АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),

спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=​1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.

Да арт. Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.
Да арт. Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.​Лангбарп. 1931.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,

тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.​Ластоўскі, В.​Захарка, П.​Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.​Бадунова, К.​Езавітаў, У.​Ігнатоўскі, І.​Краскоўскі, М.​Маркевіч, П.​Мядзёлка, І.​Цвікевіч, Я.​Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),

дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.​Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.​Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.​Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).

Літ.:

Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;

Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.

Т.Джэферсан.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ДРУГІ́ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 24—27.1.1956 у Мінску. Прысутнічала 809 дэлегатаў з рашаючым і 76 з дарадчым голасам ад 145 069 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (М.​С.​Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.​Я.​Сядых); абмеркаванне праекта ЦК КПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» (К.​Т.​Мазураў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ, дэлегатаў на XX з’езд КПСС. З’езд адзначыў поспехі ў выкананні 5-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, ухваліў праект ЦК КПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» і абавязаў ЦК КПБ і СМ БССР на аснове дырэктыў ЦК КПСС распрацаваць 6-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 127 чл. і 76 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 37 чл., дэлегатаў на XX з’езд КПСС.

Літ.:

Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXII з’езду КПБ. Мн., 1956;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,

адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),

бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад. АН БССР (1947). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм. т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян. арх. А.​Паладыо (выд. 1938).

Літ.:

И.​В.​Жолтовский: Проекты и постройки. М., 1955.

І.У.Жалтоўскі.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАДВАРЭ́Ц,

палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл. Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.​Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.​Браўнштэйн, Ж.Б.​А.​Леблон, М.​Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.​Мартас, І.​Пракоф’еў, Ж.​Д.​Рашэт, Ф.​Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.​Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.​Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял. Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.​Гесен, А.​Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.

Фантан «Адам» у Петрадварцы.
Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.
Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прапанава́ць I сов., в разн. знач. предложи́ть;

п. но́вы прае́кт — предложи́ть но́вый прое́кт;

п. дапамо́гу — предложи́ть по́мощь;

п. но́вую зада́чу — предложи́ть но́вую зада́чу;

п. пайсці́ ў адпачы́нак — предложи́ть пойти́ в о́тпуск;

п. руку́ (і сэ́рца) — (каму) предложи́ть ру́ку (и се́рдце) (кому)

прапанава́ць II несов., см. прапано́ўваць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пасла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Аслабіць, адпусціць крыху што‑н. туга нацягнутае, закручанае. Паслабіць гайку. □ Варанецкі лёгка саскочыў з сядла, паслабіў каню папругі і пусціў яго папасвіцца. Дуброўскі. Сева расшпіліў кашулю, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. Карпаў.

2. перан. Знізіць, аслабіць сілу, напружанасць чаго‑н.; зменшыць размах, інтэнсіўнасць чаго‑н. Новая бяда на нейкі момант паслабіла .. ўвагу [Веры Паўлаўны] да дзяцей. Якімовіч. Віктар нічога не гаварыў, толькі часта заглядваў у праект, я адчуваў набліжэнне бурнай размовы, але ніякіх захадаў не рабіў, каб яе паслабіць. Савіцкі. Ваяўнічая, неспакойная, якой мы ведалі заўжды байку, сёння ў некаторых нашых байкапісцаў як бы паслабіла сваю адказнасць перад грамадствам. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Думаючы, раздумваючы, прыйсці да якога‑н. рашэння; здагадацца зрабіць што‑н.; выдумаць. Думалі, думалі хлопцы, як выкрасці кажух. Нічога не прыдумалі, як толькі расперазаць яго і лёгенька сцягнуць. Колас. Маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. // Стварыць што‑н. у думках, вынайсці. Прыдумаць мелодыю. □ Сцяг сама Галіна пашыла і на ім лозунг, які прыдумалі разам усе, вось тут жа на бярвенні каля клеці. Галавач. — Гэта — праект новай міны. Наш Сёмка прыдумаў. Брыль. Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Мележ.

2. Выдумаць тое, чаго не было на самай справе. — Ты хаця не прыдумай чаго. — Нашто мне прыдумваць, калі гэта праўда. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)