ТКАЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 27.5.1956, Мінск),

бел. баяніст, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра імя І.​Жыновіча, адначасова з 1984 у складзе трыо баяністаў пры аркестры. Сярод твораў: вальс-мазурка (1976), муз. карцінка «Ясь і Яніна» (1992), для дуэта гармонікаў у суправаджэнні аркестра «Гармонік-частушка» (2000), для нар. арк. «Серэнада», рапсодыя «Вочы чорныя» з арк. (абодва 2001), уверцюра «Святочны рэверанс», п’еса-экспромт «Натхненне» (абедзве 2002) і інш., а таксама аранжыроўкі і канцэртныя апрацоўкі нар. мелодый для трыо баянаў і інш.

М.​Р.​Солапаў.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МАШАК (Tomášek) Вацлаў Ян (17.4.1774, Скуцеч, Чэхія — 3.4.1850),

чэшскі кампазітар, піяніст, педагог. Яго творчасць вызначыла пераход ад класіцызму да рамантызму ў чэш. музыцы. Стваральнік новых фп. жанраў: лірычных эклог, рапсодый, дыфірамбаў, якія паўплывалі на развіццё лірычнай фп. мініяцюры Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана. У яго творчасці вылучаюцца вак. творы (на сл. І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ), месы і рэквіемы. Сярод інш. твораў: 2 оперы, у т. л. «Серафіна» (паст. 1811); 3 сімф. уверцюры для арк.; 2 канцэрты для фп. з арк., камерна-інстр. ансамблі. творы для фп., аргана, шклянога гармоніка і інш.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУХМА́НАЎ Давыд Фёдаравіч (н. 20.9.1940, Масква),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1983). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1963). Працуе ў розных жанрах, найб. актыўна ў жанры песні: «Мой адрас — Савецкі Саюз», «Які цудоўны гэты свет» (абедзве 1973), «Дзень Перамогі» (1975), «Радзіма мая» (1976), «Прыцяжэнне зямлі» (1977), «Дадзім шар зямны дзецям» (сл. Назыма Хікмета, 1978), «Алімпіяда-80», «Ненаглядная мая старана» (абедзве 1980). Сярод інш. твораў: кантата «За даллю — даль» (паводле А.​Твардоўскага, 1963); фп. п’есы; вак. цыклы; рок-сюіты «Па хвалі маёй памяці», «НЛА» (1970-я г.), музыка да спектакляў драм. т-ра, кінафільмаў і радыёпастановак.

т. 16, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАДАРА́КІС (Theodōrakēs) Mikic (н. 29.7.1925, в-аў Хіяс, Грэцыя),

грэчаскі кампазітар. Скончыў Афінскую кансерваторыю (1950). У 2-ю сусв. вайну удзельнік руху Супраціўлення. Аўтар твораў буйных форм: оперы «Песня загінуўшага брата» (паст. 1962), «Квартал анёлаў» (паст. 1965), «Костас Карыятатыс» (паст. 1986); балеты «Арфей і Эўрыдыка», «Каханкі з Тэруэля» (абодва 1958), «Антыгона» (1959) і інш.; тв. для сімф. арк., вак. цыклы і танцы, песні, музыка да кінафільмаў і спектакляў. Аўтар кніг «Пра навагрэчаскую музыку» (1961), «Анатомія музыкі» (1983), аўтабіяграфіі «Шляхі архангела» (т. 1—4, 1986). Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1983.

т. 16, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РКАШ (Farkas) Ферэнц (н. 15.12.1905, г. Надзьканіжа, Венгрыя),

венгерскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1970). Вучань А.Рэспігі. Выкладаў у муз. вучылішчы ў Будапешце, у кансерваторыі г. Клуж-Напока (з 1941 праф., з 1944 дырэктар) і інш., у 1949—75 праф. Вышэйшай муз. школы ў Будапешце. Муз. стыль сфарміраваўся пад уплывам венг. муз. фальклору, венг. і італьян. традыцый прафес. музыкі. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Чароўны куфар» (паст. 1942), аперэты, у т. л. «Чынам Палка» (паст. 1950), балеты, сімф. творы, камерна-інстр. музыка, канцэрціна для арфы з арк. (1937), музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕТЫ́С (Fétis) Франсуа Жазеф (25.3.1784, г. Монс, Бельгія — 26.3.1871),

бельгійскі музыказнавец, кампазітар, педагог. Вучань Л.​Керубіні і Ф.​А.​Буальдзьё. З 1821 праф., з 1826 гал. бібліятэкар Парыжскай кансерваторыі, з 1833 дырэктар Брусельскай кансерваторыі і кіраўнік Каралеўскай капэлы. Кіраўнік франц. і бельг. музыказнаўчых школ сярэдзіны 19 ст. Адзін з заснавальнікаў параўнальнага і гіст. музыказнаўства. Упершыню ў Францыі ўвёў паняцце муз. эстэтыкі, заснавальнік прафес. муз. крытыкі. Аўтар фундаментальных прац па лексікаграфіі і гісторыі музыкі. Сярод муз. твораў оперы, сімфоніі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — О философии и поэтике музыки // Музыкальная эстетика Франции XIX в. М., 1974.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́КЛЬТЭР (Zelter) Карл Фрыдрых (11.12.1758, Берлін — 15.5.1832),

нямецкі кампазітар, хормайстар, педагог, дырыжор. Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў у Берліне (1806, з 1809 праф.). З 1800 кіраўнік Пеўчай акадэміі ў Берліне. Заснаваў першае ў Германіі аматарскае мужчынскае хар. т-ва (т.зв. лідэртафель, 1809), ін-ты царк. і школьнай музыкі ў Кёнігсбергу (1814), Брэславе (1815), кіраўнік Каралеўскага ін-та царк. музыкі (з 1822), заг. муз. аддзела Берлінскай каралеўскай б-кі. Аўтар больш як 200 песень, у т. л. 75 на тэксты І.​В.​Гётэ, хароў, кантат, тэатр. музыкі і інш. Сярод вучняў Я.Л.Ф.Мендэльсон, Дж.Меербер, К.О.Э.Нікалаі.

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАДНІЧЭ́НКА Уладзімір Ільіч (3.10.1930, с. Архангельскае Слаўгарадскага р-на Алтайскага краю, Расія — 12.3.1994),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, кл. А.Багатырова). З 1959 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.​Глінкі. У 1964—66 дырыжор-кансультант эстр. калектываў бел. філармоніі. Творам Ч. ўласцівы меладызм, эмацыянальная выразнасць і пранікнёнасць, дасканалая форма. Аўтар 2 сімфоній (1959, 1985); уверцюр «Веснавая» (1964) і «Святочная» (1968) для сімф. арк.; сюіты (1964) і канцэрта для баяна (1967) з арк. нар. інструментаў; кам.-інстр. музыкі, раманса для валторны і фп. (1964), хароў, музыкі да кінафільмаў і інш.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 17, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСТАЙН (Bernstein) Леанард (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),

амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.​Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАІЛО́ЎСКІ Уладзімір Веньямінавіч (н. 4.1.1947, Масква),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)