ПАЛО́ВІЦА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 211 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Кролікі, вусце на Пд ад в. Рымкі. Цячэ па паўд.-зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні на працягу 10—12 км слабавыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—700 м. Каля в. Кундры ад ракі адыходзіць канал, па якім частка сцёку перакідваецца ў р. Лучайка. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КШЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 8 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,66 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,9 км. Пл. вадазбору 27,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—13 м (на ПдЗ — 5 м), пад хмызняком. Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. На З пойма шыр. да 200 м. Да глыб. 2 м ложа выслана пяском, ніжэй — ілам і сапрапелем.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),

канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.​Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.

Мачавая кіслата.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ХО́ЛАДУ,

мясцовасці на зямным шары з найбольш нізкімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні. У Паўн. паўшар’і П.х. знаходзяцца ў Расіі, у Рэсп. Саха (Якуція), у раёне Аймякона — Верхаянска (мінім. т-ры блізкія да -72,2 °C), а таксама ў Грэнландыі (ніжэй за -65 °C). У Паўд. паўшар’і П.х. ва Усх. Антарктыдзе, дзе на станцыі «Усход», на выш. каля 3500 м у 1983 зарэгістравана т-ра -89,2 °C. Сярэднія гадавыя т-ры ў гэтым раёне (-56 °C) таксама самыя нізкія на Зямлі.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.

Перасоўная помпавая станцыя: 1 — усмоктвальны трубаправод; 2 — помпа з рухавіком; 3 — разборны напорны трубаправод; 4 — эжэктар для запаўнення ўсмоктвальнай лініі.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫРА́НКА, Хамутоўка,

рака ў Гродзенскім р-не, правы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 622 км². Пачынаецца з воз. Малочнае, цячэ праз азёры Белае і Рыбніца. Ад вытоку да воз. Белае называецца Хамутоўка. Асн. прыток — р. Бярвенка. Даліна ў сярэднім цячэнні невыразная, у верхнім і ніжнім трапецападобная (шыр. 200—300 м). Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, шыр. 3—4 м, месцамі да 10 м, на ўчастку ніжэй воз. Рыбніца да в. Пыра (3,2 км) каналізаванае.

т. 13, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падва́л, ‑а, м.

1. Памяшканне пад першым паверхам будынка ніжэй узроўню зямлі, якое прызначаецца для розных гаспадарчых патрэб. Каля бітай дарогі стаіць вялізны пусты дом, даўно закінутая дача з цагляным падвалам. Колас.

2. Ніжняя частка газетнай старонкі, звычайна аддзеленая рыскай, дзе змяшчаецца асобны артыкул, а таксама артыкул, змешчаны на ніжняй частцы газетнай старонкі. Артыкул быў грунтоўны і вялікі — на цэлы падвал. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́ннік, ‑а, м.

1. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой, рангам ніжэй за пасла.

2. Кніжн. уст. Тое, што і пасланец. Пайшоў ён [Алёша] пасланнікам іхнім, Палез да вяршыні па схілу, І згаслі пажары, Грымоты заціхлі, Адчуўшы, што ўзняўся асілак. Калачынскі. Сплю ў каменным сховішчы кватэры, Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — Хлеб. Макаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэзідэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Прадстаўнік імперыялістычнай дзяржавы ў пратэктараце (фактычны кіраўнік гэтага пратэктарату).

2. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой па рангу ніжэй пасланніка.

3. Грамадзянін якой‑н. краіны, які пастаянна пражывае ў замежнай дзяржаве.

4. Тайны прадстаўнік разведкі ў пэўным раёне замежнай дзяржавы. Ноччу быў забіты бургамістр горада, немец па паходжанню і, мабыць, даўні рэзідэнт германскага абвера. Асіпенка.

[Ад лац. residens, residentis — які знаходзіцца, сядзіць на месцы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уні́зе, прысл.

У ніжняй частцы; ніжэй чаго‑н.; проціл. уверсе. Унізе мерна цякла Бярэзіна, якая яшчэ не ўвайшла пасля пав[о]дк[і] ў свае берагі. Ігнаценка. Я са сваім таварышам Адамам Лявончыкам пілаваў дошкі прадоўжнай пілой. Ён наверсе, я ўнізе. Чарнышэвіч. [Конь] стаяў.. пад старой разгалістай таполяй з падранай унізе парою. Мележ. Дом на гары і ўнізе чорны млын, Як дзве паходні, уначы гарэлі. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)