пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.

2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радня́, ‑і, ж.

1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. размяк, ‑ла; зак.

1. Стаць мяккім. Пад поўдзень асфальт на вуліцы размяк і ўспацеў чорнымі кроплямі смалы. Гарбук. Хутка .. дарога размякла, ператварыўшыся ў густую кашу, і машына спынілася. Сіняўскі.

2. перан. Стаць вялым, расслабіцца (пра фізічны стан чалавека). Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі. Маўр.

3. перан. Прыйсці ў стан душэўнай чуллівасці, стаць ласкавым, добрым. Паходня завагаўся: можна было прайсці праз парк, але і там, як і на гэтай вуліцы, пачне прыгадвацца на кожным кроку мінулае — расхвалюешся, размякнеш. Хадкевіч. [Алесь] размяк. Узяў .. [Майку] далонямі за галаву. — Ты ... не плач, — сказаў ён. — Не трэба. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́х, ‑у, м.

Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.

•••

Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураджа́й, ‑ю, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.

2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп ​1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп ​2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаны з шэрагу іншых, існуе асобна побач з іншымі. Але ў таленце асобнага чалавека скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў людзей. Адамовіч. // Некаторы, адзінкавы. [Маханько:] — Тое, што ў мінулым годзе было толькі на асобных участках, павінна перайсці на шырокія плошчы. Кулакоўскі. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. // Адасоблены ад іншых, спецыяльна прызначаны для чаго‑н.; адмысловы. Зося моўчкі пачала аглядаць: кухня і тры пакоі. І з кожнага ў кухню асобны ход. Чорны. // Своеасаблівы, адметны. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка да другіх: Гэта быў хлапчук асобны. Колас. Гэты быў нібы зусім асобны свет. Маўр.

2. Які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, што не ўваходзіць у склад больш буйнага вайсковага злучэння. Асобны батальён. Асобная брыгада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак., кім-чым.

1. Праявіць да чаго‑н. вялікую цікавасць, цалкам аддацца якой‑н. справе, занятку. Захапіцца спортам. □ Многія аднакласнікі, у тым ліку і Грыша Верас, захапіліся зборам этыкетак. Жычка.

2. Поўнасцю паглыбіцца ў які‑н. занятак, забыўшыся аб усім астатнім. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Леанід так захапіўся ўрокам, што і не заўважыў, як ён закончыўся. Шахавец.

3. Залюбавацца, зачаравацца чым‑н. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага. Галавач. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

4. Адчуць цягу, сімпатыю да каго‑н. Маша не магла забыцца, як .. [Славік] з першага позірку захапіўся ёй. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., на каго-што.

Напасці, наткнуцца на што‑н. Як звычайна, [хлопцы] накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.. А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі на лісічкі. Маўр. Прабіраючыся на ўсход, .. [Гнядкоў] на шчасце натрапіў на партызанскі атрад Прыборнага і застаўся ў ім. Шамякін. // Сустрэцца з кім‑н., выпадкова наткнуцца на каго‑н. [Волька:] — А дзе Кастусь — мы не ведаем. Можа, і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам. Чорны. Раманаў позірк усё блукаў па зале ды вось натрапіў і на Генку. Ярашэвіч.

•••

Натрапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).

Не на таго натрапіў — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)