род млекакормячых жывёл сям. гладканосых (звычайных) лятучых мышэй атр. рукакрылых. Больш за 80 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. Жывуць у розных ландшафтах, у сховішчах, адзіночнымі асобінамі, групамі, калоніямі. Зімой упадаюць у спячку. У Чырв. кнізе МСАП 2 віды: Н. шэрая (M. grisescens) і індыйская (M. sodalis). На Беларусі 5 відаў: Н. вялікая (M. myotis), Натэрэра, або раснічастая (M. nattereri), сажалкавая (M. dasycneme) — занесены ў Чырв. кнігу; вусатая (M. mystacinus) і вадзяная, або Н.Даўбентона (M. daubentoni). Трапляюцца ў дуплах дрэў, пабудовах, часта непадалёку ад вады.
Даўж. 3,5—8,5 см. Поўсць густая, пушыстая, бурая з рознымі адценнямі, зверху больш цёмная. Вушы сярэдніх памераў. Крылы тупыя, шырокія. На нагах лятальная перапонка. Кормяцца насякомымі (акрамя 3 рыбаедных відаў). Нараджаюць 1 дзіцяня ў год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАНЧЫК (Пётр Іванавіч) (н. 20.4.1932, в. Слабада Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аграноміі. Чл.-кар. Акадэміі агр.н. Беларусі (1992), д-рс.-г.н. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1963 у Бел.НДІ земляробства, з 1988 у Бел.НДІ земляробства і кармоў (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы комплексных, рэсурсазберагальных, эканамічна і экалагічна абгрунтаваных сістэм выкарыстання зямлі на прынцыпах адаптыўнай інтэнсіфікацыі земляробства, удасканаленні глебава-экалагічных севазваротаў і структуры пасяўных плошчаў для розных тыпаў глеб і спецыялізацыі гаспадарак, спалучэнні іх з сістэмамі ўгнаенняў, апрацоўкі глебы і аховы раслін ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў.
П.І.Ніканчык.
Тв.:
Интенсивное использование пашни. Мн., 1995;
Проблемы севооборотов в условиях интенсификации земледелия // Весці Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 2;
Основные направления развития современного земледелия // Науч. тр. по земледелию и растениеводству. Жодино. 1999. Вып. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм.акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́СКА,
від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб.стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розныхгеам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
розныя формы размнажэння арганізмаў, пры якіх новы арганізм развіваецца з зіготы, што ўтвараецца пры зліцці жаночай і мужчынскай палавых клетак (гамет). Зліццё генетычна розных гамет пры апладненні прыводзіць да ўзнікнення неідэнтычных асобін, што павялічвае зменлівасць патомства і спрыяе натуральнаму адбору. Узнікненне ў працэсе эвалюцыі П.р. звязана з развіццём полу — сукупнасці палавых адзнак, якія забяспечваюць палавы працэс. Уласціва ўсім эўкарыётам, але пераважае ў жывёл і вышэйшых раслін. Кан’югацыя ў інфузорый і некат. бактэрый па генет. значэнні блізкая да П.р. таму, што суправаджаецца абменам спадчынным матэрыялам. Эвалюцыйна пазней узнікла рэдукаваная форма П.р. — партэнагенез. Побач з раздзельнаполымі жывёламі ёсць шмат груп жывёл, якім уласцівы гермафрадытызм. У залежнасці ад формы, адноснай велічыні і рухомасці гамет рознага полу адрозніваюць наступныя тыпы палавога працэсу: аагамію, гетэрагамію, ізагамію. Гл. таксама Бясполае размнажэнне, Вегетатыўнае размнажэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),
тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫТЭ́Т (ад лац. paritas роўнасць),
1) прынцып роўнага прадстаўніцтва бакоў; азначае таксама роўнасць, раўнапраўе, раўнацэннасць, роўнае становішча. У міжнар. праве — парытэтны прынцып азначае дагаворнае абавязацельства ўстанавіць для замежных грамадзян і юрыд. асоб такі статус, якім карыстаюцца грамадзяне і юрыд. асобы дадзенай краіны. Найб. пашыраны пры пагаджальным разглядзе прац. і інш. канфліктаў у арбітражах.
2) П. валютны — суадносіны паміж валютамі розных краін. У эпоху абарачэння золата (серабра) у якасці грошай і пры свабодным абмене папяровых грошай на золата (да 1-й сусв. вайны 1914—18) ужываўся манетны П. (па колькасці чыстага золата, якое ўтрымлівалася ў грашовай адзінцы). Ва ўмовах абарачэння неразменных на золата папяровых грошай — валютны П. (па колькасці золата, якое афіцыйна ўстанаўліваецца ўрадам у нац. грашовай адзінцы). Валютны П., які змяняецца дзяржавай у залежнасці ад руху цэн унутры краіны і пакупной сілы замежнай валюты, называецца П. пакупной сілы валют.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розныхадм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна
(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),
бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел.нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.