 110-летию со дня рождения) // Здравоохранение Белоруссии. 1958 № 6.

т. 18, кн. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРШО́Ў Георгій Фёдаравіч (4.3.1922, в. Кіпцы Саратаўскай вобл., Расія — 15.4.1997),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. механікі. Д-р тэхн. н. (1974), прафесар. Скончыў Ваенна-інж. акадэмію імя В.​У.​Куйбышава (1952). З 1953 у Мінскім вышэйшым інж. зенітным ракетным вучылішчы. З 1978 у БПА. Навук. працы па пытаннях трываласці і ўстойлівасці сферычных абалонак, разліку стрыжнёвых прасторавых каркасаў. Даследаваў метады павышэння жывучасці наземных радыёлакацыйных станцый войск ППА пры ўздзеянні ядз. і звычайных сродкаў паражэння. Аўтар навуч. дапаможнікаў па тэарэт. механіцы і спец. ваенна-інж. дысцыплінах.

т. 18, кн. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎСТА́Ф’ЕЎ Мікалай Цімафеевіч (9.8.1903, в. Курашчаны Віцебскай вобл. — ?),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р мед. н. (1972). Скончыў мед. ф-т БДУ (1928). З 1928 у Мінскім мед. ін-це. У 1943—49 нам. міністра аховы здароўя Беларусі, адначасова з 1945 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1945—72 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях склеромнай інфекцыі, лячэння глухаты і марфалогіі нерв. сістэмы гартані чалавека.

Тв.:

Вопросы эпидемиологии склеромы // Материалы науч. сессии Бел. гос. ин-та усовершенствования врачей. Мн., 1967.

т. 18, кн. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)