ЛЫ́БІН Дзмітрый Віталевіч (н. 27.6.1963, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1986), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладаў у Бел. харэаграфічным вучылішчы, з 1988 у Бел. пед. ун-це. У творчасці спалучае традыцыйныя і авангардныя метады кампазіцыі. Сярод твораў: кантаты «Беларускія песні» на нар. тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф.​Цютчава (1998); «Псалом IX» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, 2 туб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімф. арк. (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага арк. (1997); «Апошняя працэсія» для 2 фп., трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для падрыхтаванага фп.; хар. цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных; вак. цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А.​Блока).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСА́КАВА Марыя Пятроўна (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.​Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.​Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.​Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.

Літ.:

М.​П.​Максакова: Воспоминания. Статьи. М. 1985.

М.П.Максакава.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ Кірыл Уладзіміравіч (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял. т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.​Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.​Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.

Літ.:

Корев Ю.​К.​Молчанов. М., 1971.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛІКАЎ Арыф Джангіравіч (н. 13.9.1933, Баку),

азербайджанскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Азербайджана (1965). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Азерб. кансерваторыю (1958, клас К.Караева), з 1958 выкладае ў ёй (з 1979 праф.). Сярод твораў: балеты «Легенда пра каханне» паводле Назыма Хікмета (паст. 1961), «Двое» (паст. 1969), «Паэма двух сэрцаў» (паст. 1982); аперэта «Хвалі» (паст. 1967); кантата «Голас зямлі» (1972), вак.-сімф. паэма «Радзіма» (1964); 6 сімфоній (1958—85); сімф. сюіты; сімф. паэмы (1957—86, у т. л. «Казка», «Памяці М.​Фізулі», «Метамарфозы», «Апошні перавал», «Гераічная паэма»), «Сімфанічныя карціны» (1985); сюіты для арк. нар. інструментаў; 2 цыклы рамансаў на словы Назыма Хікмета (1962, 1984); саната для скрыпкі; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Азербайджана 1986.

Літ.:

Алекперова Н. А.​Меликов: Страницы жизни и творчества. Баку, 1988.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА Ларыса Фёдараўна (н. 17.5.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 дацэнт), у 1978—88 адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі. У яе творчасці пераважаюць камерна-інстр. і вак. жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нац. муз. фальклору. Сярод твораў; кантата «Замчышча» на словы Я.​Купалы, канцэрт для фп. з арк. (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фп., саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фп. (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я.​Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА Нона Сяргееўна (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙСКІ Барыс Іпалітавіч (3.9.1915, г. Іркуцк, Расія — 17.2.1993),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыў Харбінскае вышэйшае муз. вучылішча (Кітай, 1932). З 1947 у СССР. З 1957 гал. дырыжор аркестра Мінскага цырка. У 1961—88 гал. дырыжор і маст. кіраўнік канцэртна-эстр. арк. Бел. тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Зорка Венера» Ю.​Семянякі, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Матухна Кураж» С.​Картэса, радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца» і «Маленькі прынц» Я.​Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.​Суруса, вак.-сімф., сімф. і эстр. твораў і песень бел. кампазітараў для Бел. тэлебачання і радыё, грамзапісы і інш. Аўтар аранжыровак для эстр. і сімф. аркестраў.

А.​А.​Друкт.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́ЛЬЧАНКА Аляксандр Аляксеевіч (н. 5.12.1911, Кіеў),

бел. балетмайстар, дзеяч самадз. мастацтва. Нар. арт. Беларусі (1959). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Гомельскім траме (1931—35) пад кіраўніцтвам Е.​Міровіча і К.​Алексютовіча. У 1935—37 акцёр Гомельскага калгасна-саўгаснага т-ра, адначасова ў 1936—41 і 1945—58 кіраўнік танц. калектыву Гомельскага клуба чыгуначнікаў, у 1958—82 балетмайстар і маст. кіраўнік Гомельскага нар. ансамбля песні і танца, у 1945—82 адначасова маст. кіраўнік Гомельскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў. Яго пастаноўкі адметныя глыбокім сцэнічным увасабленнем самабытнага нар. мастацтва, пераканальным рэжысёрскім вырашэннем, яркай тэатральнасцю. Сярод іх: вак.-харэагр. кампазіцыі, у т. л. «Над светам голуб міру пралятае», «Беларусь — мая песня», «Непераможная і легендарная», «З песняю — у дарогу»; тэматычныя праграмы; танцы, у т. л. бел. нар. «Лявоніха», «Мяцеліца», «Таўкачыкі».

Ю.​М.​Чурко.

А.А.Рыбальчанка.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ДЗІГЕР Пётр Васілевіч (н. 24.8.1949, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. і расійскі арт. аперэты (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1974). Працаваў у Куйбышаўскім т-ры оперы і балета. З 1977 у Белдзяржкансерваторыі, у 1978 і з 1981 у Бел. дзярж. муз. т-ры. У 1978—81 у Ленінградскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучаецца высокім узроўнем майстэрства, багатай вак. культурай. Сярод партый на бел. сцэне; Дзяніс («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Доктар («Мільянерша» Я.​Глебава), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Карамэла («Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Янга («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Мікіта («Халопка» М.​Стрэльнікава), Беня («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна) і інш.

П.В.Рыдзігер.
П.Рыдзігер у ролі графа Данілы.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАГАРЭ́НКА Андрэй Якаўлевіч (15.10.1902, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1992),

украінскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1972). Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1936, кл. С.​Багатырова). З 1954 рэктар, у 1968—89 заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі (з 1960 праф.). У творчасці пераважаюць вак.-сімф. і сімф. жанры: 6 сімфоній (1943—83), у т. л. сімфонія-кантата «Украіна мая» (1943), 5 сюіт, у т. л. «Памяці Лесі Украінкі» (1951), канцэрты для інструментаў з аркестрам, у т. л. канцэрт-сюіта для фп. «Партызанскія карціны» (1959), камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., музыка для драм. т-ра, кіно і інш. З 1948 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, адначасова ў 1968—89 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны 1974.

Літ.:

Творчість А.​Штогаренка. Київ, 1979.

А.Я.Штагарэнка.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)