«ПО́ЛАЦАК».
беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.
А.С.Ляднёва, А.Я.Белы.
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас. р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎШЧЫНСКІ ПАКА́З, Пятроўшчынскае прадстаўленне,
адна з першых пастановак на бел. мове, якая адбылася 20.4.1906 у б. маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска). Арганізатары А.Бурбіс, А.Уласаў, С.Кукель і інш. Была пастаўлена камедыя М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Да спектакля выпушчана рукапісная праграма, у якой пад псеўданімамі названы перакладчык (Апанас К.; дакладна не ўстаноўлена, гэта Н.Чарноцкі ці Кукель) і выканаўцы [К.Лявончык, Тодар Гус, Л.Квач, А.Каліна, Б.Дзяргач (Бурбіс)]. Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў муз. суправаджэнні (цымбалы, скрыпка, бубен). Прагучалі таксама вершы Я.Купалы «Што ты спіш?..», «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!» у выкананні Бурбіса.
В.У.Скалабан.
т. 13, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),
найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс. км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.
т. 13, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.
Тв.:
Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
За спиной двадцатый век. Мн., 1999.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 13, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).
В.А.Окунеў, А.А.Мініч.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.
т. 14, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́ДАВЫЯ (Sarcodina),
падтып прасцейшых; 3 кл.: караняножкі, прамянёвікі і сонечнікі (па інш. класіфікацыях С. — падтып з 8 кл. або клас з 4 падкл.). Больш за 11 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах, глебе, ёсць паразітычныя формы. Удзельнічаюць ва ўтварэнні асадкавых парод. Выкапнёвыя (фарамініферы) вядомы з кембрыйскага перыяду.
Памеры ад некалькіх да сотняў мікраметраў. Арганелы руху і захопу корму — часовыя цытаплазматычныя адросткі — псеўдаподыі. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальныя вакуолі, некат. — унутраны і вонкавы мінер. шкілет. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажэнне бясполае (дзяленне напалам, розныя формы пачкавання) і палавое (узнікаюць жгуцікавыя ці амёбападобныя гаметы).
т. 14, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)