ШАТЭ́РНІК Мікалай Васілевіч (11.9.1890, в. Старына Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 2.12.1934),
бел. мовазнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (1934). У 1914—29 настаўнічаў на Міншчыне, у 1933—34 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Аршанскім пед. тэхнікуме. Складальнік «Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны» (1929), у якім растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі звязнага тэксту значэнне каля 9 тыс. слоў і фразеалагізмаў, сабраных у 35 населеных пунктах б. Ігуменскага павета. Аўтар артыкулаў па пытаннях педагогікі і методыкі.
І.К.Германовіч.
т. 17, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)