парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.
Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКА (Orcinus orca),
адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.
Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,
аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНО́Е ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
комплекс тэлевізійнай апаратуры для перадачы і прыёму візуальнай інфармацыі для навук., арганізац., вытв. і інш. прыкладных мэт. У адрозненне ад вяшчальнага тэлебачання П.т. разлічана на прыём відарыса абмежаванай колькасцю прыёмнікаў і з’яўляецца замкнёнай тэлевізійнай сістэмай.
Бывае чорна-белае, каляровае, мона- і стэрэаскапічнае, шматракурснае і галаграфічнае. Кіраванне тэлевізійнай перадавальнай камерай, як правіла, дыстанцыйнае. Лінія сувязі (кааксіяльны кабель, аптычнае валакно, радзей радыёлінія) перадавальнай і прыёмнай апаратуры мае невял. працягласць. Параметры сістэм П.т. вызначаюцца галіной іх выкарыстання. Апаратура П.т. можа ўстанаўлівацца ў агрэсіўных асяроддзях, пад вадой, у месцах з павышанай радыяцыяй, высокай т-рай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНІЦА,
возера ў Гродзенскім р-не, у бас.р. Пыранка (цячэ праз возера і злучае яго з воз.Белае), за 20 км на У ад г. Гродна. Пл. 2,48 км², даўж. 4,76 км, найб.шыр. 900 м, найб.глыб. 7,7 м, даўж. берагавой лініі 12,4 км. Пл. вадазбору 403 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнЗ да 17 м), пад хмызняком, участкамі разараныя. Берагі на З і ПнЗ зліваюцца са схіламі. Шмат заліваў. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Упадае р. Стрыеўка. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КА (Pica pica),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, зах. абласцях Паўн. Амерыкі. На Беларусі шматлікі, звычайна аселы від. Зімой вандруе невял. чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў, асабліва сельскага тыпу. Селіцца ў драбналістых лясах, сярод балот і палёў, у поймах рэк, гаях, парках.
Даўж. цела да 48 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантрастнае, чорна-белае з зеленавата-сіняватым бляскам. Хвост доўгі, ступеньчаты. Гняздо будуе ў густых галінах куста або дрэва. Кладка — 5 (6—8) яец. Усёедная. Корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харч. адкідамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙВА́Л, сайдавы кіт (Balaenoptera borealis),
млекакормячае сям. паласацікавых падатр. бяззубых кітоў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Антарктыкі.
Даўж. цела дарослых самцоў да 18,8 м, самак да 21 м, маса да 16 т, даўж. нованароджанага 4—5 м. Афарбоўка спіны ад сінявата-чорнай да чорна-шараватай, бруха — ад шэрай да белай. Паднябенне вузкае, белае ці ружовае; па яго баках 300—400 чорных пласцін кітовага вуса выш. да 80 см. Корміцца ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, чароднымі рыбамі, напр. сайдай (адсюль другая назва). Нараджае 1 дзіцяня раз у 2 гады. Промысел забаронены з 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТАЎКІ, пліскі (Motacilla),
род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць на адкрытых прасторах у тундрах, стэпах, на балотах, лугах, некат. ў лясах і зарасніках. На Беларусі 3 віды С.: белая (M. alba), жоўтагаловая (M. citreola), жоўтая (M. flava).
Даўж. цела да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне чорнае, белае, шэрае, жоўтае і зеленаватае. Ногі тонкія і доўгія, добра прыстасаваныя для перамяшчэння па зямлі. Хвост доўгі, ім С. пастаянна патрэсваюць (адсюль рус. назва трясогузки). Насякомаедныя. У кладцы 2—7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́ (Pandion haliaëtus),
драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.