БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),

вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.​Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.​Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.​Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел. нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш. гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел. грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЛЕНІСТАНО́ГІЯ (Arthropoda),

тып беспазваночных жывёл. 4 падтыпы: трылабітападобныя (з выкапнёвым кл. трылабітаў), трахейнадыхальныя, хеліцэравыя, шчэлепадыхальныя. Каля 3 млн. відаў. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Жывуць у паветры, на паверхні зямлі, у глебе, вадзе. Найб. разнастайныя і шматлікія насякомыя, ракападобныя, павукападобныя, мнаганожкі.

Цела двухбакова-сім., сегментаванае, укрытае хіцінавай кутыкулай, якая ўтварае панцыр. У целе 3 аддзелы: галава, грудзі і брушка, якія ў розных камбінацыях зліваюцца паміж сабой. Перамяшчаюцца з дапамогай членістых канечнасцей (адсюль назва). Галаўныя канечнасці ператварыліся ў сківіцы. Органы дыхання — лёгачныя мяшкі, трахеі або шчэлепы. Крывяносная сістэма незамкнёная, у спінной ч. цела размешчана сэрца. У стрававальнай сістэме пярэдняя, сярэдняя і задняя кішкі з вываднымі адтулінамі; выдзяляльная сістэма прадстаўлена залозамі і мальпігіевымі сасудамі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога мозга, каляглотачных вузлоў і брушнога нерв. ланцуга. Многія Ч. маюць добра развітыя органы пачуццяў, у т. л. фасетачныя вочы, розныя механа- і хемарэцэптары, органы слыху. Размнажэнне палавое, зрэдку — шляхам партэнагенезу. Развіццё часта з метамарфозам. Рост магчымы праз перыядычныя лінькі. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і паразіты. Многія Ч. карысныя: ядомыя, вытворнікі каштоўных прадуктаў, апыляльнікі раслін; выкарыстоўваюцца ў барацьбе са шкоднікамі с.-г. культур. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб жывёл і чалавека, шкоднікі с.-г. культур. Адыгрываюць важную ролю ў біясферы.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2—3. 2 изд. М., 1988, 1984.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНЕ́С Марк Навумавіч (8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),

рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.​Калманоўскага, «Жураўлі» Я.​Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФЛАВАНО́ІДЫ, вітамін P,

група біялагічна актыўных арган. рэчываў — флаваноідаў (катэхіны, кверцэцін і яго глюказід — руцін, гесперыцін і інш.). Большасць біяфлаваноідаў — жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў арган. растваральніках. Актыўныя ў прысутнасці аскарбінавай к-ты. Многія біяфлаваноіды — пігменты, якія надаюць афарбоўку кветкам і пладам раслін. Найб. біяфлаваноідаў у пладах цытрусавых, ароніі, чорных парэчак, шыпшыны, у лісці чаю (асабліва зялёнага). Пры недахопе біяфлаваноідаў парушаецца пранікальнасць капіляраў, развіваецца гемарагія. Сутачная норма біяфлаваноідаў для дарослага чалавека 25—50 мг. Ужываюцца як капіляраўмацавальныя сродкі, харч. антыаксіданты, фарбавальнікі і дубільныя рэчывы.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ (Wacław z Szamotuł), Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568),

польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.​Зарэмбам (1558).

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],

водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ (Hymenogastrales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.

Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

COH(CHOH)4COOH, аднаасноўная гексуронавая к-та, якая ўтвараецца з D-глюкозы пры акісленні яе першаснай гідраксільнай групы. D-глюкуронавая кіслата пашырана ў жывёльных і раслінных арганізмах: уваходзіць у склад кіслых мукаполіцукрыдаў, некаторых бактэрыяльных поліцукрыдаў, трытэрпенавых сапанінаў, геміцэлюлоз, камедзей. Свабодная D-глюкуронавая кіслата ў невялікай колькасці ёсць у крыві і мачы жывёл. У выглядзе парных злучэнняў глюкуронавая кіслата (глюкуранідаў) з мачой выдаляюцца некаторыя прадукты абмену рэчываў, у т. л. ядавітыя (фенол, крэзол) і многія лек. рэчывы. Глюкуронавая кіслата з’яўляецца папярэднікам пры біясінтэзе аскарбінавай к-ты.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗЕ́Х (сапр. Мірза Шафі; 1796, г. Гянджа, Азербайджан — 28.11.1852),

азербайджанскі паэт, асветнік. Прадаўжальнік традыцый азерб. і перс. класічнай паэзіі. Пісаў інтымна-лірычныя і сатыр. вершы ў форме газелі, мухамаса, рубаі, месняві і інш. Паэтызаваў рамант. каханне, выступаў супраць заган феад. грамадства, занявольвання асобы, рэліг. фанатызму. Многія лірычныя вершы сталі нар. песнямі. Вазех — аўтар першай хрэстаматыі азерб. паэзіі, «Татарска-рускага слоўніка» для гімназій (з І.​Грыгор’евым). Упершыню пераклад твораў Вазеха на рус. мову (з ням.) зрабіў М.​І.​Эйферт (выд. 1880, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)