КАНТАРЫ́НІ (Contarini) Амброджа (?—1499),

італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие А.​Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧУ́Н Уладзімір Рыгоравіч (14.3.1914, в. Кухцічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1998),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Мінскі трансп.-эканам. тэхнікум (1933), Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939).

У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з крас. 1943 на Паўд., 4-м Укр., 3, 1 і 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір авіяэскадрыллі штурмавікоў, капітан. К. зрабіў 133 баявыя вылеты на разведку і бамбардзіроўку войск праціўніка, знішчыў 27 танкаў, 112 аўтамашын з грузам і жывой сілай, 3 самалёты на аэрадромах і 2 у паветр. баі, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.

У.Р.Карачун.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1978 у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў краязн. музея гар. сярэдняй школы № 3. Адкрыты ў 1984. Пл. экспазіцыі 282 м², больш за 3,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Мае калекцыі пісьмовых крыніц, прадметаў археалогіі, нумізматыкі, зброі, ткацтва, нар. побыту, твораў выяўл. мастацтва Клімавіцкага р-на. Сярод экспанатаў бівень маманта, каменныя прылады працы 3—2-га тыс. да н.э., «Трэбнік» 2-й пал. 19 ст., мінея на крас. 1868, узоры нар. адзення, тканыя посцілкі, ручнікі, матэрыялы пра Клімавіцкія гімназіі, дзейнасць падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.

Л.​М.​Андрушкова.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РПУС ДОБРААХВО́ТНІКАЎ СВАБО́ДЫ,

аб’яднанне партыз. сіл Руху Супраціўлення ў акупіраванай ням.фаш. войскамі Італіі ў 2-ю сусв. вайну. 9.6.1944 у г. Мілан па ініцыятыве кампартыі пры К-це нац. вызвалення (КНВ) Паўн. Італіі ўтворана аб’яднанае камандаванне К.д.с. з прадстаўнікоў антыфаш. партый на чале з камуністам Л.Лонга, членам Партыі дзеяння Ф.​Пары і беспартыйным ген. Р.​Кадорна. 29.3.1945 КНВ Паўн. Італіі ператварыў партыз. фарміраванні К.д.с. (150 тыс. чал.) на беспарт. аснове ў адзіную армію (104 дывізіі, 52 брыгады) на чале з галоўнакамандуючым Кадорна (намеснікі Лонга і Пары). У крас. 1945 часці К.д.с. вызвалілі большасць гарадоў Паўн. Італіі. Расфарміраваны пасля завяршэння Італьянскай кампаніі 1943—45.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Фёдар Спірыдонавіч (н. 15.9.1913, ст. Чарназём Цвярской вобл., Расія),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падп. арг-цыі і партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1940 нач. паравознага дэпо ст. Мінск. У ліп. 1941 арганізаваў і ўзначаліў падп. арг-цыю ў паравозным дэпо, якая ўваходзіла ў Мінскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 у партызанах: нам. камандзіра роты, камісар атрада «Мсцівец», у кастр. 1943 — лют. 1944 камісар брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага. Пасля вайны на адм. рабоце на Бел. чыгунцы. Аўтар успамінаў «Чыгуначнікі Мінска ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў» у зб. «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941—1944 гг.)» (1961).

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТЫ,

урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС БЕЛАРУ́СКАЙ ЭМІГРА́ЦЫІ»,

часопіс. Выдаваўся з 1947 на бел. мове неперыядычна. Заснавальнік Л.​Галяк. Спачатку выходзіў у Германіі, з 1955 — у ЗША. У 1947—80 выйшла 14 нумароў пад назвай «Летапіс». У 1980—84 не выдаваўся. Адноўлены ў кастр. 1984 па ініцыятыве і пад рэдакцыяй М.​Панькова; выходзіў пад назвай «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі». З вер. 1985 — «Л.б.э.». Друкаваў дакументы і матэрыялы з асабістага архіва заснавальніка, па гісторыі бел. эміграцыі з 1920-х г., інфармаваў пра навіны бел. друку. Шэраг матэрыялаў надрукаваны лацінкай, на англ. і польск. мовах. Пры рэдакцыі існавалі архіў і б-ка. Да крас. 1991 выйшла 76 нумароў.

Г.​В.​Запартыка.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар. часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,

сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)