*Зары́ць, зоры́ты ’спаліць (на сонцы збожжа)’ (кобр., Жыв. сл.), зоры́тысь ’даспяваць’, ’загараць’ (драг., Клім.). Рус. дыял. зо́рить ’пакідаць на корані для даспявання, даспяваць’. Славен. zoríti ’рабіць спелым’, серб.-харв. зо̀рити ’стаць спелым’. Ц.-слав. зорити ’даць даспець’. Таго ж кораня, што рус. зреть ’спець’ з іншай ступенню чаргавання галоснага: *zьr‑/*zor‑ з і.-е. *gʼer‑ ’спець, старэць, церці’: грэч. γέρων ’стары’, ням. Kerl уст. ’стары чалавек’, да гэтага ж кораня зерне. Старое значэнне захавалася ў зоры́тысь ’даспяваць’, адкуль ’спаліць (тое, што раскладзена на сонцы для даспявання)’. Фасмер, 2, 104–105; Траўтман, 371–372; Покарны, 1, 390–391; БЕР, 1, 656. А. Ф. Жураўлёў (пісьм. паведамл.), указваючы на абрад выстаўлення зерня для даспявання пад свет зорак, дапускае магчымасць сувязі з зорка, зорыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Злы. Рус. злой, укр. злий ’тс’, польск., серб.-луж. zły ’кепскі, злы’, чэш., славац. zlý ’тс’, славен. zál, zèl ’злы’, ’някепскі’, серб.-харв. за̏о, балг. зъл, макед. зол. Ст.-слав. зълъ ’кепскі, злы’. Ст.-рус. зълый ’кепскі, злы’, ’варожы, грэшны’ (XI–XII стст.). Прасл. zъlъ, верагодна, мела значэнне ’кепскі’, адкуль потым развіваліся іншыя значэнні. Выводзяць з і.-е. *gʼhu̯el ’згінацца (у тым ліку духоўна)’, да якога адносяць іран. zūr ’хлусня’, ст.-грэч. φαλός ’дурны’, φῆλος ’зманлівы’, лац. fallo ’падманваю’, літ. atžúlas ’цвёрды, злы’. Шанскі, 2, З, 95; Фасмер, 2, 99 (дзе і літ-ра); Махэк₂, 716; Скок, 3, 642–643; БЕР, 1, 663–664; Абаеў, Этимология, 1966, 252; Траўтман, 372–373; Покарны, І, 489–490. Пра ст.-бел. ужыванне слова гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 87–89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знаць ’ведаць’. Рус. знать, укр. зна́ти, польск., в.-луж. znać, н.-луж. znaś, палаб. znot, чэш. znáti, славац. znať, славен. znáti, серб.-харв. зна̏ти, балг. зна̀я, знам, макед. знае. Ст.-слав., ст.-рус. знати ’ведаць’. Прасл. zna‑ti < і.-е. *gʼen‑, *gʼno‑ ’ведаць’: літ. žinóti, лат. zinât ’ведаць’, ст.-прус. po‑sinna ’пазнаю’, ням. kennen ’ведаць’, лац. co‑gnosco ’пазнаю’, ст.-інд. jānȃmi ’ведаю’, грэч. γιγνώσκω ’пазнаю’ і інш. Фасмер, 2, 100–101; Махэк₂, 717; БЕР, 1, 650; Траўтман, 371; Покарны, 1, 376. І.‑е. *gʼen‑ ’ведаць’ ад і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’ праз значэнні ’нараджацца, быць родзічам’ > ’ведаць чалавека’ Трубачоў, История, 154–157; Шанскі, 2, З, 101; іншы ход той жа сувязі: праз ’нараджаць’ > ’прымаць’ > ’даведвацца’ (Скок, 3, 658–659). Гл. яшчэ зяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́нка ’клопат, куды ўстаўляецца млён’ (паўн.-усх., ЛА, 4), ’лёстка ў драбіне’ (дубр., ЛА, 4), ’вязы ў санях’ (дубр., ЛА, 2), ’дзверцы ў стаячым вулеі’ (чавус., клім., ЛА, 1); пла́нкі ’ручкі ў падушцы воза, да якіх прымацоўваюцца драбіны’ (віц., маг., брагін., рэч., ЛА, 2), ’доўгія бярвенні, што кладуцца уздоўж моста ля яго краёў для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк. Сл.). З рус. пла́нка ’ліштва, дошчачка’, ’дошка, брус’, якое з нова-в.-ням. Planke ’дошка’, ’маснічына’ < с.-лац. planca ’тоўстая дошка’ < лац. phalanga ’насілы для пераноскі цяжкага грузу’ < ст.-грэч. φάλαγξ ’прадаўгаваты кавалак бервяна’, φάλαγγαι ’бэлькі, бярвёны’ (Фасмер, 3, 273; Васэрцыер, 174). Сюды ж бел. пла́нка ’палоска з дрэва, металу, тканіны’ (ТСБМ), ’вышытая паласа ў кашулі спераду ад каўняра ўніз’ (Касп.; ветк., гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёстры ’стракаты’ (круп., чэрв., бялын., шкл., маг., чавус., мсцісл., рэч., Жыв. св.), пёстрая (карова) ’пярэстая’ (паўн. і ўсх.-маг., ЛА, 1), укр. пістря́вий, пістри́й, зах. пістряк ’вяснушка’ (на твары), ’плямы (на вымені)’, рус. пёстр, пёстрый, польск. pstry, ст.-чэш. pestr, pstrý, чэш., славац. pestrý, славен. pȅster, балг. пъ́стръ ’стракаты, рознакаляровы’, ц.-слав. пьстръ ’розны’. Прасл. *pьstrь. Суф. ‑rъ, як у іншых назвах колераў: rъdrъ ’руды’, modrъ ’сіні’, sěrъ ’шэры’, ‑t‑ устаўное (Махэк₂, 446). Да асновы-кораня *pьs‑, звязанага чаргаваннем з піса́ць (гл.). Роднаснае літ. paĩšas ’пляма ад сажы’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’, ст.-інд. pḗças ’колер’, авест. paēsa‑ ’тс’, ст.-в.-ням. fêh ’стракаты’ (Фасмер, 3, 251), ст.-інд. śilpá‑ < piślā‑ < *piśra‑ (Тадэска, Language, 23, 383; Бязлай, 3, 28). Сюды ж пярэсты, стронга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пік1 ’хутка што-небудзь выкінуць, выставіць на від’; у выразе: пік яму ў нос яго ж дабром’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да пікаць1 (гл.).

Пік2 ’смала, вар’, пі́ка ’бітум, вараная смала’ (Ян., ТС). З н.-ням. Pick ’смала’, якое, як і англ.-сакс. pic, англ. pitch, з лац. pix ’смала’, калькі са ст.-грэч. πίσσα, атычн. πίττα ’тс’ < *piki̯a.

Пік3 ’касцявы мозг (ТС). Усечаная форма лексемы шпік ’тс’ (гл.).

Пік4: гадзіны пік ’час вышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.’ (ТСБМ). З рус. часы пик, якое з’яўляецца паўкалькай англа-амерыканск. peak hours ’тс’ (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 136).

Пік5 ’спічастая вяршыня гары’ (ТСБМ). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 86) з франц. pic ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 12, 340; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́ўры-га́ўры ‘назва міфічных істот; сабакі міфічнага князя Боя’ (Гарэц.), стаўры́, гаўры ‘назва міфічных істот’ (Др.-Падб.), стаўроўскія дзяды, ста́ўры‑гаўры ‘чацвер велікоднага тыдня’ (Інстр. 2), ‘свята 13 верасня па ст. ст., узвіжанне божае’: “На гэтае свята пякуць для кожнага члена сям’і булачкі. «Ставры гавры (кажа гаспадар) — Гаммъ (адказваюць усе члены сям’і)»” (бягом., Яшк. Мясц.); сюды ж прозвішча Ста́вар (Бірыла, Бел. антр.). Рус. ставры́ точи́ть ‘балбатаць, малоць лухту’, серб.-харв. Stȃvra, Staver (уласнае імя). Сабалеўскі (у Фасмер, 3, 742) мяркуе, што першая частка ад грэч. στανπόσ ‘крыж’. Параўн. бел. аргат. ставер ‘крыж’ таго ж паходжання (Рам., 9). Другая частка незразумелая, магчыма, проста рыфмаваная, але, улічваючы заўвагу пра сабак, мабыць, ад гукапераймальнага гаў з канчаткам як у стаўры. Гл. яшчэ Санько, Бел. міф.₂, 488–489.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарас1, ст.-бел. тарасъ ’рухомае абложнае прыстасаванне; заслону’ (1568 г., КГС), ’заслона; турма’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́ра́с ’хмызняк; галлё для гаці’, рус. та́рас ’апора’, ст.-рус. тарасъ ’рухомае прыстасаванне пры аблозе’, польск. taras ’штучны насып; тэраса; вежа, турма’. Выводзяцца праз польскую мову з с.-в.-ням. tarraz ’земляны насып’, франц. terrasse ’тс’ з нар.-лац. *terrācea ад лац. terra ’зямля’ (Брукнер, 565; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Трубачоў, Дополн., 4, 23; ЕСУМ, 5, 521; Махэк₂, 636). Параўн. тэраса, гл.

Тара́с2 ’пра жанчыну або дзяўчыну, што сваім выглядам або паводзінамі падобна да мужчыны’ (мазыр., Грыгор’еў, вусн. паведамл.). Да мужчынскага імя Тарас (< грэч. Τεράσιος), магчыма, пад уплывам Кур’ян (Бірыла, Бел. антр. 2), суадноснага з кур’ян ’курыца з прыкметамі пеўня’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тула́ч ‘бягляк, уцякач, які хаваецца’ (Нас.), ‘выгнаннік, бадзяга’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. тулачъ ‘туляга, бадзяга’ (ГСБМ). З польск. tułacz ‘тс’, сінанімічнага да tułakчэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), якое з tułać się ‘бадзяцца, блукаць; вандраваць’, што да старой асновы tuł‑ ‘усоўваць, улазіць’ (Брукнер, 584). Паводле Махэка₂ (648), названы дзеяслоў разам з чэш. toulati se, славац. túlať sa ўзнік шляхам метатэзы пачатковых складоў з lutati ‘тс’, якое захавалася ў харв. lútati, серб. лу́тати, макед. лута, балг. лу́там се ‘тс’ < прасл. *lou‑tā‑ti > *lutati; першасны дзеяслоў можна звязаць са ст.-грэч. άλύω (з α‑пратэтычным) ‘бадзяюся’ (у Гамера), што наогул цяжка давесці. Лічыцца, што асновы на цвёрды і мяккі зычны маюць адно паходжанне (Борысь, 653). Параўн. туляч, туляць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)