паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.І.Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл.Від, Сістэматыка).
Літ.:
Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ.М., 1990;
Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр.М., 1991;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЕН (Hessen),
зямля (адм. адзінка) у ФРГ у бас. Рэйна і верхняга Везера. Пл. 21,1 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1994). Адм. ц. — г.Вісбадэн. Найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Франкфуртна-Майне, Дармштат, Касель, Вісбадэн, Офенбах. На З — адгор’і Рэйнскіх Сланцавых гор, на У — сярэднягорныя масівы Рэйнгардсвальд, Габіхтсвальд, Кнюль, Фогельсберг, Рон (г. Васеркупе, 950 м), на Пд — зах.ч. Одэнвальда і нізіна ў міжрэччы Рэйна і Майна. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 18 — 20 °C, студз. каля 2 °C. Ападкаў 600 — 800 мм за год. Здабыча калійных солей, бурага вугалю. Развіта машына-, станка- і прыладабудаванне, інструментальная і эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сцьпаліграф. машын, рухавікоў, радыё- і тэлеапаратуры. Нафтахім., хім.-фармацэўтычная прам-сць, вытв-сцьхім. валокнаў. Каляровая металургія, цэм., папяровая, тэкст., харч., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Вытв-сць ювелірных вырабаў, мэблі, шпалераў. У сельскай гаспадарцы пераважае малочна-мясная жывёлагадоўля. Сеюць пшаніцу, жыта, авёс, кармавыя травы. Агародніцтва. На Пд у далінах рэк вінаградарства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Суднаходства па Рэйне і Майне.
У старажытнасці тэр. Гесена насяляла герм. племя гесаў (адсюль назва). У канцы 8 — пач. 9 ст. тут утварылася графства. У 1137 яно трапіла пад уладу ландграфа Цюрынгіі, у 13 ст. вызвалілася. З 1292 ландграфства і імперскае княства (сталіца з 1277 г. Касель). У 14—15 ст. перажываў перыяд раздробленасці, аб’яднаны (з 1522) у час праўлення Філіпа Велікадушнага [1509—67]. У 1526 праведзена Рэфармацыя. У 1567 падзелены на княствы Гесен-Касель і Гесен-Дармштат. Гесен-Касель удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне 1618—48 (на баку пратэстанцкіх князёў) і аўстра-прускай вайне 1866 (на баку Аўстрыі). У 1803—66 курфюрства. У 1866 анексіраваны Прусіяй і ўключаны ў прав. Гесен-Насаў. Гесен-Дармштат у час Трыццацігадовай вайны падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі»; у 1806—1918 — вял. герцагства (у 1866—1918 наз.Вял. герцагства Гесен), з 1828 у мытнай сістэме Прусіі, з 1871 у складзе Герм. імперыі, у 1918—45 рэспубліка (зямля) Гесен. Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе амер. і франц. акупацыйных зон. З 1949 зямля ФРГ (утворана з зямель Гесен-Насаў, Гесен-Касель і Гесен-Дармштат; рэйнская частка Гесена ўвайшла ў зямлю Рэйнланд-Пфальц.
расійскі пісьменнік. Правадзейны чл. Акадэміі пед. навук СССР (1971). Герой Сац. Працы (1973). Засл. дз. маст. Расіі (1967). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1935—37). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі (1970—90). Друкуецца з 1928. У творах для дзяцей (зб-кі «Вершы», 1936; «Вершы для дзяцей», 1943; «Быль для дзяцей», 1946; вершаваная тэтралогія «Дзядзя Сцёпа», 1936—82; аповесці-казкі «Прыгоды Рубля», 1967, «Свята Непаслухмянасці», 1972, «Сон з працягам», 1982; п’есы «Канькі», 1939, «Асобае заданне», 1946, «Самбрэра», 1957, «Дарагі хлопчык», 1971, і інш.) адчуванне асаблівасцей дзіцячай псіхалогіі, выхаванне праз гульню. Вял. папулярнасць набылі яго надзённыя і вострыя байкі. Аўтар п’ес для дарослых «У адным купэ» (1955), «Пена» (1975), «Рэха» (1980), «Усё могуць каралі...» (1983), «Кавардак» (1988), кн. пра выхаванне «Усё пачынаецца з дзяцінства» (1968), літ.-крытычных артыкулаў, зборнікаў нарысаў, фельетонаў, кінасцэнарыяў. у т. л. «Франтавыя сяброўкі» (1941, з М.Розенбергам; Дзярж. прэмія СССР 1942), і інш. З Г.Эль-Рэгістанам стварыў тэкст Дзярж. гімна СССР 1943, новая рэд. 1977). Многія вершы М. сталі вядомымі песнямі. Гал. рэдактар сатыр. кіначасопіса «Фитиль» (з 1962; Дзярж. прэмія СССР 1978). Неаднаразова наведваў Беларусь. 100-годдзю з дня нараджэння Я.Коласа прысвяціў арт. «Сын зямлі і народа». Бел.т-р імя Я.Коласа паставіў яго п’есу «Я хачу дадому» (1949), Рускі драм.т-р — «Дзікуны» (1959), Дзярж.т-р лялек — «Зайчык-зазнайчык» (1952), «Тры парасяці» (1964), Брэсцкі абласны драм.т-р — «Страчаны дом» (1950), «Ракі» (1953). Асобныя творы М. на бел. мову пераклалі М.Аўрамчык, П.Броўка, Э.Валасевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, В.Вярба, У.Корбан, К.Крапіва, А.Куляшоў, М.Танк, А.Якімовіч і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1977.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1981—83;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1991;
О литературе. М., 1986;
Я был советским писателем: Приметы времени. М., 1992;
От и до... М., 1998;
Бел.пер. — Байкі: Выбр.Мн., 1981;
А што ў вас?: Вершы. Мн., 1950;
Дзядзя Сцёпа — міліцыянер. Мн., 1958.
Літ.:
Александров В.П. Сергей Михалков: Биогр. творчества. 3 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСІ́ (Nancy),
горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА (Уладзімір Іванавіч) (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел. гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўленняБел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ВА (франц. Genève, ням. Genf),
горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс.ж., з прыгарадамі каля 400 тыс.ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін.цэнтр.Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.
Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха I Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т. л.гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.
Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНАТО́ЎСКІ (Усевалад Макаравіч) (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),
бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл.ЦКБел. сацыяліст грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл.ВРКБССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел.АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл.праўлення, праф.БДУ. Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВКСССР у 1924, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦККП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел.АН, 16.1.1931 пастановай ЦККП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.
Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.
Тв.:
Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;
Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд.Мн., 1928;
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991.
Літ.:
Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час.Мн., 1991;
У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўленняПерыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРФАГЕ́Н (ад фінікійскага Картадашт — літар. новы горад),
старажытны горад-дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у 7—2 ст. да н.э. найбуйнейшая дзяржава. Засн. выхадцамі з фінікійскага г. Тыр у 825—814 да н.э. на ПнУ сучаснай дзяржавы Туніс. Быў цэнтрам пасрэдніцкага гандлю паміж Усх. і Зах. Міжземнамор’ем. Развіццё гандлю спрыяла заснаванню К. калоній уздоўж узбярэжжа і на а-вах Зах. Міжземнамор’я. Паступова пашырыў свае зямельныя ўладанні ў бас.р. Баград, дзе ўзніклі латыфундыі з працай рабоў і мясц. насельніцтва.
Меў алігархічную форму праўлення: уладу ўзначальвалі асобныя групы гандл.-рамеснай арыстакратыі; заканад. ўлада належала савету 10 (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. савет 30) і савету старэйшын (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. колькасць чл. павялічана з 100 да 300). На чале выканаўчай улады былі 2 суфеты (перавыбіраліся штогод). У К. развіваліся сельская гаспадарка і рамёствы; у прыватных майстэрнях разам з рабамі працавалі і свабодныя грамадзяне, у дзяржаўных — дзярж. рабы. Фінікійскія калоніі, якія ўваходзілі ў склад К. (Утыка, Лептыс-Магна, Лептыс-Мінор. Гіпон і інш.), мелі блізкую да яго сац. і паліт. структуру, карысталіся аўтаноміяй, плацілі К. падатак (гандл. пошліну). У саюзе з этрускамі К. разграміў грэкаў у бітве пры Алаліі (534 да н.э.), знішчыў Тартэс, замацаваў сваё панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Паражэнне ў бітве каля Гімеры (каля 480 да н.э.) спыніла экспансію К. ў Грэцыю. У сярэдзіне 5 ст. да н.э. дзяржава, створаная К., уключала Паўн. Афрыку. Зах. Сіцылію, Паўд. Іспанію, Сардзінію. Каля трох стагоддзяў К. намагаўся захапіць грэч. калоніі на п-ве Сіцылія. Імкненне К. да гегемоніі прывяло да Пунічных войнаў 264—146 да н.э. з Рымам. У выніку 3-й Пунічнай вайны 149—146 К. захоплены і разбураны рымлянамі. У 1 ст. да н.э. адноўлены, у перыяд Рым. імперыі адзін з буйных гарадоў Міжземнамор’я, у 5—7 ст.н.э. пад уладай вандалаў, Візантыі. У 698 разбураны арабамі.
Мастацтва К., фінікійскае па паходжанні, зазнала ўплывы Стараж. Егіпта і Грэцыі (антрапаморфныя саркафагі 4—3 ст. да н.э., маўзалей Атэбана ў г. Дуга, 200 да н.э., дойлід Абарыш) і мела змешаны характар (кантакты з мастацтвам этрускаў, ібераў, лівійцаў). К. складаўся з Верхняга горада (цытадэль Бірса з храмам бога Эшмуна), Ніжняга горада і сельскага прадмесця Мегара; быў абкружаны ровам і 2 магутнымі мурамі з вежамі. У 7—2 ст. да н.э. знойдзены ювелірныя і бронз. вырабы, гліняныя свяцільні, пасудзіны, статуэткі, рытуальныя і партрэтныя маскі. Захаваліся вапняковыя, радзей мармуровыя прымітыўныя стэлы, прысвечаныя фінікійскім багам Таніт і Ваалу-Амону. Мастацтва рым. перыяду (2—3 ст.) вызначаецца імкненнем да раскошы і грандыёзнасці. Была створана прамавугольная сетка вуліц, на ўзгорку Бірса пабудаваны капітолій, замест храма Эшмуна — храм Эскулапа, у горадзе — тэатр, адэон, амфітэатр, тэрмы з мазаікамі, мармуровымі абліцоўкамі і статуямі. У жыллёвым буд-ве пераважаў эліністычна-рым. перыстыльны тып дома, прыстасаваны да афр. клімату, з басейнамі, невял. свяцілішчамі. Інтэр’еры аздабляліся фрэскамі і мазаікамі. Была пашырана пераважна дэкар. і надмагільная скульптура.